Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Тарлецкі: «Беларусь не зьяўляецца краінай, камфортнай для геяў»


Эдвард Тарлецкі

Беларусь летась была прызнаная адной з найгоршых краінаў для прадстаўнікоў сэкс-меншасьцяў згодна з рэйтынгам Міжнароднай асацыяцыі лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў і транссэксуалаў (ILGA).

Беларусь займала 43-е месца з 49. Расея, Азэрбайджан ды Ўкраіна былі яшчэ ніжэй. У Беларусі не зарэгістравана ніводнай арганізацыі ЛГТБ-супольнасьці, не праводзяцца гей-прайды. Праваахоўныя органы ладзяць аблавы на гей-вечарынках.

Першыя масавыя акцыі ЛГТБ-супольнасьці пачалі праводзіцца ў Беларусі ў канцы 1990-х. Першы пікет адбыўся 19 красавіка 1999 году на плошчы Свабоды. За дзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2001-га, 7 верасьня, актывісты ЛГБТ-супольнасьці выйшлі на Love Parade са сваімі вясёлкавымі сьцягамі — на Кастрычніцкую плошчу. У той час выходзілі часопісы для гей-супольнасьці «Лямбда» і «Пані». Былі спробы правесьці і гей-прайды.

У апошнія гады масавых мерапрыемстваў няма. У 2011 годзе так званы гей-прайд прайшоў у аддаленым ад цэнтра сталіцы мікрараёне Шабаны, удзельнікаў было каля 10, акцыя доўжылася хвілін 5.

У 2016 годзе ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй некалькі чалавек раздавалі ўлёткі на тэму парушэньня правоў гомасэксуалаў у Беларусі і ксэнафобіі і правялі пікет салідарнасьці зь легалізацыяй аднаполых шлюбаў у Амэрыцы. А на гэй-прайды беларускія прадстаўнікі ЛГТБ-супольнасьці цяпер езьдзяць у суседнія Вільню і Кіеў.

Эдвард Тарлецкі, актывіст беларускага гей-руху канца 90-х — 2000-х, ужо каля дзесяці гадоў жыве ва Ўкраіне. Ён быў арганізатарам першых акцый, выдаваў часопіс ЛГБТ-супольнасьці, неаднаразова безвынікова спрабаваў зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі ЛГТБ-накіраванасьці. Празь перасьлед у 2008 годзе вымушаны быў зьехаць зь Беларусі:

«У канцы 90-х — пачатку 2000-х і мае паплечнікі, і я былі вялікімі рамантыкамі. Нам здавалася, што і гэты кіраўнік, і гэтая ўлада ненадоўга. Вакол Беларусі, у суседзяў адбываліся зьмены. Здавалася, яшчэ трошкі, — і краіна наша вызваліцца і прыме новыя правілы эўрапейскага жыцьця. Гэтага не адбылося. Паступова рамантызму і сьмеласьці паменшала, хтосьці назад залез у шафу, хтосьці зьехаў ці проста памёр.

Чаму цяпер нічога ў Беларусі не адбываецца, я ня ведаю. Цяпер ёсьць інтэрнэт і лягчэй знайсьці аднадумцаў. Можа, яны так моцна баяцца? Ці проста ня зьвязваюць сваю будучыню з Бацькаўшчынай. Беларусь не зьяўляецца краінай, камфортнай для геяў. І такой ня будзе, пакуль яна застаецца калёніяй «русского мира».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG