Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і ЭБРР далі 6 млн эўра на падтрымку малога бізнэсу ў Беларусі

  • БелаПАН

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Эўрапейскі зьвяз выдзеліць Эўрапейскаму банку рэканструкцыі і разьвіцьця 6 млн эўра на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі.

Адпаведнае пагадненьне паміж ЭЗ і ЭБРР падпісана 13 верасьня ў Міністэрстве эканомікі ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Больш за 200 мясцовых малых і сярэдніх прадпрыемстваў змогуць скарыстацца экспэртнымі кансультацыямі і ноў-хаў, прапанаванымі праграмай. Асаблівая ўвага будзе кампаніям за межамі сталіцы і абласных цэнтраў. Чакаецца таксама, што новыя сродкі дазволяць ЭБРР працаваць з асобнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі дзеля садзейнічаньня іх рэструктурызацыі і магчымай прыватызацыі.

Адзначаецца, што падтрымка ЭЗ, якая ажыцьцяўляецца ў рамках ініцыятывы EU4BUSINESS, атрымала поўнае ўхваленьне кіраўніцтва Беларусі. «Эўразьвяз — найбуйнейшы акцыянэр ЭБРР, і мы цалкам разьлічваем на нашых партнэраў з банку ў рэалізацыі новай праграмы», — адзначыла кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын, камэнтуючы выдзяленьне 6 млн эўра на падтрымку малога бізнэсу.

У сваю чаргу прэзыдэнт ЭБРР Сума Чакрабарці, які знаходзіцца зь візытам у Менску, заявіў: «Мы хацелі б падзякаваць ЭЗ за прадастаўленьне гэтых рэсурсаў. Дзякуючы гэтаму будзе аказаная падтрымка многім беларускім прыватным прадпрыемствам, якія адыгрываюць усё больш важную ролю ў мясцовай эканоміцы».

Новая праграма «Кансультацыі для малога бізнэсу» будзе абапірацца на шырокі вопыт ЭБРР у пытаньнях аказаньня кансультацыйных паслуг пры ўдзеле мясцовых кансультантаў або міжнародных галіновых экспэртаў і фінансаваньня ў Беларусі з моманту пачатку яе працы ў 2012 годзе. За пэрыяд з 2012-га па 2016 год у рамках праграмы аказаная падтрымка больш як 250 суб’ектам МСП, што дапамагло гэтым прадпрыемствам стварыць звыш 1 500 новых працоўных месцаў і павялічыць выручку ў сярэднім на 63%.

З пачатку сваёй дзейнасьці ў Беларусі ў 1992 годзе ЭБРР інвэставаў амаль 1,9 мільярда эўра ў 90 праектаў у розных сэктарах эканомікі краіны.

Заплянаваны перамовы прэзыдэнта ЭБРР з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Сума Чакрабарці таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі бізнэсу, арганізацый грамадзянскай супольнасьці і дыпляматычнага корпусу.

XS
SM
MD
LG