Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні зноў вярнуліся да ідэі будаўніцтва мэтро

Вільня, іюстрацыйнае фота
Вільня, іюстрацыйнае фота

Міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы зноў прапануе ўраду ўхваліць праект будаўніцтва мэтрапалітэну ў сталіцы рэспублікі — Вільні, піша Delfi.

Дзеля гэтага міністэрства прапануе прынамсі зьмяніць закон аб транспарце і ўключыць у яго азначэньне мэтрапалітэну. Таксама з закону прапануюць прыбраць абмежаваньне на працягласьць інвэстыцыйнага праекту.

Будаўніцтва першай лініі мэтро на 7 км можа заняць чатыры гады і абысьціся ў 300 млн эўра, кажуць аўтары праекту. Ранейшыя праекты прапаноўвалі тры лініі мэтро па абодва берагі Нярыса (Вяльлі). Цяперашняя канцэпцыя разьвіцьця гарадзкога транспарту не прадугледжвае ні мэтро, ні хуткасных трамваяў прынамсі да 2050 году.

Мэтрапалітэнаў цяпер няма ні ў Літве, ні ў суседніх Латвіі і Эстоніі. Дыскусіі аб віленскім мэтро вядуцца прынамсі з 2001 году, але часта сыходзяць у бок хуткаснага трамваю. Парлямэнт Літвы ў 2016 годзе вырашыў не галасаваць па праекце закону аб будаўніцтве мэтро, бо «грамадзтва ацэньвае яго неадназначна». Але аўтары праекту настойвалі, што будаўніцтва адкрые шляхі для шматмільённых замежных інвэстыцыяў.

У савецкія часы мэтрапалітэны атрымлівалі гарады з прынамсі мільёнам чалавек насельніцтва, але Вільня на піку з 1989 годзе мела толькі 576-577 тысяч жыхароў. Цяпер у Вільні жыве каля 546 тысяч чалавек. Але мэтро дзейнічае і ў меншых гарадах сьвету, як то ў швайцарскай Лязане (137,8 тысячы чалавек), італьянскай Брэшыі (196,5 тысячы), францускім Рэне (215,3 тысячы) або ізраільскай Хайфе (279,6 тысячы).

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG