Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьмянілася ў справе беларускіх аўтараў Regnum за год


Сьледчы камітэт Беларусі
Сьледчы камітэт Беларусі

Год таму, 7 сьнежня 2016 году, стала вядома, што напярэдадні ў Менску быў затрыманы аўтар расейскага інтэрнэт-выданьня Regnum Юры Паўлавец. Неўзабаве ў Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі пра завядзеньне крымінальнай справы на супрацоўнікаў Regnum, якіх абвінавацілі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці на падставе антыбеларускіх артыкулаў.

Калі пачнецца суд?

У лістападзе 2017 году стала вядома, што справа накіраваная ў суд і па ёй прызначаны судовы разбор. Працэс пачнецца 18 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе і будзе адкрытым.

Паводле прэсавага сакратара Менгарсуду Анастасіі Шыльвян, у справе фігуруюць тры абвінавачаныя, чые прозьвішчы не названыя. Аднаго з трох, А., абвінавачваюць паводле 3 часткі 130 артыкула Крымінальнага кодэксу — гэта распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Двум іншым фігурантам справы, П. і Ш., таксама выстаўленае абвінавачаньне паводле 1 часткі 233 артыкула — гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Незалежныя назіральнікі мяркуюць, што гаворка ў паведамленьні ідзе пра Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку — аўтараў Regnum, якія выступалі на старонках выданьня пад рознымі псэўданімамі і былі затрыманыя ў сьнежні 2016 году.

Асобная справа заводзілася на Юрыя Баранчыка

Юры Баранчык
Юры Баранчык

У сакавіку 2017 году на запыт Сьледчага камітэту Беларусі ў Маскве мясцовая міліцыя затрымала шэф-рэдактара аналітычнай рэдакцыі агенцтва Regnum, грамадзяніна Беларусі Юрыя Баранчыка, які жыў і працаваў у сталіцы Расеі. Сьледчы камітэт Беларусі дамагаўся ягонай экстрадыцыі. Але маскоўскі суд адмовіўся арыштоўваць Юрыя Баранчыка і пастанавіў вызваліць яго з-пад варты.

СК Беларусі паведамляў, што справа Юрыя Баранчыка была вылучаная са справы іншых аўтараў Regnum і расьсьледуецца асобна. Новых дадзеных пра лёс крымінальнай справы шэф-рэдактара аналітычнай рэдакцыі Regnum Юрыя Баранчыка не было.

Што вядома пра трох фігурантаў «справы рэгнумцаў»?

Юры Паўлавец
Юры Паўлавец

Юрыю Паўлаўцу 37 гадоў. Паводле адукацыі ён гісторык, працаваў дацэнтам катэдры гуманітарных дысцыплін у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР). Пра яго пішуць, што ён адзначаўся радыкальнымі прарасейскімі поглядамі, друкаваўся на такіх расейскіх сайтах, як Regnum, «Западная Русь», «Русправда» і нярэдка крытыкаваў беларускія ўлады за спрыяньне «нацыяналізму».

45-гадовы жыхар Берасьця Дзьмітры Алімкін — выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. Да затрыманьня ў сьнежні 2016 году Дзьмітры Алімкін працаваў вартаўніком у школе і рэгулярна пісаў артыкулы на расейскія імпэрскія сайты. На сайце Regnum ён выступаў пад псэўданімам «Ала Бронь». Менавіта пад гэтым імем 25 кастрычніка быў апублікаваны матэрыял, дзе Беларусь называлася «звар’яцелай недадзяржавай», а беларускі акцэнт — «прыкметай нізкага паходжаньня».

Сяргей Шыптэнка
Сяргей Шыптэнка

Сяргей Шыптэнка, як і Дзьмітры Алімкін, — выпускнік Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі. У інтэрнэце Шыптэнка часам падпісваўся псэўданімам Артур Грыгор’еў, але на сайце Regnum выступаў пад уласным прозьвішчам. Вось што паведаміла пра Сяргея Шыптэнку газэта «Наша Ніва» неўзабаве пасьля ягонага затрыманьня ў канцы 2016 году: «Чырвонай стужкай празь яго публікацыі праходзіла ідэя аб „сэпаратным“ характары беларускай дзяржаўнасьці і патрэбе „ўзьяднаньня“ з Расеяй. Сёлетні „Дзень вышыванкі“ ў Менску Шыптэнка параўнаў з прымусовымі мерапрыемствамі часоў нямецкай акупацыі». «Далей падаць няма куды. Альбо мы адновім краіну, узьяднаемся і адродзімся, альбо будзем праклятыя назаўжды, загінем у пакутах і станем гноем», — цытавала беларускамоўнае выданьне карэспандэнта расейскага агенцтва Regnum.

«Сымулякр паранаідальнага канструкту»

Паводле беларускіх мэдый, у крымінальнай справе аўтараў Regnum 17 тамоў. Сярод сабраных сьледчымі дакумэнтаў ёсьць і экспэртызы іхных тэкстаў. Вядома, што Сяргей Шыптэнка назваў экспэртызу на свае артыкулы «сымулякрам паранаідальнага канструкту» і «пошлай спробай лінгвістычнага нудызму».

«Жонка Сяргея Шыптэнкі Ірына Шыптэнка перадае, што яе муж застаўся верны сваім поглядам, а менавіта „ўзьяднаньню Беларусі і Расеі“. Ён запрашае расейскіх навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці на суд над ім», — паведамляла ў кастрычніку «Наша Ніва».

Паводле крыніцаў, падчас сьледзтва аўтараў Regnum утрымлівалі ў СІЗА КДБ.

Старшыня БАЖ: «Свабода слова — таксама каштоўнасьць»

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Крытычна ставіцца да справы аўтараў Regnum старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, які называе яе «відавочным абмежаваньнем свабоды выказваньня».

«Нам могуць вельмі не падабацца іх меркаваньні, яны могуць супярэчыць нашым каштоўнасьцям, але ж свабода слова — гэта таксама каштоўнасьць, і забываць пра гэта нельга», — кажа старшыня БАЖ.

Таксама Андрэй Бастунец выказаў заклапочанасьць тым, што аўтараў Regnum абвінавацілі паводле 3 часткі 130 артыкула, якая прадугледжвае адказнасьць за злачынныя дзеяньні ў складзе групы.

«Атрымліваецца, што кожнага журналіста можна судзіць па больш суровай прыкмеце — за групавое злачынства, калі суд прызнае ягоны артыкул не адпаведным закону. Бо з кожным артыкулам працуе рэдактар — вось і група. Але гэта ж нонсэнс», — абураецца старшыня БАЖ.

Паводле Андрэя Бастунца, крымінальным перасьледам Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі зацікавілася міжнародная журналісцкая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG