Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Паротнікаў: «Лукашэнка „забранзавеў“, адвучыўся размаўляць з роўнымі палітыкамі»


Андрэй Паротнікаў

Госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту Belarus Security Blog. Ён лічыць, што апошнія месяцы былі часам паразаў і страчаных магчымасьцяў для афіцыйнага Менску, заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў няздольнасьць абмяркоўваць цяжкія і складаныя пытаньні, і тлумачыць, чаму Пуцін усё радзей знаходзіць час на сустрэчы зь беларускім кіраўніком.

«Менску не ўдалося давесьці Захаду тую простую ісьціну, што Беларусь — самастойны гулец»

— Апошнія месяцы ў замежнай палітыцы Беларусі адбыўся шэраг прыкметных падзеяў — вучэньні «Захад-2017», канфліктныя сытуацыі з украінскімі грамадзянамі, адмова Аляксандра Лукашэнкі ехаць на саміт «Усходняга партнэрства». Нарэшце, у пятніцу ў Менску адбудзецца саміт АДКБ. Ці зьмянілі гэтыя падзеі нешта ў геапалітычным статусе Беларусі, ці ён застаўся на сваіх звыклых арэлях?

— Я б сказаў, што гэтыя падзеі сьведчаць, па-першае, пра страчаныя магчымасьці для афіцыйнага Менску. Па-другое, яны прэзэнтуюць новыя рызыкі і пагрозы для Беларусі, якія трэба будзе вырашаць бліжэйшым часам.

Калі мы кажам пра вучэньні «Захад-2017», то, на жаль, Менску не ўдалося давесьці Захаду тую простую ісьціну, што Беларусь — самастойны гулец у рэгіянальнай сыстэме бясьпекі і што беларускае войска існуе асобна ад расейскага, а не падпарадкоўваецца яму. Ці была магчымасьць давесьці гэта? Так, безумоўна, была. Але яе ня здолелі скарыстаць.

— Хіба можна давесьці тое, чаго не існуе ў рэальнасьці? Беларусь уваходзіць у розныя сумесныя вайсковыя структуры з Расеяй. Хіба можна сьцьвярджаць, што беларускае войска самастойнае?

— Трэба было паказаць толькі дзьве рэчы. Першае — арганізацыя сыстэмы кіраваньня гэтай групоўкай, якая ўдзельнічала ў вучэньнях. Другое — сыстэма сувязі гэтай групоўкі. Тады б усе пабачылі, што беларуская сыстэма сувязі і кіраваньня можа ўзаемадзейнічаць з расейскай, але гэта самастойная і асобная сыстэма, ня зьлітая з расейскай. Гэтага прадэманстравана не было, але гэта адзінае, што цікавіла замежных вайсковых назіральнікаў.


«Лукашэнка прадэманстраваў няздольнасьць ці псыхалягічную негатовасьць абмяркоўваць цяжкія і складаныя для сябе пытаньні»

— Страты магчымасьцяў працягваліся і далей?

— Безумоўна. Другі момант — гэта адмова Аляксандра Лукашэнкі ад паездкі ў Брусэль. Да апошняга моманту было незразумела, хто ўзначальвае беларускую дэлегацыю. Высьветлілася, што была заплянаваная вандроўка ў Буда-Кашалёва, якую, вядома, ніяк нельга было перанесьці, бо там ёсьць галяктычнага маштабу справы, якія патрабуюць асабістага ўдзелу Лукашэнкі. Чаму ж тады загадзя не абвясьцілі, хто будзе ўзначальваць беларускую дэлегацыю?

Бо да апошняга моманту Лукашэнка вагаўся. Чаму ён не паехаў? Па-першае, не ўдалося забясьпечыць тую колькасьць сустрэчаў на вышэйшым узроўні, якую Лукашэнка лічыў вартай сваёй палітычнай вагі. Наколькі вядома, зь ім пагадзіўся сустрэцца толькі прэм’ер-міністар Швэцыі. У Швэцыі ёсьць пасьлядоўная пазыцыя па дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі, таму гэтая гутарка не абяцала Лукашэнку нічога прыемнага.

Адпаведна, калі б нават і была забясьпечаная неабходная колькасьць сустрэчаў зь іншымі лідэрамі заходніх краінаў — пытаньне правоў чалавека і дэмакратыі ўздымалася б. Выявілася, што Лукашэнка прадэманстраваў няздольнасьць ці псыхалягічную негатовасьць абмяркоўваць цяжкія і складаныя для сябе пытаньні.

Адна справа, калі ён у Менску прымае нейкіх замежных міністраў, дзе ён у сябе дома, і прымае ніжэйшых па палітычнай вазе і статусе асобаў. Іншая справа — размаўляць з палітыкамі роўнай ці нават цяжэйшай вагі.

— Развучыўся за гэтыя гады?

— На жаль, так. «Забранзавеў», як кажуць.

Трэці момант — гэта сытуацыя вакол Украіны. Перш за ўсё, гэта вельмі дзіўныя заявы Ўладзімера Макея ў Маскве пасьля сустрэчы з Лаўровым, што Менск гатовы ўдзельнічаць у нейкай міратворчай апэрацыі, якая яшчэ невядома, ці будзе і ў якім фармаце. І другая — што Менск не дапусьціць прыняцьця нейкай антырасейскай рэзалюцыі на саміце «Ўсходняга партнэрства». Пры тым, што ніхто і не плянаваў ніякай такой гучнай рэзалюцыі прымаць.

І галасаваньне чарговае на пляцоўцы ААН супраць праўкраінскай рэзалюцыі — пры тым, што Кіеў быў бы задаволены нават, калі б Беларусь проста ўстрымалася. Але з упартасьцю, вартай лепшага прымяненьня, беларуская дыпляматыя раз за разам галасуе на міжнародных пляцоўках супраць Украіны.

— Адразу, як стала вядома, што Лукашэнка не паедзе ў Брусэль, падключыўся хор як афіцыйных аналітыкаў, так і «незалежных», якія ўсё часьцей агучваюць афіцыйную лінію — што нічога істотнага там не адбывалася, што ўзровень тых пытаньняў, якія ўздымаліся ў Брусэлі, не патрабуе непасрэднага ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі. Як можна ацаніць такі аргумэнт?

— Ангела Мэркель неяк знайшла сабе ў Брусэлі пытаньні для абмеркаваньня і партнэраў для сустрэчы. Беларускі кіраўнік прадэманстраваў сваю негатовасьць камунікаваць з заходнімі палітыкамі і скарыстаць гэтую магчымасьць. Гэта ўсе заўважылі, і гэта стала вялікім расчараваньнем для многіх на Захадзе, асабліва для тых, хто лабіраваў запрашэньне менавіта Аляксандру Лукашэнку. Той жа Аліеў знайшоў з кім сустрэцца, хоць пытаньняў для Азэрбайджану было ня менш.


У Беларусі імкліва дэградуе сыстэма прыняцьця палітычных рашэньняў

— Чаму беларускае кіраўніцтва траціць такія магчымасьці, адну за адной? Ці ўлады ўбачылі нейкую мяжу, да якой яны дайшлі ў адносінах з Захадам, ці тут праславутая «рука Масквы», якая стала трымаць Менск мацней?

— Расея дзейнічае своеасабліва, але яна не паводзіць сябе ў стылістыцы «мы вам забараняем». Ніякай непасрэднай забароны з боку Масквы не было. Іншая справа, што Расея дастаткова канкрэтна дае зразумець, дзе тыя рысы, дзе тыя «чырвоныя сьцяжкі». Але да гэтых рысаў Беларусі яшчэ як да Месяца. Давайце паглядзім на сытуацыю з Армэніяй, якая падпісала пагадненьне аб супрацоўніцтве з Эўразьвязам, разьвівае супрацоўніцтва з НАТО, удзельнічае ў місіях альянсу. Так што Беларусі ёсьць куды «расьці».

Праблема ў тым, што ў Беларусі імкліва дэградуе сыстэма прыняцьця палітычных рашэньняў. На жаль, у атачэньні Лукашэнкі не засталося людзей, якія асьмеліліся б зьвярнуць увагу і паведаміць яму, што нейкія ягоныя крокі і рашэньні памылковыя. Усе проста ўціскваюць галаву ў плечы, запісваюць у нататнікі ўсё, што ён распавядае.

— І гэта не фігуральная, а літаральная сытуацыя.

Фактычна ў нас няма ўраду

— Так, фактычна ў нас няма ўраду, няма калектыўнага выпрацоўваньня рашэньняў. Ёсьць такі напаўфэадальны каралеўскі двор, дзе ўсё вырашае кароль, а астатнія толькі выконваюць. Па-другое, у Беларусі няма стратэгіі. Няма ўяўленьня, якой беларускія ўлады хочуць бачыць Беларусь праз 10, 15, 20 гадоў, якое наша месца ў сьвеце, хто сябры, а хто супернікі. Нічога гэтага няма, бо дзейнічае стары прынцып — «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца».

— Але ж ёсьць стратэгічны курс на «інтэграцыю», саюз з Расеяй, які працягваецца апошнія гадоў 20. І гэта, здаецца, не мяняецца...

— Мяняецца Расея. Можа, зь беларускага боку ёсьць памкненьне захаваць той фармат эксклюзіўных адносінаў, які быў — але Расея ўжо іншая. Наколькі з гэтай пуцінскай Расеяй, якая супрацьпастаўляе сябе Захаду, афіцыйны Менск гатовы і здолее кантактаваць — вельмі вялікія сумневы. Давайце паглядзім на апошнія сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, а асабліва на сустрэчы, якія не адбыліся — ні падчас вучэньняў «Захад», ні падчас саміту АДКБ. То бок Пуцін усё радзей знаходзіць час для Лукашэнкі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG