Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мадам Жужу едзе са мною». Эдвард Тарлецкі зьехаў у Швэцыю пасьля адмовы Ўкраіны даць яму статус уцекача


Эдвард Тарлецкі ў вобразе Мадам Жужу
Эдвард Тарлецкі ў вобразе Мадам Жужу

Актывіст беларускага гей-руху канца 90-х — 2000-х гадоў Эдвард Тарлецкі, які стаў ва Ўкраіне вядомай drаg-зоркай, зьехаў у Швэцыю пасьля адмовы ўкраінскіх уладаў прадаставіць яму статус уцекача.

Эдвард Тарлецкі, архіўнае фота
Эдвард Тарлецкі, архіўнае фота

«Міграцыйная служба і суды Ўкраіны не пачулі маіх аргумэнтаў, якія тычыліся справы атрыманьня статусу ўцекача і дазволу на жыхарства, — сказаў Свабодзе Эдвард Тарлецкі. — І я ўжо ня ў стане пераканаць гэтыя інстытуты, бо яны дастаюць нейкую фэйкавую аргумэнтацыю...

Напрыклад, я ім даволі дакладна патлумачыў, чаму я зьехаў зь Беларусі, што супраць мяне там была сфабрыкаваная справа, і некалькі разоў былі напады на мяне, а яны сфармулявалі, што я нібыта прыехаў ва Ўкраіну, каб палепшыць свой дабрабыт, працуючы травэсьці-дзівай, а яшчэ знайшлі ў інтэрнэце інфармацыю, што я зьяўляюся агентам КДБ».

Паводле яго, дазвол на пражываньне і працу ў Швэцыі яму дапамаглі атрымаць міжнародныя арганізацыі.

«Буду вучыць мову, хачу паглыбіцца ў скандынаўскую цывілізацыю — гэта ж вельмі цікава, — патлумачыў ён. — Буду вучыцца і працаваць, прыносіць карысьць швэдзкаму грамадзтву. І, вядома, Мадам Жужу едзе са мною. Ад такой неперасягненай пані адмовіцца немагчыма. Гэта частка майго жыцьця».

Як Эдвард Тарлецкі стаў drаg-зоркай ва Ўкраіне

Эдвард Тарлецкі дадаў, што рашэньне ўкраінскіх уладаў не паўплывала на ягонае стаўленьне да Ўкраіны:

«Я люблю гэтую краіну, у мяне тут зьявілася шмат сапраўдных сяброў. Калі я прыехаў, людзі мяне падтрымалі і падтрымлівалі на працягу ўсяго майго жыцьця ва Ўкраіне, а гэта амаль дзесяць гадоў. Сапраўды, на людзкім узроўні я тут атрымаў прыстанішча», — адзначыў ён.

Эдвард Тарлецкі ў вобразе мадам Жужу (пасярэдзіне) у Эўраклюбе «Эўравізіі-2017»
Эдвард Тарлецкі ў вобразе мадам Жужу (пасярэдзіне) у Эўраклюбе «Эўравізіі-2017»

«У бытавым аспэкце, можа, было і ня ўсё „лакшэрі“, але мне было камфортна ва Ўкраіне, ніхто мяне тут не ўціскаў і не перасьледаваў. Магчыма, рашэньні ўладаў прадыктаваныя нейкімі абставінамі, бо ва ўсіх дзяржаўных установах — і ў міграцыйнай службе, і ў судах — не было нейкага зьняважлівага стаўленьня да мяне. Усё было вельмі станоўча і ветліва. Можа, цяпер такая сытуацыя, што немагчыма было задаволіць маю просьбу», — дадаў Тарлецкі.

***

Эдвард Тарлецкі зьехаў зь Беларусі ў 2008 годзе, а ў 2015-м зьвярнуўся ў міграцыйную службу Ўкраіны па атрыманьне статусу ўцекача і абарону ўкраінскай дзяржавы, а пасьля адмовы на працягу амаль двух гадоў у розных судовых інстанцыях беспасьпяхова аспрэчваў гэтае рашэньне. Камітэт у справах уцекачоў ААН прызнаў яго ўцекачом і прапанаваў удзельнічаць у праграме перасяленьня ў іншую краіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG