Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя дала парады пакупнікам крыптавалютаў


Ілюстрацыйнае фота

ГУУС Менгарвыканкаму апублікаваў аповед пра здарэньне з пакупніком біткойнаў: незнаёмец падмануў мянчука на 7500 даляраў.

Паводле міліцыі, 30 сьнежня мінулага году 28-гадовы мянчук ня змог самастойна папоўніць уласны бітойн-гаманец, бо «гэта даволі складаная працэдура», таму зьвярнуўся да сябра па дапамогу, а той расказаў пра свайго знаёмага — заснавальніка кампаніі, які «афіцыйна аказвае гэтыя паслугі» (на той момант апэрацыі з крыптавалютамі яшчэ не былі легальнымі ў Беларусі).

Ужо легальна, але ня ўсё: ці можна біткойнамі плаціць за тавары і паслугі ў Беларусі

Мужчына перадаў незнаёмцу без усялякіх расьпісак 7500 даляраў, бо той паабяцаў перавесьці даляры ў біткойны цягам 2–4 хвілінаў. Але не перавёў: спаслаўся на тое, што «ў бліжэйшы час курс біткойна можа ўпасьці», скарыстаўся грашыма ў сваіх мэтах.

Праваахоўнікі распачалі крымінальную справу за махлярства. Паводле ч.3 арт. 209 КК РБ «абменьніку» пагражае ад 2 да 7 год турмы з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Раней берасьцейская міліцыя не пабачыла складу злачынства ў крадзяжы біткойна паводле падобнай схемы: мужчына сустрэўся з пакупніком біткойнаў, перавёў яму крыптавалюту, але да пацьвярджэньня апэрацыі трэба было пачакаць некалькі гадзін — за гэты час пакупнік уцёк, так і не перадаўшы рэальныя грошы ў абмен на віртуальныя.

Менская міліцыя ж дала рэкамэндацыі тым, хто валодае крыптавалютамі або зьбіраецца іх купляць:

  • Ня ганіцеся за лёгкай здабычай, захоўвайце спакой і цьвяроза ацэньвайце сытуацыю. Ня варта адразу прымаць прывабную прапанову, што мае прынесьці прыбытак. Часьцей за ўсё за абяцаньнямі сур’ёзнага прыбытку безь якіх-небудзь рызыкаў стаяць зламыснікі.
  • Купляйце/прадавайце крыптавалюту толькі на вядомых біржах і абменных пунктах, а не праз форумы, дамаўляючыся з кімсьці наўпрост і г.д., толькі праз афіцыйных пасярэднікаў (такімі могуць быць кампаніі, ухваленыя Паркам высокіх тэхналёгіяў. — РС).
  • Заўсёды пераходзьце толькі па правераных спасылках, абавязкова глядзіце, ці правільна прапісанае домэннае імя сайта. Пры найменшым сумневе ў крыніцы паспрабуйце зьвязацца з падтрымкай гэтага рэсурсу.
  • Чытайце водгукі іншых карыстальнікаў сеціва аб гэтай кампаніі, сайце або прыватным твары.
  • Не спампоўвайце праграмы зь неправераных сайтаў: яны могуць утрымліваць вірусныя кампанэнты, што дазваляюць узломваць гаманцы з крыптавалютой.
  • Усталюйце на кампутар антывіруснае праграмнае забесьпячэньне.
  • Захоўвайце гаманец на кампутары бяз доступу да інтэрнэту.

Чытайце таксама: 7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG