Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начлежка, падвалы, зямлянка, — як беспрытульнікі ратуюцца ад сьцюжы


Бяздомны пад гаўбцом у маразы. Спадзеў, што пашанцуе перабыць сьцюжу

Беларусь апанавалі маразы. Сыноптыкі прагназуюць пахаладаньне да мінус 30 градусаў. У гарадах адкрываюцца пункты абагрэву і гарачага харчаваньня. Наведваюць іх і бяздомныя.

У студзеньскія халады цэнтры знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства не пустуюць. Бадзягам, якім не пашанцавала трапіць туды, ратуюцца ад маразоў у пад’ездах альбо спадзяюцца на жытло сваіх знаёмцаў. Тым, хто ня мае і такога выбару, даводзіцца спадзявацца, што ім пашанцуе і сёлета перазімаваць.

13 шчасьліўцаў, якія ратуюцца ад маразоў у начлежцы

У Магілёўскім цэнтры часовага (начнога) знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства — больш за дзясятак пастаяльцаў. Амаль усе мужчыны. Разьмешчаны прытулак у двухпавярховым адрамантаваным будынку ў далечыні ад гарадзкой мітусьні.

Будынак, у якім разьмешчаны прытулак для магілёўскіх бяздомных
Будынак, у якім разьмешчаны прытулак для магілёўскіх бяздомных

«Цэнтар начнога знаходжаньня разьлічаны на 22 ложка-месцы. На сёньняшні дзень у ім 13 чалавек. Для зімы гэта нармальна, бо калі зыходзіць з будаўнічых нормаў і плошчы нашых пакояў, то разьлічаны цэнтар усяго на 11 чалавек. Мы проста болей паставілі ложкаў», — расказалі журналісту ва ўстанове.

Цяпер у цэнтры пераважаюць людзі, якія вызваліліся з турмаў. Ёсьць, і тыя, хто прапіў свае кватэры і апынуўся на вуліцы.

У начлежцы і пункт абагрэву
У начлежцы і пункт абагрэву

«Розны кантынгент ёсьць, але пераважаюць пастаяльцы зь месцаў пазбаўленьня волі. Яны вызваляюцца, і ў іх нічога няма. Сёньня ўжо адзін прыходзіў. Пакуль ён сядзеў, жонка па ягонай даверанасьці прадала кватэру. Яго прапісала ў сваю кватэру, і цяпер не пускае да сябе. У пашпарце стаіць рэгістрацыя, а жыве на вакзале. А мы, паводле нашага статуту, можам прымаць людзей, якія на момант звароту ня маюць рэгістрацыі, але ў свой час мелі яе ў Магілёве. Прыняць гэтага мужчыну ня можам. Цяпер шукаем такую магчымасьць», — распавялі журналісту ў цэнтры.

Карціна на сьцяне, якую намаляваў бяздомны мастак
Карціна на сьцяне, якую намаляваў бяздомны мастак

Прытулак для бяздомных прыбраны, нагадвае райцэнтраўскую гасьцініцу. Адна са сьцен аздобленая вялікім малюнкам. На ўваходзе ў дапаўненьне да каляднай ялінкі таксама намаляваная пастаяльцам карціна. На час маразоў у прытулку будзе функцыянаваць пункт абагрэву і гарачага харчаваньня. Усім неабходным забясьпечыць Чырвоны Крыж.

«Бамжом» больш не хачу быць

У «начлежцы» ўдалося пагутарыць з трыццацівасьмігадовай ягонай насельніцай Аленай. Доўгі час яна разам з мужам жыла ў зямлянцы і з гэтай прычыны была гераіняй газэтных публікацыяў.

Алена жыла ў зямлянцы
Алена жыла ў зямлянцы

Пра гісторыю, якая прывяла да «партызанскага жыцьця» Алена казала блытана, аднак усё зьвялося да высновы «так выйшла, і з кожным можа такое здарыцца».

На пытаньне, ці самі капалі зямлянку, жанчына зьдзіўлена адказала: «Анягож. Не бульдозэрам жа». Паводле жанчыны, зямлянка была яе домам восем гадоў.

«У нас была „буржуйка“. У ёй палілі, ежу на ёй гатавалі, — апавядала Алена. — У мужа была пэнсія, дык мы куплялі на яе харчы. Каму дапамагалі дровы пасячы ці грады ўскапаць. Так і жылі».

Пакой, у якім жыве Алена пасьля сваёй «партызанкі»
Пакой, у якім жыве Алена пасьля сваёй «партызанкі»

«Цяпер новае жыцьцё трэба пачынаць, шукаць працу, — пасьля паўзы, агледзеўшы свой пакой, прадоўжыла Алена. — Цяжка цяпер уладкавацца. На біржы асабліва няма вакансіяў. Часова цяпер працую ў прыватніка. Хоць нейкую капейчыну маю. „Бамжом“ больш не хачу быць. Колькі можна? Але з кожным можа рознае здарыцца. Са мною такое здарылася».

20 гадоў па падвалах

Пункт абагрэву і гарачага харчаваньня Чырвонага Крыжа адчыніўся і на цэнтральным рынку Магілёва. У першы дзень функцыянаваньня да яго падцягнуліся мясцовыя бадзягі.

Артур Папкоў «бамжуе» дваццаць са сваіх 47 гадоў. Дакумэнты дапамагла, як ён кажа, зрабіць царква. Цяпер Артур вырашае пытаньне з прапіскай. Бадзяцца па сьвеце болей ня хоча.

Артур Папкоў 20 гадоў бадзяецца. Хоча людзкага жыцьця
Артур Папкоў 20 гадоў бадзяецца. Хоча людзкага жыцьця

«27 гадоў таму сеў у турму. А тады ж быў такі закон: як цяпер няма па месцы прапіскі, то пазбаўляесься жытла. Так у мяне забралі кватэру. І з таго часу, можна сказаць, я і „бамжую“», — расказваў ля намёта пра свой лёс Артур.

«Цяпер хаджу па падвалах. Без рэгістрацыі на працу не бяруць. Куды ня сунуся, нікому без прапіскі не патрэбен, хоць і пашпарт на руках. Даводзіцца бутэлькі зьбіраць, каб пракарміцца. Сям’і няма. Я дзетдомаўскі, — казаў суразмоўца. — Дапамагае мне і Чырвоны крыж. Мо дапаможа прапісацца ў прытулку для бяздомных. Без людзкой дапамогі я б не пражыў. Грэх наракаць — дапамагаюць. Бадзяга ж таксама чалавек».

Бяздомным трэба дапамагаць. Такіх людзей нямала

Старшыня абласной арганізацыі Чырвонага крыжа Андрэй Нікіцін заўважае, што бяздомных нямала, і многія зь іх чакаюць дапамогі з боку шчасьлівейшых за іх гараджан.

Ля пункту абагрэву Чырвонага крыжа
Ля пункту абагрэву Чырвонага крыжа

«Гэта нашы землякі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і нават калі ў іхным жыцьці нешта ня так, то не заўжды толькі яны самі ў гэтым вінаватыя. Ім трэба дапамагаць. Такіх людзей нямала, — казаў Андрэй Нікіцін. — Трэба прафіляктаваць такую зьяву ўсім разам. І ўладам, і грамадзкім аб’яднаньням. На мой пагляд, мы недастаткова гаворым людзям пра абставіны, калі можна застацца без жытла ці бяз сродкаў для існаваньня».

Паводле суразмоўцы, не пасьпеў адчыніцца пункт абагрэву, як да яго прыйшлі некалькі чалавек, якія працавалі ў Расеі і якім не заплацілі за іхнюю працу.

У намёце абагрэву
У намёце абагрэву

«Яны былі там паўгода, працавалі, ім не заплацілі, і яны засталіся бяз сродкаў для існаваньня. Гэта немалая частка насельніцтва, і мы не павінны пакідаць яе без увагі», — падсумаваў Андрэй Нікіцін.

Цяпер я асоба без грамадзянства

Здаваць назьбіраныя бутэлькі на рынак прыйшоў трыццацідвухгадовы Андрэй Кажэўнікаў. Маладога мужчыну намёт з гарачай гарбатай не зацікавіў.

«Нарадзіўся я ў Беларусі. Потым бацькі вырашылі пераехаць ва Ўкраіну. Там пражыў 9 гадоў. Адтуль пайшоў у войска, і мне паставілі ўкраінскае грамадзянства. У 2000 годзе я атрымаў беларускае, але ў 2009-м яго скасавалі. У мяне згарэў пашпарт у пажары. Калі прыйшоў яго аднаўляць, то зрабілі ідэнтыфікацыю асобы. Сказалі, што я не належу ні да якога грамадзянства. Цяпер я асоба без грамадзянства», — казаў Андрэй.

Суразмоўца прасіў журналіста, каб той пераказаў ягоны зварот да ўладаў аб атрыманьні беларускага грамадзянства.

Андрэй Кажэўнікаў: «Хочацца пажыць як чалавек»
Андрэй Кажэўнікаў: «Хочацца пажыць як чалавек»

«Хочацца атрымаць пашпарт. Можа, мяне пачуе прэзыдэнцкая вэртыкаль. Я ж усё жыцьцё ў Беларусі пражыў, акрамя дзевяці гадоў. Хочацца пажыць як чалавек», — казаў ён.

Спрабаваў Андрэй, як ён кажа, прапісацца ў цэнтры часовага знаходжаньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства, але гэтага яму не ўдалося. Там спаслаліся на тое, што ён не з Магілёва, а з вобласьці. Пасьпеў тры месяцы пасядзець у турме. Сям’і ў яго няма.

Жыве Андрэй у прыгараднай вёсцы. Кажа, што знаёмыя прытулілі на зіму. Зь ягоных назіраньняў, бяздомных у Магілёве шмат.

«Я толькі ведаю чалавек пятнаццаць. Хто ў падвалах жыве, хто прытулак адшукаў у цеплавым калектары. Так і жывуць. Я ж стараюся сябе трымаць у руках. Хаджу ў лазьню. Галюся. Людзі мяне не цураюцца», — на разьвітаньне адзначыў Андрэй Кажэўнікаў.

Ня ўсе, хто жабруе, «бамжы»

Колькі ў Магілёве бадзягаў, высьветліць не ўдалося. У прыватных гутарках спэцыялісты адзначаюць, што такой статыстыкі не вядзецца. Акрамя згаданага прытулку для бяздомных, «начлежак» з раздачай ежы, на ўзор эўрапейскіх, іншых у Магілёве няма. Пэрсанальную дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, даюць у касьцёле ды царкве.

Бомж, які назваўся Славікам. Кажа, што яму 36 год. На выгляд жа далёка за пяцьдзесят. Жыве на паддашку
Бомж, які назваўся Славікам. Кажа, што яму 36 год. На выгляд жа далёка за пяцьдзесят. Жыве на паддашку

«Мы выносім ежу ўсім, хто яе папросіць. У нас ёсьць аднаразовы посуд. Нікому не адмаўляем», — патлумачылі сытуацыю ў адной з цэркваў гораду.

«Тыя ж, хто просіць міласьціну, гэта звычайна адзін і той жа кантынгент, — удакладніў супрацоўнік прыходу. — Як правіла, усе яны атрымліваюць пэнсію. Адзінае, што ім трэба, — гэта выпіць. Таму ня ўсе, хто жабруе ля цэркваў і кажа пра сваю бяздомнасьць,— „бамжы“».

Уладам «да лямпачкі» праблема бадзяжніцтва

«Ды тых, хто „бамжуе“ ў гэтым раёне, нямала», — выказвае свой погляд на праблему адзін з наведнікаў рынку. Жыве суразмоўца на лецішчы, якое пакінулі, як ён запэўнівае, яму дзеці, пазбавіўшы яго гарадзкой прапіскі.

У намёце абагрэву апранаюць бяздомнага
У намёце абагрэву апранаюць бяздомнага

«Проста ніхто ня хоча зьвяртаць увагу на гэтую праблему. Яна нікому не патрэбна, — даводзіў мужчына. — Ні гарадзкім, ні абласным уладам гэта ня трэба. Ён жа казаў, каб зацягнулі паяскі. Куды мяне возьмуць у перадпэнсійным веку? На біржы такіх, як я, процьма. У мяне так сталася, што чужыя людзі мне сталі раднейшыя, чым свае. Мая сястра хату адхапіла і цяпер на парог мяне не пускае».

Паводле суразмоўцы, у яго вышэйшая адукацыя. У свой час меў добрую працу, пакуль ня сеў у турму. Адседзеў, як ён прызнаўся, 23 гады за крадзеж у асабліва буйным памеры.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG