Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча, каб у «Вялікі камень» прыйшоў кітайскі вайскова-прамысловы комплекс


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не выключае стварэньня на тэрыторыі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» прадпрыемстваў сыстэмы вайскова-прамысловага комплексу. Прычым і сумесных, і кітайскіх.

Пра гэта Лукашэнка заявіў 1 жніўня на сустрэчы са старшынём Камітэту па кантролі і кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю пры Дзяржаўнай радзе КНР Сяо Яцінам:

«Трэба, каб кітайскія карпарацыі ВПК прыйшлі ў гэты парк», — заявіў кіраўнік Беларусі

Да гэтага прыярытэтнымі кірункамі для кітайска-беларускага індустрыяльнага парку вызначаліся:

  • машынабудаваньне;
  • мэдычнае абсталяваньне,
  • нанатэхналёгіі;
  • біятэхналёгіі, фармацэўтыка, тонкая хімія;
  • электроніка і электратэхніка;
  • оптыка;
  • новыя матэрыялы.

Пакуль у кітайска-беларускім індустрыяльным парку зарэгістравана толькі 8 рэзыдэнтаў.

Экспэрт у вайсковых пытаньнях Аляксандар Алесін кажа, што Беларусь даволі даўно і сурʼёзна супрацоўнічае з Кітаем у сфэры ВПК:

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Прычым пачалося яно менавіта таму, што Беларусь у зручны момант прадала Кітаю савецкія вайсковыя тэхналёгіі, якія засталіся нам у спадчыну пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Але яшчэ раней, у 1989-м, калі кітайскія ўлады жорстка здушылі студэнцкія хваляваньні на знакамітай плошчы Тʼяньаньмэнь і ўсе заходнія краіны „адрэзалі“ Кітай ад вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, ніхто ня стаў яму прадаваць вайсковыя тэхналёгіі, менавіта Беларусь прапанавала супрацоўніцтва.

На той момант Кітай адставаў ад Захаду і нават ад Савецкага Саюзу. І шмат якія тэхналёгіі перакачавалі ў Кітай, былі скапіяваныя.

Можна казаць пра тэхналёгіі навядзеньня крылатых ракет, аптычнага зандаваньня зямлі, фармаваньня лічбавых картаў мясцовасьці, па якіх наводзіцца высокадакладная зброя: крылатыя, балістычныя ракеты.

Акрамя таго, ёсьць сумеснае прадпрыемства „Санцзян-Волат“, на якім вырабляюцца шматвосевыя колавыя цягачы і шасі для сыстэм узбраеньняў.

Таксама ёсьць дадзеныя, што Беларусь пастаўляла Кітаю сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня касманаўтаў, дзякуючы чаму Кітай здолеў дастаткова хутка паслаць свайго тайканаўта.

Дый наагул Кітай цягам многіх гадоў быў найбуйнейшым пакупніком прадукцыі беларускага ВПК».

Цяпер сытуацыя «люстэркавая»: Беларусь купляе ў Кітая вайсковыя тэхналёгіі. Самы яскравы прыклад — тэхналёгіі стварэньня рэактыўных сыстэм залпавага агню «Палянэз», сумесная вытворчасьць якіх ужо наладжаная ў Дзяржынску.

Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»
Рэактыўная сыстэма залпавага агню «Палянэз»

Што да новых прадпрыемстваў ВПК у кітайска-беларускім індустрыяльным парку, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін выказаў такое меркаваньне:

«Я не зьдзіўлюся, калі ў „Вялікім камені“ зьявяцца кітайскія прадпрыемствы па вытворчасьці тых кампанэнтаў, якіх нам не хапае для стварэньня сучасных узбраеньняў: зэнітных ракет, рэактыўных сыстэм залпавага агню. Гэта могуць быць вайсковыя сыстэмы сувязі, электронныя кампанэнты, лазэрная тэхніка ды іншае, што Кітай пасьпяхова скапіяваў у заходніх краін і цяпер гатовы падзяліцца гэтым зь Беларусьсю і ня толькі.

Кітай цяпер актыўна наладжвае супрацоўніцтва і з былымі рэспублікамі Савецкага Саюзу, і з эўрапейскімі краінамі. Я думаю, гэта пэрспэктыўны кірунак.

Тым больш што гэтыя высокатэхналягічныя вырабы звычайна падвойнага прызначэньня: гэта і мікрасхемы, гэта і сродкі сувязі, камунікацыйнае абсталяваньне і гэтак далей. Мяркую, што ёсьць пэрспэктывы».

XS
SM
MD
LG