Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя футболу адмовіла «Крумкачам» у ліцэнзіі. Будзе апэляцыя ў Арбітражны камітэт


«Крумкачы» на полі, архіўнае фота
«Крумкачы» на полі, архіўнае фота

Футбольны клюб «Крумкачы» не атрымаў ліцэнзіі на выступ у Найвышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі, піша Tribuna.com.

Апэляцыю клюбу супраць нядопуску да ліцэнзіяваньня адхілілі сёньня на паседжаньні апэляцыйнага камітэту. Цяпер «Крумкачы» зьбіраюцца абскарджваць адмову ў Беларускім арбітражным камітэце.

Кіраўнік прэсавай службы АБФФ Аляксандр Алейнік параіў карэспандэнту Свабоды «сачыць за сайтам» фэдэрацыі. На момант публікацыі там не было сьвежых навінаў пра «Крумкачоў».

«Рашэньне наконт клюбу "Крумкачы" ёсьць, але якое, будзе паведамлена на нашым сайце цягам дня», — сказаў Алейнік.

Безь ліцэнзіі клюб зможа выступаць толькі ў Другой лізе (трэцяй па значнасьці пасьля Найвышэйшай і Першай). Месца «Крумкачоў» у Найвышэйшай лізе, калі адхіляць і наступную апэляцыю, мае заняць менскі футбольны клюб «Тарпэда».

Клюбу адмовілі ў ліцэнзіі 26 лютага праз «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту Фэдэрацыі футболу — неаднаразовае парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў, «зрыў працэсу ліцэнзіяваньня».

«Крумкачы» сьцьвярджаюць, што ліцэнзіі іх пазбаўляюць з парушэньнем правілаў Фэдэрацыі. У сваю чаргу Фэдэрацыя сьцьвярджае, што невядомы спрабаваў даць хабар (бутэльку гарэлкі і шклянку мёду) чальцу камітэту, які займаўся статусам «Крумкачоў».

«Гэта сапраўднае злачынства, — пракамэнтаваў «Трыбуне» адхіленьне апэляцыі старшыня ФК «Крумкачы» Дзяніс Шунта. — За пратэрміноўку дакумэнтаў нас асудзілі на сьмяротнае пакараньне. Мы перайшлі дарогу на чырвонае сьвятло, а нас асудзілі на сьмяротнае пакараньне. Вось і ўсё».

Фінансавыя праблемы «Крумкачоў»

Фінансавыя праблемы «Крумкачоў» паўсталі яшчэ да таго, як клюб пачаў гуляць у Найвышэйшай лізе. У 2016-м яны сталі першымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна каманды замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі.

Сэзон-2017 каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Яшчэ напачатку 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016-га, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» разьлічыцца ня здолелі. У пачатку 2017-га эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.

Праз перабоі з выплатай заробкаў склад «Крумкачоў» пакінуў тузін гульцоў і галоўны трэнэр. Дайшло нават да байкатаваньня матчаў з боку футбалістаў — затрымкі дасягнулі некалькі месяцаў.

Увосень 2017 клюб сабраў праз краўдфандынг звыш 29 тысяч рублёў — чвэрць ад патрэбнай сумы.

На фінішы леташняга чэмпіянату Беларусі «Крумкачы» да апошняга змагаліся за выжываньне і аказаліся 13-мі сярод 16 клюбаў. Калі матэрыяльная частка так і застанецца нявырашанай, новы сэзон стане чарговым жорсткім выпрабаваньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG