Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачы» будуць прасіць фінансавай падтрымкі ў дзяржавы 


Лаўка запасных, каманда "Крумкачы"

Футбольны клюб «Крумкачы» зьвернецца па дзяржаўную дапамогу. Увесь папярэдні сэзон каманда мела вялікія фінансавыя праблемы, пад пытаньнем было само існаваньне калектыву.

Па зьвестках спартовага выданьня «Прессбол», у адсутнасьць спонсарскіх кантрактаў «Крумкачы» маюць намер рэалізаваць варыянт дзяржпадтрымкі. Гэта пры тым, што адміністрацыя абяцала заўзятарам назваць фундатара, калі ўдасца застацца ў вышэйшай лізе. Варыянт звароту ў дзяржаўныя інстанцыі азначае, што камэрцыйнай падтрымкі гарантаваць пакуль не ўдалося.

«Калі ўсё выгарыць і дапамога зьверху надасьць камандзе другое жыцьцё, мы за яе толькі парадуемся. Але гэта чарговым разам канстатуе відавочны і сумны факт: у прыватнага клюбу ў беларускім футболе будучыні няма. Якія б сьветлыя ідэі ні выношваліся і хто б іх ні ўвасабляў», — адзначае «Прессбол».

Фінансавыя праблемы «Крумкачоў» паўсталі яшчэ да таго, як клюб пачаў гуляць у вышэйшай лізе. У 2016-м яны сталі першымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна каманды замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі.

Заўзятары менскай каманды
Заўзятары менскай каманды

Сэзон-2017 каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Яшчэ напачатку 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016-га, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» разьлічыцца ня здолелі. У пачатку 2017-га Эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.

Праз перабоі з выплатай заробкаў склад «Крумкачоў» пакінуў тузін гульцоў і галоўны трэнэр. Дайшло нават да байкатаваньня матчаў з боку футбалістаў — затрымкі дасягнулі некалькі месяцаў.

На фінішы мінулагодняга чэмпіянату Беларусі «Крумкачы» да апошняга змагаліся за выжываньне і аказаліся 13-мі сярод 16 клюбаў. Калі матэрыяльная частка так і застанецца нявырашанай, новы сэзон стане чарговым жорсткім выпрабаваньнем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG