Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком ЭБРР. Шумчанка: «Прадпрымальнікі тут лішнія»


Анатоль Шумчанка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 14 верасьня сустрэўся з прэзыдэнтам Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Сумам Чакрабарці, размаўляў пра падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу. Эўразьвяз і ЭБРР ужо далі 6 млн эўра на падтрымку малога бізнэсу ў Беларусі, а паводле БелТА, ЭБРР разьлічвае інвэставаць у Беларусь 200 млн эўра ў 2017 годзе.

Сумам Чакрабарці, архіўнае фота
Сумам Чакрабарці, архіўнае фота

«Адна з просьбаў, якую я хачу адрасаваць вам, якраз у трэндзе Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, гэта падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Мы цяпер выключную ўвагу вырашылі ўдзяліць гэтаму кірунку разьвіцьця эканомікі нашай краіны. Будучая пяцігодка будзе накіраваная менавіта на тое, каб разьняволіць ініцыятыву канкрэтных людзей, невялікіх калектываў, надаць большую дынаміку здольнасьцям чалавека. Маючы ў краіне стабільнасьць, бясьпеку і кіраванасьць, мы б хацелі даць ініцыятыўным людзям больш свабоды ў самарэалізацыі, перш за ўсё ў вытворчай сфэры, у сфэры паслуг. Мы вельмі разьлічваем на вашую падтрымку».

Шумчанка: «Прадпрымальнікі не чакаюць, што хоць адзін цэнт трапіць да малога і сярэдняга бізнэсу»

Старшыня грамадскага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка кажа Свабодзе, што выдаткаваныя ЭБРР мільёны эўра наўрад ці дойдуць да большасьці прадпрымальнікаў.

«У нас малы і сярэдні бізнэс мае вельмі шмат прапановаў да ўладаў, мае свае праграмы і пастаянна закідвае іх ураду і Адміністрацыі прэзыдэнта, — расказвае Шумчанка. — Але калі мы паглядзім, колькі нашых прапановаў прынята, то пабачым, што яны практычна ігнаруюцца.

Улады аўтаномна дзейнічаюць у пытаньнях малога і сярэдняга бізнэсу, зыходзяць зь нейкіх толькі ім зразумелых катэгорыяў, як яны бачаць разьвіцьцё бізнэсу. Напрыклад, яны бачаць, што рынкі і гандлёвыя цэнтры гэта „спэкулянты“, а нам трэба вытворчасьць. А гэта памылкова.

На рынку ў Магілёве падчас усебеларускага страйку прадпрымальнікаў, студзень 2016 году
На рынку ў Магілёве падчас усебеларускага страйку прадпрымальнікаў, студзень 2016 году

Натуральна, разьмеркаваньне сродкаў ЭБРР будзе адбывацца праз чыноўнікаў, зыходзячы зь іхнага бачаньня і разуменьня бізнэсу. А калі паразмаўляць зь бізнэсоўцамі, то яны пагалоўна адказваюць, што дзяржава не стварае ўмоваў для прадпрымальніцтва. Прадпрымальнікі практычна ўсіх узроўняў не задаволеныя стаўленьнем да бізнэсу. Перадусім гэта абумоўлена тымі карнымі момантамі, якія сёньня мае дзяржава — яна можа абанкроціць любы бізнэс вельмі хутка.

Даюць грошы? Магу сказаць, што прадпрымальнікі з усьмешкай на гэта паглядзяць і хутка забудуць. Яны не чакаюць, што хоць адзін цэнт трапіць да малога і сярэдняга бізнэсу».

Адна з акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў супраць указу №222. Менск, плошча Незалежнасьці, 14 сакавіка 2016 году
Адна з акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў супраць указу №222. Менск, плошча Незалежнасьці, 14 сакавіка 2016 году

Шумчанка адзначае, што «Пэрспэктыву» як прадстаўнікоў прадпрымальнікаў не прыцягвалі да распрацоўкі праектаў, зьвязаных з малым і сярэднім бізнэсам, і цікавіцца, ці запросяць «Пэрспэктыву» хоць на адно паседжаньне наконт разьмеркаваньня дапамогі ЭБРР малому і сярэднему бізнэсу, але мяркуе, што «гэта іхнае вясельле, і яны яго спраўляюць, а мы на ім лішнія». Шумчанка згадвае, што яшчэ да ўвядзеньня ўказу № 222 прадпрымальнікі і «Пэрспэктыва» папярэджвалі пра нэгатыўныя наступствы ўказу, але іх дзяржава не паслухала.

Ён дадае,што буйны бізнэс пачынаецца з малога і сярэдняга, а малы і сярэдні бізнэс у Беларусі скарачаецца. Прадпрымальнікаў жа Шумчанка запрашае на чарговы форум 2 кастрычніка — ён перакананы, што ў пытаньнях падтрымкі малога бізнэсу трэба перадусім слухаць, што гаворыць сам малы і сярэдні бізнэс.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG