Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыдкін: «Улада баіцца эканамічнай лібэралізацыі і не дапусьціць яе»


Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — галоўны рэдактар «Экономической газеты» Леанід Фрыдкін. Ён ацэньвае апошні прэзыдэнцкі дэкрэт «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», тлумачыць, чаму чыноўнікі супраціўляюцца разьняволеньню эканомікі, і заяўляе, што ня можа быць сапраўднай лібэралізацыі, пакуль не абароненая прыватная ўласнасьць і пераважае дзяржаўны сэктар.

«Гэта ніякі не рэфарматарскі дакумэнт»

— 23 лістапада кіраўнік дзяржавы падпісаў дэкрэт нумар 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Ужо прайшоў пэўны час, і можна прааналізаваць і ацаніць асноўныя пастуляты гэтага дакумэнту. Ці гэта менавіта тое, чаго чакалі прадпрымальнікі? Ці сьведчыць гэты дэкрэт пра рэальную лібэралізацыю эканомікі?

— На мой погляд, большасьць прадпрымальнікаў вельмі слаба ўяўлялі, што яны чакаюць пабачыць, і лібэральныя эканамісты таксама не ўяўлялі, які дакумэнт можа атрымацца на выхадзе. На маю думку, гэта ніякі не рэфарматарскі дакумэнт. Гэта праца над памылкамі, якія ўлада дапусьціла за апошнія гады.

— І як праведзеная гэтая праца над памылкамі? Ці былі выпраўленыя самыя яркія недарэчнасьці?

— Былі выпраўленыя далёка ня ўсе памылкі. На мой погляд, сам фармат гэтага дакумэнту досыць дзіўны. Выпраўляць памылкі трэба менавіта там, дзе яны зробленыя. Замест гэтага ў адным дакумэнце сабраная вялікая колькасьць нормаў, якія тычацца самых розных пытаньняў. Сама па сабе такая сыстэма нарматворчасьці, на мой погляд, глыбока заганная.

Раней дзяржава доўга закручвала гайкі ў розных месцах, а цяпер стварае адну вялікую гайку, якая адкручваецца гэтым дэкрэтам. І зразумець, як гэтая гайка дзейнічае, будзе вельмі цяжка.

«Уявіце, гадамі чыноўнікі стваралі бар’еры, абмежаваньні, забароны для бізнэсу, а цяпер раптам паступіла каманда гэтыя бар’еры разбураць»

— Некаторыя прадстаўнікі прадпрымальніцкіх саюзаў, напрыклад, Уладзімер Карагін, апісвалі, як чыноўнікі супраціўляліся некаторым палажэньням гэтага дэкрэту, як цяжка праходзілі розныя ўзгадненьні, яны супраціўляліся, адхілялі шмат якія прапановы прадпрымальнікаў. Чым гэта выклікана? Навошта гэта чыноўнікам, які ў гэтым сэнс? Ім дадзена заданьне — лібэралізаваць бізнэс. Які інтарэс супраціўляцца? Тым больш што з самых высокіх трыбунаў сказана пра эканамічную лібэралізацыю.

— Проста спачатку з тых самых высокіх трыбунаў гучала зусім іншае пра бізнэс. І чыноўнікі добрасумленна выконвалі тыя ўказаньні. Уявіце, гадамі чыноўнікі стваралі бар’еры, абмежаваньні, забароны для бізнэсу, а цяпер раптам паступіла каманда гэтыя бар’еры разбураць. Усё, што столькі гадоў стваралася, цяпер даводзіцца разбураць. Любому чалавеку гэта будзе крыўдна.

Таму, па-першае, чыноўнікам крыўдна разбураць вынікі ўласнай працы. Па-другое, яны ў глыбіні душы самі ня вераць, што гэтыя паслабленьні дадзеныя ўсур’ёз і надоўга. Таму, калі паступаюць указаньні рабіць нейкія лібэралізацыйныя рухі — то яны, вядома, робяць, але робяць без душы. За кожны з сваіх ранейшых пунктаў яны чапляюцца, каб іх не адмяняць.

Да таго ж ёсьць агульная сыстэма бюракратычнай дзяржавы, і ўсе паслабленьні аб’ектыўна працуюць супраць гэтай бюракратычнай сыстэмы. Таму, паводле законаў жанру, сыстэма супраціўляецца. Тыя інстытуцыі, якія ствараліся цягам 25 гадоў, з максымальнай цяжкасьцю паддаюцца рэфармаваньню. Асабліва калі «рэформы» вымушаныя ажыцьцяўляць тыя самыя людзі.

— Як вы сказалі, чыноўнікі ня вельмі вераць, што лібэралізацыя эканомікі — гэта сапраўды «новы курс». А ў прадпрымальніцкіх колах вераць, што гэта ўсур’ёз і стратэгічна?

— Некаторыя вераць, бо людзям увогуле ўласьціва верыць у лепшае. Некаторыя ня вераць, бо навучаныя горкім досьведам і не чакаюць ад гэтай улады нічога добрага.

Хутка спаўняецца 7 гадоў з таго дня, як была прынятая дырэктыва нумар 4, якая прадугледжвала спрашчэньне, лібэралізацыю, разьняволеньне і масу іншых добрых рэчаў. Прайшло некалькі гадоў, і ў нас зноў аказалася шмат гэтага заняволеньня. Шмат якія захады, прадугледжаныя ў дырэктыве, не былі зробленыя, альбо іх зрабілі так, што абясцэньвалася іхняя сутнасьць.

У мяне ёсьць адзін індыкатар, які вызначае, ці гатовыя ўлады выправіць свае памылкі. У дырэктыве нумар 4 была такая норма — зрабіць самыя сур’ёзныя захады дзеля абароны прыватнай уласнасьці. У дэкрэце нумар 7 нічога падобнага няма. Для мяне аксіёма, што галоўнае пытаньне — пытаньне аб уласнасьці. І калі дзяржава ў сваіх праграмах не зьбіраецца адмаўляцца ад свайго дамінаваньня ў пытаньнях уласнасьці, то ўсе рэфарматарскія намаганьні ўладаў будуць вельмі абмежаваныя. І бізнэс будзе разглядацца не як кляса, якая зьяўляецца галоўнай рухаючай сілай грамадзтва, а як праслойка, якую можна стрыгчы, даіць, выціскаць рэсурсы.

Паколькі ніякая ўрадавая праграма не прадугледжвае ўсур’ёз скарачэньня дзяржсэктару, то ўся эканамічная лібэралізацыя будзе вельмі сьціплая.

— Гадамі паміж палітыкамі і аналітыкамі ідзе дыскусія наконт таго, ці магчымая сапраўдная эканамічная лібэралізацыя пры гэтай уладзе. Адны кажуць, што гэта немагчыма, бо нясе пэўную пагрозу ўладзе, бо пры гэтых умовах людзі, атрымаўшы эканамічныя свабоды, будуць больш актыўна ўдзельнічаць і ў палітычным жыцьці, узьнікнуць новыя цэнтры сілы. Іншы пункт гледжаньня — у сёньняшнім сьвеце поўна прыкладаў, калі больш свабодная і рынкавая эканоміка не прывяла да палітычных зьменаў — ад Кітаю, Казахстану да Арабскіх Эміратаў. На вашу думку, ці баіцца беларуская ўлада эканамічнай лібэралізацыі?

— На мой погляд, беларуская ўлада баіцца эканамічнай лібэралізацыі вельмі моцна і не дапусьціць яе ў такіх маштабах, якія могуць пагражаць дабрабыту гэтай улады.

Кляса прадпрымальнікаў у Беларусі ўжо існуе. Але яны не адчулі сябе палітычнай сілай, каб патрабаваць для сябе дастатковых палітычных гарантый, якія б забясьпечылі яе далейшае разьвіцьцё. Ва ўсіх названых вамі краінах эканамічная лібэралізацыя была вельмі дазаваная, каб захаваць уладу ў руках бюракратыі. У Кітаі гэта атрымалася лепей. У Казахстане горш, у Расеі пасьля пэўных посьпехаў усё ўвогуле пакацілася назад.

Шмат у якіх постсавецкіх краінах лібэралізацыя была спыненая на пэўным этапе, і першай яна спынілася менавіта ў Беларусі. Гэта вельмі хваравіта адбілася на далейшым разьвіцьці эканомікі.

Любыя спробы лібэралізацыі разьбіваюцца аб адно пытаньне — і ў Кітаі, і ў Казахстане, і ў Расеі доля дзяржаўнага сэктару істотна меншая, чым у Беларусі. У Беларусі гэты працэс быў спынены ў зародку. Любая эканамічная лібэралізацыя вымяраецца аб’ёмам дзяржаўнага сэктару. Паколькі ніякая ўрадавая праграма не прадугледжвае ўсур’ёз скарачэньня дзяржсэктару, то ўся эканамічная лібэралізацыя будзе вельмі сьціплая.

— Дзяржаўны сэктар у Беларусі часта ляжыць вялікім цяжарам на бюджэце, забірае адтуль грошы. А прыватны бізнэс пераважна сродкаў не патрабуе, наадварот, плаціць іх у бюджэт. Хаця б такая элемэнтарная лёгіка эканамічнай мэтазгоднасьці — няўжо яна ня можа прымусіць улады пайсьці на пашырэньне прыватнага сэктару?

— Элемэнтарная лёгіка тут не працуе. Дзяржаўны сэктар — асноўная сацыяльная база для ўлады, празь яго яна кантралюе большую частку ўласнасьці і ўсю эканоміку краіны.

Дарэчы, наконт таго, што прыватны бізнэс не патрабуе грошай, а сам іх плаціць у бюджэт — дык гэта таксама не зусім так. У нас ёсьць частка прыватнага бізнэсу, якая вельмі цесна зьвязаная зь дзяржавай, атрымлівае ад яе рэсурсы і вяртае іх вельмі своеасабліва. Часам нават не вяртае, і дзяржаўныя рэсурсы разыходзяцца па прыватных кішэнях. Гэтая сыстэма зрошчваньня дзяржсэктару і некаторай часткі прыватнага бізнэсу — таксама важны складнік эканамічнай мадэлі ў Беларусі.

Гэта ня толькі ў нас. У Расеі разгул карупцыі зьвязаны з тым, што пэўная частка чыноўнікаў і афіліяванага зь імі бізнэсу расьцягвае па кішэнях дзяржаўную ўласнасьць. У Кітаі, нягледзячы на рэгулярныя расстрэлы, ня могуць перамагчы карупцыю. Гэта выдаткі той «азіяцкай матрыцы», якая існуе ў такіх краінах. І Беларусь тут не выключэньне.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG