Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве адчыняюць пункты абагрэву. «Сюды ўжо прыходзілі людзі, якія былі на заробках у Расеі», — прадстаўнік «Чырвонага крыжа»


Перасоўны пункт абагрэву і гарачага харчаваньня

З прычыны маразоў магілёўская абласная арганізацыя «Чырвонага крыжа» адкрывае пункты абагрэву. У вобласьці іх будзе 32.

Першы пункт адкрыўся на цэнтральным рынку Магілёва 5 студзеня. Тут разгарнулі намёт, у якім ахвотным прапаноўвалі гарачую гарбату. Тыя, хто меў патрэбу, маглі выбраць для сябе цёплую адзежу. Валянтэры «Чырвонага крыжа» раздавалі мінакам буклеты з парадамі, як не захварэць на грып і не прастудзіцца.

Паводле кіраўніка абласной арганізацыі «Чырвонага крыжа» Андрэя Нікіціна, на працягу дня ў цэнтар часовага перабываньня асобаў бяз пэўнага месца жыхарства перададуць пакеты з вопраткай ды сродкамі асабістай гігіены. На базе цэнтру таксама адкрыецца пункт абагрэву.

Пункт абагрэву адкрывалі пампэзна. Было шмат тэлевізійнікаў
Пункт абагрэву адкрывалі пампэзна. Было шмат тэлевізійнікаў

«Гэта ніякая не піяр-акцыя, — сказаў карэспандэнту Свабоды Андрэй Нікіцін. — „Чырвоны крыж“ такой справай займаецца заўсёды. Мы грамадзкая, гуманітарная арганізацыя, якая прыйшла ў Беларусь 140 год таму, каб дапамагаць людзям незалежна ад таго, хто яны. Сёньня сюды ўжо прыходзілі людзі, якія былі на заробках у Расеі. Ім не заплацілі, і яны апынуліся бяз сродкаў да існаваньня. І такіх людзей нямала».

У намёце гарбата і слодыч да яе
У намёце гарбата і слодыч да яе

Наведнікі рынку ўспрынялі адкрыцьцё пункту абагрэву з асьцярогай. У намёт заходзілі толькі пасьля запрашэньня, альбо пабачыўшы, што там ужо ёсьць людзі. Некаторых даводзілася пераконваць, што гарбату ў намёце даюць бясплатна. Адпуджвалі людзей і тэлевізійныя камэры.

Гандляры з рынку прасілі бадзягаў, якія падпрацоўвалі ў іх, каб тыя прынесьлі ім гарбаты. Самі ж да намётаў не падыходзілі.

Раздавалі бамжам і цёплую вопратку
Раздавалі бамжам і цёплую вопратку

У Магілёве зьбіраюцца адкрыць пяць пунктаў абагрэву. Акрамя цэнтральнага рынку — на аўтобусным і чыгуначным вакзалах, а таксама пры цэнтрах мэдыка-сацыяльнай дапамогі. «Чырвоны крыж» арганізуе і перасоўныя пункты абагрэву і гарачага харчаваньня.

У Менску грамадзянаў заклікаюць паведамляць пра бамжоў, якія могуць замерзнуць, на адмысловы тэлефон, перадае партал tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG