Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер і Вераніка — валянтэры Чырвонага крыжа — у лютыя беларускія маразы ратуюць кіроўцаў на менскай кальцавой.

Рэйд пачынаецца пад восьмую вечара. Валянтэрскай машынай кіруе Вераніка. Яна пад’яжджае да кожнага аўтамабіля, які стаіць на аварыйцы, ці да тых, якія проста стаяць на ўзбочыне. Правярае — ці ёсьць хто ўнутры. Так мы спыняемся каля цёмнага «опэля» — у ім ужо паўгадзіны сядзяць пры мінус 20° жанчына і дзяўчынка. У іх скончылася паліва і кіроўца выправілася пехам на бліжэйшую запраўку. Замерзлых пасажырак валянтэры адводзяць грэцца ў сваю машыну.

«Звычайна ці акумулятар сеў, ці паліва кепскае ці проста скончылася, — Зьміцер тлумачыць, якія непрыемнасьці могуць здарыцца з машынай у маразы. — Можам у машыне абагрэць, прапанаваць гарбату, каву. Можам дацягнуць да запраўкі і там пакінуць».

Пакуль мы размаўляем, вяртаецца зусім зьмерзлая кіроўца. Валянтэры заліваюць у бак яе машыны прынесенае паліва, выратаваныя жанчыны дзякуюць, і мы разьвітваемся.

«У нас так кожную зіму — калі сьнегапад, маразы, — апавядае Зьміцер. — Мы супрацоўнічаем з групай узаемадапамогі на дарогах. Просім у іх дапамогі». Ён кажа, што ў гэты вечар па кальцавой «катаецца» каля 10 брыгад.

Загрузнуць у халоднай машыне пры −20 удалечыні ад цяпла і паліва — так сабе прыгода. Нават калі табе паабяцалі дапамогу, чакаць давядзецца ў сярэднім паўгадзіны. Паводле слоў Зьмітра, дапамагаць кіроўцам проста на дарозе мала хто пагаджаецца. «У мяне ў машыне заўжды ёсьць цёплая куртка, трос, драты для акумулятара», — кажа ён. Да таго ж валянтэры Чырвонага крыжа абавязкова праходзяць курс першай мэдычнай дапамогі і пры патрэбе могуць дапамагчы. На шчасьце, такіх выпадкаў не было.

Аўтамабіляў на дарозе нашмат менш, чым звычайна ў пятніцу. І нашмат больш тых, што стаяць уздоўж дарогі на аварыйках ці проста пакінутыя без кіроўцаў і з замерзлымі шыбамі. Такіх ня менш за паўтара дзясятка. «Кагосьці сябры, сваякі падбіраюць, — распавядае Зьміцер. — Хтосьці сам ідзе, пакінуўшы машыну». Ён кажа, што збольшага людзі паводзяць сябе правільна: зьвяртаюцца па дапамогу, тэлефануюць у ДАІ. Але такія маразы самі па сабе экстраная сытуацыя.

Валянтэр наракае, што людзі ня надта дбаюць пра падрыхтоўку аўтамабіля да зімы, катаюцца з паўпустым бакам, а часам і апранаюцца не па сьцюжы. «Яшчэ бывае, пад’яжджаеш, а чалавек кажа: „не, у мяне ўсё добра“. Ну, едзеш далей, па другім коле вяртаешся — а ён усё стаіць, мерзьне».

Вельмі часта бачым машыны ДАІ, якія таксама дапамагаюць кіроўцам альбо проста дзяжураць на трасе.

Людзі за дапамогу ўдзячныя, але выказваюць яе стрымана, хіба ад марозу.

Яшчэ адна ахвяра маразоў — хлопец, у якога замерзла паліва. Ягонае аўта Вераніка чапляе да сваёй маленькай машыны і адвозіць на бліжэйшую запраўку.

«Мне ў задавальненьне, і пытаньняў у мяне не ўзьнікае, — кажа дзяўчына. — Пытаньні бываюць у мужчын, калі бачаць, што дзяўчына спыняецца, але ж няможна чалавека кінуць у бядзе. Калі едзеш і бачыш, што машыны на аварыйцы стаяць кожныя 10-15 хвілінаў, то ясна, што нешта здарылася».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG