Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі МЗС заклікаў беларускі бок да адказнасьці ў справе аўтараў Regnum


Марыя Захарава

Расейскае міністэрства замежных спраў заклікала беларускі бок «максымальна адказна» падысьці да разгляду крымінальнай справы супраць беларускіх грамадзянаў, якія супрацоўнічалі з расейскім сайтам Regnum.

Ім прад’яўлена абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).

«Мы хацелі б заклікаць беларускі бок максымальна адказна падыходзіць да разгляду дадзенай крымінальнай справы, у строгай адпаведнасьці з узятымі на сябе Беларусьсю абавязаньнямі, найперш у пляне захаваньня свабоды выказваньня меркаваньняў», — цытуе афіцыйную прадстаўніцу расейскага МЗС Марыю Захараву РИА Новости.

Яна сказала, што МЗС азнаёміўся з інфармацыяй пра тое, што справа перададзена ў Менскі гарадзкі суд.

Летась на пачатку сьнежня выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопіса «Новая экономика» Сяргей Шыптэнка былі затрыманыя і ўзятыя пад варту. Яшчэ аднаго фігуранта справы, шэф-рэдактара Regnum Юрыя Баранчыка, затрымалі ў сакавіку ў Маскве на запыт беларускага боку. Але яго адпусьцілі і не дэпартавалі ў Беларусь.

Як паведаміла Cвабодзе прадстаўніца Сьледчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова, справа супраць Баранчыка выдзелена ў асобную вытворчасьць. Ён, як і раней, у вышуку. Расейскі бок яго ня выдаў Менску.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG