Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінляндыя: Вялікія дасягненьні маленькай краіны


Якуб Лапатка, Менск 2016
Якуб Лапатка, Менск 2016

На бяскрайніх абсягах постсавецкай і постсацыялістычнай прасторы ад мангольскага Улан Батара да беларускага Менска пануе мітусьня. Да гэтай пары палітыкі, эканамісты і народы (прычым народ як такі бярэцца пад увагу ў апошнюю чаргу) гадаюць куды і як ісьці і дзеля чаго. Наогул вырашылі: пойдзем у капіталістычны рай праз буржуазную дэмакратыю. Будзем вучыцца гэтай самай дэмакратыі. Будзем засвойваць урокі сынгапурца Лі Куан Ю, кітайца Дэн Сяопіна, рускага Сталыпіна і яшчэ Бог ведае каго! І засвоілі, і абвясьцілі царства дэмакратыі ў сваіх краінах. Праўда, постсавецкая дэмакратыя носіць нейкае дэспатычна-азіяцкае адценьне, якое заключаецца ў тым, што народы «у адзіным парыве» вось ужо гадоў па дваццаць выбіраюць адных і тых жа людзей. Напэўна таму, што людзі тыя лічацца выдатнікамі ў школе эўрапейска-буржуазнай дэмакратыі. Праўда, на жаль, гэтыя «выдатнікі» не маюць ніякага падабенства з вышэйпамянутымі асобамі. Але галоўнай прычынай беспасьпяховасьці пошукаў зʼяўляецца зусім не адсутнасьць магутных лідэраў, не. Бяда ў тым, што галоўным прызнаецца базіс – дасягненьне багацьця на тэхнічнай і матэрыяльнай аснове.

Аднак, даруйце за калямбур, базіс павінен мець свой падмурак. І падмуркам гэтым з’яўляецца зусім не тэхніка і колькасьць чыгуну ды сталі на душу насельніцтва. Ніякай містыкі. Давайце не будзем лезьці ў Азію, яна далёка. Не варта лезьці далёка ў геаграфію ды гісторыю. Давайце паглядзім на што-небудзь блізкае. Зусім недалёка ад Беларусі знаходзіцца маленькая дзяржава Фінляндыя. На ўскрайку Эўропы, аднак не на задворках сусьветнай эканомікі і палітыкі. А лічыцца, дый з’яўляецца, адной з самых заможных краін Эўропы з моцнай сацыяльнай абаронай сваіх жыхароў. Гэта сапраўдны цуд: у краіне практычна няма ніякіх прыродных рэсурсаў апрача лесу, каменьня ды вады.

Аднак фіны не сьпяшаюцца высякаць свае лясы. Як не сьпяшаюцца адмаўляцца ад сваёй самабытнасьці і культуры на карысьць лібэральнай глябалізацыі. З далёкіх часоў яны ўчэпіста трымаюцца за сваю фінскасьць, за мову і культуру. Тут не падзяляюць пісьменьнікаў, музыкантаў, артыстаў і мастакоў на сваіх і чужых. Тая павага да ўсяго свайго ідзе з глыбіні вякоў. Таму фінская дзяржава ставіць на мэту разьвіцьцё сваёй культуры, сваёй адукацыі.
Фіны паважаюць Алексіса Ківі, які напісаў першы фінскамоўны раман. І надаюць галоўную ўвагу менавіта гэтаму, а не таму, што пісьменьнік памёр у выніку празьмернага ўжываньня алькаголю. Нобэлеўскі ляўрэат Франс Эміль Сілланпяя – гонар сваёй нацыі. І ніхто не блюзнерыць, даказваючы, што ён шмат піў і творчасьць ягоная не мае значэньня ў нашыя часы. Для народу ён выбітны пісьменьнік і нобэлеўскі ляўрэат. А што беларусы? Думаю, што пераказваць даволі бязглуздыя дыскусіі вакол Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч няма сэнсу. У тых дыскусіях забываюць, што Беларусь, а не толькі пісьменьніца, атрымалі такую высокую ацэнку.

Не меней высока стаіць аўтарытэт пісьменьніка Вяйнё Лінны, хаця той у сваіх творах пісаў не пра ідэальных ваяроў-герояў, а пра цяжкую і брудную ваенную працу салдат, пра крывавыя падзеі фінскай рэвалюцыі. Гонар фінаў – і «Калевала», створаная ў тыя часы, калі фінская мова лічылася мовай мужыцкай, неразьвітай і непрыдатнай ні для паэзіі, ні для тэхнічнага прагрэсу. Аднак аказалася, што прыдатная. Зараз фіны маюць і сваю багатую літаратуру, і сваю тэхнічную тэрміналёгію, і сваю высокаразьвітую навуку. І ніхто з іх не лічыць сваю мову недаразьвітай і недасканалай.

Здаецца, якія адносіны да ўсеагульнага дабрабыту маюць такія нематэрыяльныя з’явы? А такое, што ўсё – культура, тэхнічны і эканамічны прагрэс – грунтуюцца на адукацыі. Фінская адукацыя лічыцца адной з лепшых і эфэктыўных адукацый сьвету. У Фінляндыі гэта зразумелі шмат вякоў таму. Па законах лютэранскай царквы ўсе дзеці, якія праходзілі канфірмацыю, павінны былі ўмець чытаць Катэхізыс. І правіла гэта выконвалася няўкосна. Так закладваўся моцны падмурак сучаснай адукацыйнай сыстэмы Фінляндыі. Далей пайшло разьвіцьцё пачатковых народных школак, а ў 1968 годзе была ўведзеная абавязковая дзевяцігадовая адукацыя. І тут таксама спрацаваў разумны падыход: калі дзяржавай уводзіцца нешта абавязковае, дык дзяржава павінна забясьпечыць умовы для выкананьня гэтага абавязку, а не проста выдаць закон, а потым караць парушальнікаў на невыкананьне. Таму зараз дзеці ўвесь час навучаньня атрымліваюць бясплатныя падручнікі ды іншыя дапаможнікі, бясплатны праезд да школы і бясплатнае харчаваньне.

Дзяржава паклапацілася ня толькі аб абавязковай адукацыі, але і аб тым, каб яе атрымлівалі здаровыя дзеці. Таму ў Фінляндыі існуе безьліч розных спартовых і навуковых гурткоў і клюбаў. Амаль усе яны платныя. Але малазабясьпечаным сем’ям сацыяльная служба аплачвае на пэўную суму ў год заняткі дзяцей. Атрымаць і прапіць тыя грошы немагчыма: сацыяльныя службы не выдаюць грошы бацькам, а аплачваюць рахункі з гурткоў. Уся адукацыя – ад пачатковай школы да ўнівэрсытэтаў – бясплатная. Студэнты атрымліваюць дзяржаўныя стыпэндыі і так званыя навучальныя беспрацэнтныя крэдыты, якія пагашаюцца пасьля ВНУ на працягу ці не дваццаці гадоў. Так адукацыя стала падмуркам разьвіцьця фінляндзкай навукі і тэхнікі.

Важную ролю ў пабудове дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту адыгрывае свабода прадпрымальніцтва. Дзяржава ўсяляк стымулюе стварэньне малых і сярэдніх прыватных кампаній. Перш за ўсё заснаваньне прадпрыемства адбываецца праз «адно акно». Гэта ўведзена шмат гадоў таму і дае выдатныя вынікі. Варта толькі прыйсьці ва Ўправу патэнтаў і рэгістрацый з просьбай аб дапамозе. Адразу ж будучы прадпрымальнік атрымлівае пакет патрэбных дакумэнтаў, запаўняе ўсе блянкі і праз пару тыдняў яму выдаюць ліцэнзію на заяўленую дзейнасьць, рэгістрацыйны індэкс фірмы, пакет падаткавых дакумэнтаў – і працуй сабе. Па заяве выдаецца і невялікі стартавы капітал. Прычым дзяржава не ўмешваецца ў далейшую дзейнасьць новай фірмы, пакуль яна спраўна плаціць падаткі, выконвае свае дамоўныя абавязкі перад партнэрамі і працаўнікамі. Ніякіх бясконцых нарадаў і ўрадавых заяваў аб дапамозе дробнаму і сярэдняму бізнэсу, за што бізнэсоўцы ўдзячныя сваёй дзяржаве. Як кажуць самі прадпрымальнікі: «Ня трэба нам дапамагаць, трэба не перашкаджаць нам працаваць». Гэта значыць, проста трымацца законаў і правілаў. Таму безьліч малых і сярэдніх фірмачак забясьпечваюць якасьць і ўзровень жыцьця як сваіх працаўнікоў, так і ўсяго насельніцтва краіны. Вялікія карпарацыі і муніцыпалітэты заключаюць з імі дамовы на розныя віды работ: ад расклейкі рэклямных плякатаў да рамонту вадаправодаў і ачысткі вуліц ад сьнегу і бруду. Невыкананьне абавязацельстваў цягне за сабой вялізарныя штрафы, расьсьледаваньне дзейнасьці і нават пазбаўленьне ліцэнзій. Таму вуліцы заўсёды чыстыя, а вадаправоды і цепласеткі не ўзрываюцца гейзэрамі. Ніколі сродкі для таго не пускаюцца на іншыя мэты па тыпу: «Ай, гэтыя трубы яшчэ могуць паслужыць і так, асфальт яшчэ добры, а ў нас тут…» г.д.

Узаемнае выкананьне абавязкаў паміж дзяржавай, працадаўцамі і працаўнікамі забясьпечваецца моцным прафсаюзным і дзяржаўным кантролем. Прычым прафсаюзы абсалютна незалежныя ад дзяржаўных устаноў, і зь імі даводзіцца лічыцца як бізнэсоўцам, так і дзяржаве.
Немалую ролю адыгрывае і самастойнасьць мясцовага самакіраваньня. Кожная адміністрацыйная адзінка – камуна, сама вызначае для сябе галоўныя накірункі дзейнасьці. Але заўсёды на мэце маецца дабрабыт насельніцтва. Камуны на сваю патрэбу будуюць школкі, шпіталі, утрымліваюць дарогі, разьвіваюць бізнэс, зь якога і маюць падаткі для разьвіцьця свайго рэгіёну. На чале камуны стаіць абраная рада. Прычым урад не мае права ўмешвацца ў мясцовыя выбары, як, між іншым, і ва ўсе астатнія. Ніхто не мае права ўказваць камунам, што яны павінны рабіць: сеяць кукурузу ў Ляпляндыі ці разводзіць кітоў ля берагоў Эстэрботніі. Разумнае стаўленьне да сваіх пажаданьняў і магчымасьцяў дапамагае выжываць маленькай краіне ў бурным сьвеце.

Беларусь і Фінляндыя падобныя ў тым, што і адна і іншая краіны маюць безьліч азёраў. Толькі фіны маюць вялізны даход са сваіх водных рэсурсаў, ніякім чынам не вынішчаючы іх. Я маю на ўвазе турызм. Па берагах незьлічоных азёраў пабудавана вялікае мноства хацінак. І дзясяткі тысяч турыстаў з Паўднёвай і Цэнтральнай Эўропы едуць туды адпачываць на ўлоньні прыроды, удалечыні ад гарадзкога шуму і тлуму. Гэтыя хаціны абсталяваныя ўсімі сучаснымі зручнасьцямі і прыносяць немалы даход сваім гаспадарам. Па берагах азёраў і рэчак абсталяваныя месцы для кэмпінгаў і проста часовыя невялічкія прытулкі, дзе можна распаліць вогнішча і правесьці ноч. Шматлікія турыстычныя маршруты пракладзеныя праз лясы і тундру. Там маюцца і месцы для адпачынку, і месцы для рыбнай лоўлі, і месцы для атрыманьня першай мэдычнай дапамогі. Але і турысты абавязаны строга трымацца правілаў паводзін: ня сьметнічаць, не распальваць вогнішчы абы дзе, не наносіць шкоду прыродзе. Не меней прыцягальнымі з’яўлюцца месцы і зімняга адпачынку. У сопках Ляпляндыі і Ўсходняй Карэліі створаныя ўсе ўмовы для горналыжнікаў, аматараў лыжных паходаў і гоншчыкаў на сьнегаходах. Такім чынам, у Фінляндыі створаная выдатная турыстычная інфраструктура, дзякуючы менавіта свабодзе прадпрымальніцтва.

Падсумоўваючы гэты сьціслы, контурны бліц-аналіз фінскіх посьпехаў трэба сказаць, што ўсё гэта дасягнута вялікай працай фінскага народу. І толькі з апорай на свае сілы. Фінляндыя амаль не брала замежных крэдытаў. Пасьля вайны да яе не дайшла дапамога ЗША па пляне Маршала. У выніку паразы ў Другой сусьветнай вайне, Фінляндыя разьвіла сваю прамысловасьць. СССР запатрабаваў выплату рэпарацый толькі машынамі для папяровай прамысловасьці, караблямі з фінскіх верфяў ды іншымі прамысловымі таварамі. Давялося разьвівацца і без крэдытаў. І тут Фінляндыі зноў пашанцавала: крэдыты трэба аддаваць. Паміж Фінляндыяй і Беларусьсю маецца нямала падабенства. І тая, і другая – невялікія эўрапейскія дзяржавы. І ў Фінляндыі, і ў Беларусі амаль няма ніякіх прыродных рэсурсаў, не кажучы ўжо аб энэрганосьбітах. І там, і там жыве працалюбівы таленавіты народ. Але жывуць гэтыя народы па-рознаму. Часам кажуць пра «фінляндызацыйны» шлях Беларусі. Але час «фінляндызацыі» мінуў. Увесь сьвет жорстка падзелены на розныя драпежныя зграі. І Беларусі давядзецца рабіць свой канчатковы выбар. Можа досьвед Фінляндыі, якая абапіраецца на свае сілы і неяк зьберагае свой нэўтралітэт, паслужыць прыкладам і для Беларусі? Хаця гістарычныя ўрокі мала хто засвоіў і зрабіў адпаведныя вывады. А Беларусь, думаецца мне, упусьціла свой шанс.

Каб болей падрабязна пазнаёміцца з дасягненьнямі Фінляндыі, я параіў бы прачытаць кнігу «100 сацыяльных інавацый зь Фінляндыі», якая нядаўна выйшла ў Менску на беларускай мове.

Якуб Лапатка (нар. 16 верасня 1944, в. Аўсюкова, Расонскі раён, Віцебская вобласьць) – беларускі перакладчык, пераклаў творы Мігеля дэ Сэрвантэса, Рафаэля Альбэрці, Мігеля Эрнандэса, Томаса Мура, Катры Вала, Арва Турціяйнена, Міка Валтары, Пенці Хаанпя, Маю Ласіла, Вяйнё Ліна, успаміны прэзыдэнта Койвіста і маршала Манэргейма. Ляўрэат прэміі імя Карласа Шэрмана (2016) за пераклад карэла-фінскага эпасу «Калевала». З 1993 году жыве ў Фінляндыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG