Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2+4. Беларускія праваабаронцы пра колькасьць палітвязьняў і кандыдатаў у палітвязьні


Ілюстрацыйнае фота

У сьпісе палітвязьняў «Вясны» цяпер два чалавекі: Паліенка і Жамчужны. Але палітвязьнямі могуць назваць і аднаго фігуранта «справы патрыётаў» і трох «рэгнумцаў».

Колькі ў канцы 2017 году ў Беларусі палітвязьняў?

На сайце праваабарончай арганізацыі «Вясна» ў разьдзеле «Сьпіс палітычных вязьняў» можна знайсьці зьвесткі пра двух палітвязьняў, якіх прызналі беларускія праваабаронцы. Гэта грамадзкі актывіст Зьміцер Паліенка і праваабаронца, былы выкладчык Міхаіл Жамчужны.

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч падкрэсьлівае, што гэта рашэньне ня толькі «Вясны», а супольнае, і пералічвае партнэраў — «Беларускі Хэльсынскі камітэт, Асамблея няўрадавых арганізацый, Дом правоў чалавека імя Звоскава, БАЖ ды іншыя» — якія прызналі Паліенку і Жамчужнага палітвязьнямі. Больш, на думку праваабаронцаў, у Беларусі палітвязьняў няма.

«Справа гэтак званых антыфашыстаў, у якой фігуруе Ільля Валавік зь сябрамі, для нас адназначна хуліганская. Доказаў, што там нейкі палітычны перасьлед, акрамя пэўных заяваў, няма ніякіх», — кажа праваабаронца «Вясны».

Зьміцер Паліенка

Сацыяльны актывіст, былы працаўнік МТЗ Зьміцер Паліенка адбывае 2,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў нападзе на міліцыянта і распаўсюджваньні ў інтэрнэце парнаграфіі. Віны ў гэтым ён не прызнаў і патлумачыў сваю справу перасьледам за палітычныя погляды. Праваабаронцы з гэтым пагадзіліся.

Суд над Зьмітром Паліенкам, архіўнае фота
Суд над Зьмітром Паліенкам, архіўнае фота

Летась Паліенка ўжо быў у сьпісе палітвязьняў, які на некалькі месяцаў пакідаў. Гэта адбылося пасьля суду над актывістам у кастрычніку 2016 году. Да таго Паліенка адбыў амаль 5 месяцаў за кратамі пасьля арышту падчас вулічнай акцыі «Крытычная маса» ў траўні 2016 году, калі ён нібыта парваў супрацоўніку ДАІ вопратку. Пакуль Паліенка сядзеў на «Валадарцы» падчас сьледзтва, яго прызналі палітвязьнем і запатрабавалі вызваліць.

Стэфановіч мяркуе, што гэта спрацавала, бо ў выніку суд хоць і прызнаў віну актывіста даказанай і даў яму 2,5 года зьняволеньня, але з адтэрміноўкай. Актывіста вызвалілі ў залі суду. Неўзабаве праваабаронцы выключылі яго са сьпісу палітвязьняў, але — ненадоўга. Ужо праз паўгода, пасьля сёлетняга Дня Волі, актывіста зноў арыштавалі ды судзілі за парушэньне ўмоў адбыцьця пакараньня. Умовы ён парушыў тым, што хадзіў на вулічныя акцыі і ў Курапаты ды гучна пратэставаў у судзе супроць несправядлівых прысудаў. Гэтак умоўнае пакараньне стала для Паліенкі рэальным.

Цяпер Паліенка сядзіць у Бабруйскай калёніі, дзе яго ўжо некалькі разоў зьмяшчалі ў карцэр. На волю актывіста выпусьцяць у будучым кастрычніку.

«Калі яшчэ не „прычэпяць“ яму 411 артыкул», — дадае Стэфановіч.

Праваабаронца нагадаў, што вядомая праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» нядаўна таксама прызнала Паліенку вязьнем сумленьня ды рыхтуе міжнародную кампанію салідарнасьці зь ім.

Міхаіл Жамчужны

Былы выкладчык зь Віцебску, адзін з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зьняволеньня за спробу набыць засакрэчаную інфармацыю пра міліцыю і спробу даць міліцыянту хабар. Гэта другая адседка Жамчужнага. Беларускія праваабаронцы перакананыя, што справа Міхаіла Жамчужнага сфальшаваная і што зроблена гэта дзеля таго, каб адпомсьціць яму за праваабарончую дзейнасьць.

Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

«Гэта была правакацыя КДБ, адназначна», — кажа Стэфановіч.

На думку праваабаронцаў, сытуацыя зь Жамчужным яшчэ больш складаная, чым з Паліенкам. Воля Жамчужнаму «сьвеціць» толькі праз 3 гады, прычым яму таксама пагражае 411 артыкул, які ўжываюць за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі» і гэтак дадаюць да тэрміну год. У Жамчужнага ўжо некалькі спагнаньняў, якія ён спрабуе аспрэчыць, але пакуль марна. Да таго ж на яго ціснуць, як калісьці на Андрэя Бандарэнку — спрабуюць перавесьці ў разрад «вязьняў зь нізкім статусам». Але калі за Паліенку заступаюцца міжнародныя праваабаронцы, дык за Жамчужнага — пакуль толькі беларускія.

«Ягоная справа для замежнікаў досыць спэцыфічная. Ім цяжка даказаць, што Жамчужны рэалізоўваў нейкае сваё права, калі спрабаваў набыць за грошы ў міліцыянтаў іх службовую інфармацыю. Для нас — так, гэта дакладна зразумела, што была правакацыя спэцслужбаў, прычым шматразовая. Бо ягоныя прапановы набыць інфармацыю маглі адразу спыніць, але наўмысна не спынялі, каб даць большы тэрмін», — мяркуе Стэфановіч.

4 кандыдаты: 1 «легіянэр» і 3 «рэгнумаўцы»

«Паглядзім, што будзе на працэсе аўтараў „Рэгнуму“ і ці давядуць да суду справу пра патрон Бяляўскага. Ад гэтага залежыць, ці павялічыцца сьпіс палітвязьняў. Пакуль на ўступленьне ў сьпіс яшчэ 4 кандыдаты», — кажа Стэфановіч.

Праваабаронца мае на ўвазе крымінальную справу аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, заведзеную на аўтараў інтэрнэт-агенцтва Regnum Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі. Працэс над аўтарамі, якіх называюць «беларусафобамі», пачнецца 18 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе.

Карэспандэнт Regnum Сяргей Шыптэнка, архіўнае фота
Карэспандэнт Regnum Сяргей Шыптэнка, архіўнае фота

Паводле абвінавачаньня, аўтары «Рэгнуму» распальвалі варожасьць да кіраўніцтва Беларусі. Праваабаронцы ставяцца да гэтага крытычна. Стэфановіч мяркуе, што да назіраньня за працэсам павінен быць такі самы падыход, як падчас суду над блогерам Эдуардам Пальчысам, якога вінавацілі ў распальваньні варожасьці да Расеі.

«Трэба будзе адказаць на пытаньне, гэта падпадае пад дапушчальнае абмежаваньне свабоды выказваньня думак ці не падпадае. Калі не падпадае, дык гэта будзе лічыцца палітычным перасьледам. Нам могуць не падабацца іхнія ідэі, мы можам іх абсалютна не падтрымліваць, але гэта не азначае, што за іх трэба саджаць у турму», — кажа Стэфановіч.

Праваабаронца зьвяртае ўвагу і на тое, што аўтары агенцтва «Рэгнум» знаходзяцца пад вартай ужо больш за год, пры гэтым афіцыйныя расейскія мэдыі вядуць у Беларусі сваю прапаганду без аніякіх перашкод.

«Як гэта супаставіць? Магчыма, яны сталі нейкай разьменнай манэтай у гульнях нашага кіраўніцтва з расейскім», — не выключае Стэфановіч.

Андрэй Бяляўскі

Чацьвёртым кандыдатам у сьпіс палітвязьняў Стэфановіч лічыць былога фігуранта справы «Белага легіёну» Андрэя Бяляўскага, якому днямі выставілі абвінавачаньне ў захоўваньні патрона. Калі дойдзе да зьняволеньня паводле прысуду, гэта адназначна прывядзе да прызнаньня Бяляўскага палітвязьнем, папярэджвае Стэфановіч. Аднак у такі вынік праваабаронца амаль ня верыць і спасылаецца на рашэньне Сьледчага камітэту па справе «Белага легіёну».

Андрэй Бяляўскі
Андрэй Бяляўскі

«Калі ўжо па ёй прызналі, што нібыта злачынства было, але малазначнае, і справу закрылі, дык што казаць пра адзін патрон, які захоўваўся як сувэнір? Да таго ж у нас ужо ёсьць прыклад справы няшчаснага француза, які 4 месяцы правёў у СІЗА за такі самы патрон, але ў выніку суд яго апраўдаў. Будзем сачыць. Мяркую, і ў справе Бяляўскага вынік будзе такі самы», — кажа Стэфановіч.

Экс-палітвязьні

Цягам 2017 году ў сьпісе палітвязьняў быў актывіст Вячаслаў Касінераў, якога вінавацілі ў пашкоджаньні скульптуры міліцыянта ў Менску. Суд абмежаваўся штрафам, пасьля чаго праваабаронцы выкрасьлілі Вячаслава Касінерава са сьпісу палітвязьняў.

Вячаслаў Касінераў абдымае сяброўку па вызваленьні
Вячаслаў Касінераў абдымае сяброўку па вызваленьні

Летась гэтаксама пакінуў сьпіс палітвязьняў блогер Эдуард Пальчыс, які да суду адбыў некалькі месяцаў за кратамі.

Эдуард Пальчыс па вызваленьні
Эдуард Пальчыс па вызваленьні

Паводле Стэфановіча, супольныя заявы праваабаронцаў адносна прызнаньня таго ці іншага актывіста палітвязьнем цягам апошніх гадоў дзейнічаюць:

«Альбо вызвалялі неўзабаве, альбо не саджалі — але сапраўды часта дапамагала».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG