Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН Міклаш Харасьці: Ня бачу палітычнага прагрэсу ў Беларусі


Міклаш Харасьці (Miklós Haraszti)
Міклаш Харасьці (Miklós Haraszti)

Спэцдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці падчас сэсіі АБСЭ ў Менску выступіў на паралельнай дыскусіі пра сытуацыю ў Беларусі. Інтрыгі гэтаму выступу дадаў той факт, што ў Менск Міклаш Харасьці быў запрошаны не як спэцдакладчык ААН, а як прыватны экспэрт. Раней беларускія ўлады стала адмаўлялі яму ў магчымасьці наведаць Беларусь.

Сёньня Міклаш Харасьці выклаў беларускім праваабаронцам, апазыцыянэрам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і замежным гасьцям сэсіі сваё бачаньне сытуацыі ў краіне з правамі чалавека. «Ня бачу палітычнага прагрэсу», — падсумаваў спэцдакладчык, але дадаў, што сытуацыю з правамі чалавека ўлады Беларусі спрабуюць выпраўляць. Пасьля дыскусіі спадар Міклаш Харасьці адказаў на пытаньні журналістаў.

— Чаго вы чакаеце ад свайго візыту ў Менск і чаго, як вы мяркуеце, улады чакаюць ад вашага візыту?

— Я тут з ініцыятывы АБСЭ, а не з ініцыятывы беларускага ўраду. Чаго я чакаю? Чакаю рэальнага прагрэсу, і насамрэч лічу, што ўлады трымаюць экзамэн на цярпімасьць, на талерантнасьць. Талерантнасьць ня толькі ў тым, што трэба аддаваць, але і ў тым, што трэба прымаць. Мяркую, яны разумеюць, што гэта ў іх інтарэсах — пачаць супрацоўнічаць у тым, каб выкарыстаць нашы рэкамэндацыі ў галіне правоў чалавека і ў падрыхтоўцы чарговага штогадовага дакладу ААН. Са свайго боку я разумею, што гэта для іх найбольш цяжкі момант, але мяркую, рух наперад будзе і мяне яшчэ не аднойчы запросяць у Менск, зноў дадуць магчымасьць сюды прыехаць, магчыма, урад мяне запросіць і пачне супрацоўніцтва. Гэта мая самая вялікая надзея. Самы лепшы шлях для супрацоўніцтва — выкананьне нашых рэкамэндацый.

— Ці ведаеце вы пра «справу патрыётаў»? Калі так, на вашу думку, чаму ўзьнікла гэтая справа, чаму шмат людзей арыштавалі, а перад сэсіяй АБСЭ раптам вызвалілі? Гэта неяк зьвязана?

— Канечне, у нас няма мікраскопу, каб вывучыць усе факты па гэтай справе, інтарэсы ўсіх бакоў. Але відавочна было, калі ўзьнікла гэтая справа, што тут ішло да зьяўленьня шматлікіх новых палітычных вязьняў. І як раней адпускалі палітвязьняў, каб узамен было аслабленьне санкцый, гэтак і цяпер улады вырашылі перагледзець гэтую справу ў надзеі, што вызваленьне гэтых людзей уладзе дапаможа. На жаль, раней мы мелі досьвед, што вызваленьне адных палітвязьняў не гарантуе ад зьяўленьня іншых. Але такія колы палітыкі павінны перарывацца. На жаль, у мяне няма ўпэўненасьці, што падобныя справы не паўторацца, але спадзяюся на гэта. Мая парада — трэба спыняць працэс зьяўленьня новых вязьняў сумленьня, вязьняў розных палітычных меркаваньняў. На жаль, яны могуць узьнікаць пад розным выглядам. Нібыта за наркотыкі, за падаткі, за хуліганства — такое таксама здараецца. Так, няма гарантыі, што ўрад ня будзе гэтага рабіць, але, спадзяюся, гэта спыніцца.

— Вы тут не як спэцыяльны дакладчык, а прыехалі на прыватнае запрашэньне. Ці азначае гэта, што вы ня зможаце выкарыстаць інфармацыю, якую атрымалі, для адмысловай штогадовай справаздачы? І якімі будуць вашы наступныя крокі па падрыхтоўцы справаздачы аб правах чалавека ў Беларусі?

— Мяркую, я не даваў падстаў думаць, што я тут не як спэцыяльны дакладчык, наколькі я разумею гэты статус. У прамове на сэмінары я расказваў пра сустрэчу зь беларускім праваабаронцам Алегам Воўчакам, зь якім бачыўся на судзе над ім. Таму тую інфармацыю, якую я атрымаў ад прадстаўнікоў грамадзтва, дзяржавы, палітыкаў, дыпляматаў, канечне, я выкарыстаю ў падрыхтоўцы маёй справаздачы. Тут я змог убачыць усе галіны ААН за адным сталом і папрасіў іх быць больш адкрытымі для грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку для незарэгістраваных арганізацый, ды інфармаваць мяне пра ўсе важныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Мне гэта абяцалі. Са свайго боку запэўніваю, што гэтая інфармацыя будзе выкарыстаная. Што да маіх плянаў, мой наступны даклад я мушу зрабіць для генэральнай сэсіі ў Нью-Ёрку, мой мандат дзейнічае да канца кастрычніка будучага году. Таксама будзе даклад для Камітэту правоў чалавека ў Жэнэве. І, што вельмі важна падкрэсьліць, я спадзяюся, што змагу выкарыстаць інфармацыю, якую прадставіць беларускі ўрад адносна сабраных фактаў. Наш офіс гатовы да супрацоўніцтва на любым узроўні.

— Ці мелі вы тут кантакты з прадстаўнікамі ўраду як спэцдакладчык ААН?

— У мяне было некалькі нефармальных сустрэч раней з прадстаўнікамі ўраду высокага ўзроўню. Ня тут, а раней, у Брусэлі, Жэнэве, Вене. У тым ліку і адносна падрыхтоўкі да гэтай сустрэчы ў Менску. Не пра ўсё я магу расказаць, але пасьля сёньняшняй сустрэчы ў Менску хачу сказаць, што ацэньваю яе як вялікую частку прагрэсу і спадзяюся, што яна будзе вельмі карысная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG