Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыі выказаліся пра сытуацыю ў Беларусі на паралельным мерапрыемстве ПА АБСЭ


Міклаш Харасьці

Беларусі трэба прайсьці значны шлях для дасягненьня тых нормаў і стандартаў, якія яна абавязалася выконваць у межах АБСЭ, лічыць спэцдакладчык ААН па сытуацыі ў Беларусі Міклаш Харасьці.

Выступаючы 6 ліпеня на паралельным мерапрыемстве па сытуацыі ў Беларусі, арганізаваным швэдзкім парлямэнтаром Кентам Харстэдам у межах сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, Харасьці сказаў, што рэпрэсіі ў Беларусі носяць цыклічны характар. Ён крытычна ацэньвае міжведамасны плян па правах чалавека, прыняты ў Беларусі ўвосень 2016 году.

«Там 100 пунктаў, але мне здаецца, у дадзеным выпадку чым менш, тым было б лепш. Справа ў тым, што гэтыя пункты не закранаюць грамадзянскія і палітычныя правы — яны закранаюць якасьць жыцьця і не зьвязаныя з абавязаньнямі, якія рэальна мяняюць выкананьне правоў чалавека ў Беларусі», — цытуе БелаПАН спадара Харасьці.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сказаў, што калі ў мінулым годзе былі пэўныя пазытыўныя тэндэнцыі ў дачыненьні да журналістаў — 13 выпадкаў затрыманьняў, то сёлета сытуацыя пагоршылася. «Да канца сакавіка зафіксавана 96 затрыманьняў журналістаў, у 10 выпадках затрыманьні скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі», — сказаў Бастунец. Улады аднавілі практыку штрафаваньня журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі: ад сакавіка зафіксавана 23 такія выпадкі.

Кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі нагадаў, што ў Беларусі на дадзены момант застаюцца двое палітвязьняў — Міхаіл Жамчужны і Зьміцер Паліенка. «Мы патрабуем іх вызваленьня і спыненьня іншых палітычна матываваных спраў», — сказаў праваабаронца.

Андрэй Бастунец і Алесь Бяляцкі
Андрэй Бастунец і Алесь Бяляцкі

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла, што цяперашняя сэсія ПА АБСЭ можа як матываваць улады зьмяніць сытуацыю, так і замарозіць яе. «Шмат што будзе залежаць ад нашага пасланьня, якое мы накіруем уладам. Давайце засяродзім нашы намаганьні на тым, каб грамадзяне атрымалі права выбару. Прапаную стварыць вялікую міжнародную кааліцыю, якая будзе працаваць над тым, каб выбары ў Беларусі адпавядалі стандартам АБСЭ. Такія выбары — гэта сёньня адзіны магчымы шлях для зьмены сытуацыі ў Беларусі», — сказала яна.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў, што пагроза дэмакратыі сёньня паходзіць у тым ліку з Крамля.

«І яго ўплыў на Беларусь вялікі і крытычны — і ў палітычнай, і ў эканамічнай, і ў вайсковай сфэрах. Але беларускія ўлады — не марыянэтка Крамля. Рашэньні прымаюцца ў Менску, аднак беларускія ўлады завялі краіну ў такую сытуацыю, калі ўплыў Крамля велізарны», — кажа палітык.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG