Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Інданэзіяй і Батсванай. Беларусь яшчэ больш апусьцілася ў рэйтынгу інавацыйнага індэксу


Згодна з апошнімі дадзенымі Global Innovation Index-2017 (Глябальны інавацыйны індэкс), Беларусь страціла 9 пазыцый у параўнаньні з папярэднім годам і 35 на фоне пазалеташняй статыстыкі. Гэта горшы паказьнік за апошні час.

У сёлетнім рэйтынгу інавацыяў Беларусь знаходзіцца на 88-м месцы са 127 краінаў. Год таму было 79-е, а ў 2015-м — 53-е. Суседзі Беларусі ў Global Innovation Index-2017 — Інданэзія і Батсвана.

Лідэрскія пазыцыі ўжо традыцыйна займаюць Швайцарыя, Швэцыя, Нідэрлянды, ЗША, Вялікая Брытанія, Данія, Сынгапур, Фінляндыя, Нямеччына, Ірляндыя. Замыкае сьпіс Емэн.

Самымі слабымі месцамі Беларусі, паводле складальнікаў, — недасканалая нарматыўна-прававая база, «гнуткае» вяршэнства права, праблемы крэдытаваньня, нязначныя вэнчурныя зьдзелкі, слабыя інавацыйныя сувязі і г.д.

Да плюсоў беларускай мадэлі адносяцца ўзровень адукацыі, параўнальна просты мэханізм адкрыцьця бізнэсу, працэнт кваліфікаваных работнікаў і некаторыя іншыя.

У абноўленым індэксе інавацый Беларусь мае найгоршую пазыцыю сярод краінаў-суседак: Латвія займае 33 радок, Польшча — 38-ы, Літва — 40-ы, Расея — 45-ы, Украіна — 50-ы.

Глябальны інавацыйны індэкс публікуецца, пачынаючы ад 2007 году. Яго рыхтуюць Карнэльскі ўнівэрсытэт ЗША, школа бізнэсу INSEAD і Ўсясьветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасьці.

Экспэрты складаюць рэйтынг на падставе 81 крытэру, пачынаючы ад узроўню навукова-дасьледчых працаў і да аб’ёму выдаткаў на адукацыю. Усе паказьнікі аб’яднаныя ў сем асноўных групаў: інстытуты, чалавечы капітал і дасьледаваньні, інфраструктура, разьвіцьцё рынку, разьвіцьцё бізнэсу, дасягненьні ў галіне ведаў і тэхналёгій, творчая дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG