Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«КДБ і спэцслужбы Чачэніі супрацоўнічаюць наўпрост». Навошта Кадыраву ў Беларусь?


Чачэнскія ўцекачы на шляху зь Берасьця ў Тарэспаль. Люты, 2017

«У Чачэніі шмат людзей, якім неабходна палітычнае прыстанішча. Беларускія спэцслужбы менавіта такіх людзей вельмі дакладна адпрацоўваюць і дапамагаюць чачэнскім спэцслужбам вяртаць іх у Чачэнію. Што небясьпечна для жыцьця гэтых людзей», — кажа расейская журналістка Алена Мілашына.

​Апошнім часам Беларусь двойчы гучна выдавала грамадзян Расеі праваахоўным органам Чачэніі. 4 верасьня Луіза Дудуркаева, якую пачалі перасьледаваць у Чачэніі паводле падазрэньняў у «амаральных паводзінах», мела вылецець зь Менску ў Нарвэгію, дзе атрымала палітычны прытулак. У выніку дзеяньняў праваахоўных органаў Беларусі яна вярнулася ў Чачэнію. 9 чэрвеня ў Чачэнію быў высланы баец мяшаных баявых майстэрстваў Мурад Амрыеў, раней затрыманы на беларускім памежным пункце Весялоўка.

Карэспандэнтка "Новой газеты" Алена Мілашына
Карэспандэнтка "Новой газеты" Алена Мілашына

У дзень візыту ў Беларусь кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава аўтарка расьсьледаваньняў масавага перасьледу ЛГБТ у Чачэніі, тэрарыстычнага акту ў Бэслане, забойства Анны Паліткоўскай карэспандэнтка «Новой газеты» Алена Мілашына апавядае, што адбываецца ў сучаснай Чачэніі і навошта чачэнскім спэцслужбам супрацоўнічаць з КДБ.

Паміж спэцслужбамі Чачэніі і КДБ выстраіліся вельмі шчыльныя стасункі

Чачэнскія ўцекачы на вакзале ў Берасьці
Чачэнскія ўцекачы на вакзале ў Берасьці

Гэтыя стасункі сканцэнтраваныя на кантролі плыні ўцекачоў, якія праз тэрыторыю Беларусі спрабуюць заехаць у Польшчу. Беларусь рэгулярна — пад ціскам альбо на просьбу спэцслужбаў Чачэніі, найперш паліцыі — парушае міжнароднае міграцыйнае заканадаўства, калі выдае чачэнцаў, якіх паводле міжнародных нормаў ня мае права выдаваць. І выдаюць іх менавіта прадстаўнікам чачэнскай паліцыі.

​Мы бачым, што ўзаемадзеяньне чачэнскіх і беларускіх спэцслужбаў нагадвае ўзаемадзеяньне дзьвюх незалежных дзяржаваў. Удзелу Расеі мы асабліва не назіраем. Сьледу ФСБ тут няма, дырэктывы з Масквы няма, а ёсьць наўпроставы кантакт. Нібыта прызнаецца незалежнасьць чачэнскіх спэцслужбаў у іхных спробах кантраляваць усіх чачэнцаў і плынь чачэнскіх уцекачоў, якая празь Беларусь праходзіць у Эўропу.

Як чачэнскія ўцекачы дабіраюцца да Беларусі
Як чачэнскія ўцекачы дабіраюцца да Беларусі

Гэта вельмі нас турбуе, бо паказвае, што чачэнскі рэжым знаходзіць кантакты з краінамі, вельмі ўразьлівымі з гледзішча дэмакратычных нормаў. Беларусь і краіны Блізкага Ўсходу ў гэтым сэнсе падобныя: завязваюцца нефармальныя кантакты, пашыраюцца сфэры ўплыву чачэнскіх сілавікоў і ўладаў на ўлады гэтых краінаў. Яны там могуць рабіць усё, што хочуць. Гэта дэманструе, што працэс уплыву чачэнскага рэжыму разрастаецца паміма волі ці кантролю з боку Масквы.

Беларусь — транзытная тэрыторыя для чачэнскіх уцекачоў яшчэ з часоў першай чачэнскай вайны.

І так было да апошняга часу, бо гэта самы танны і самы наежджаны шлях. Цяпер мы бачым, што ўсё менш чачэнскіх уцекачоў едзе ў Беларусь, бо яны асьцерагаюцца сумесных дзеяньняў чачэнскіх і беларускіх спэцслужбаў супраць іх. Іншыя шляхі знайсьці складана.

Чачэнскія ўцекачы на памежным пераходзе ў Берасьці. Жнівень, 2016
Чачэнскія ўцекачы на памежным пераходзе ў Берасьці. Жнівень, 2016

Чачэнскім уцекачам, на жаль, нідзе ня радыя. Калі шчыра, яны ўсе стаміліся. Многія зь іх паводзяць сябе не зусім адэкватна. У чачэнцаў захоўваецца сувязь з Чачэніяй, сем’ямі, сваякамі. Некаторыя зь іх, нягледзячы на атрыманы прытулак у Эўропе, наладжваюць добрыя кантакты з чачэнскімі ўладамі. Тыя вельмі заахвочваюць вяртаньне ўцекачоў, хаця б часовае. Празь іх распаўсюджваецца ўплыў чачэнскіх уладаў у Эўропе. Усё гэта ў сваю чаргу моцна напружвае эўрапейскія міграцыйныя ўлады і ўплывае на стаўленьне да чачэнскіх уцекачоў.

У жніўні 2016 чачэнскія ўцекачы ад адчаю разьбілі пратэставы лягер на беларуска-польскай мяжы
У жніўні 2016 чачэнскія ўцекачы ад адчаю разьбілі пратэставы лягер на беларуска-польскай мяжы

У Чачэніі шмат людзей, якім фізычна неабходны прытулак. Яны сутыкаюцца з праблемай яго атрыманьня, нават з тым, каб перайсьці мяжу. Беларускія спэцслужбы менавіта такіх людзей вельмі дакладна адпрацоўваюць і дапамагаюць чачэнскім спэцслужбам вяртаць іх у Чачэнію. Што небясьпечна для жыцьця гэтых людзей.

Апошні выпадак з Луізай Дудуркаевай. Яна знаходзіцца ў Чачэніі, яе дапытвалі, пакуль яе сям’я там. Ня думаю, што для яе ёсьць фізычная пагроза, хаця гэты момант нельга выключаць. Ад яе цяпер спрабуюць атрымаць інфармацыю пра тыя праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцаў, якія дапамагалі ёй зьехаць зь Чачэніі і з Расеі.

Луіза Дудуркаева
Луіза Дудуркаева

Кадыраў выкарыстоўвае ў Чачэніі «сталінскі» мэтад калектыўнай адказнасьці

Калі дзесяць гадоў таму Рамзан Кадыраў быў прызначаны кіраўніком, Чачэнія ўяўляла зь сябе рэгіён зь дзейным «тэрарыстычным падпольлем». Для барацьбы зь ім фэдэральны цэнтар дэлегаваў Кадыраву вялізныя паўнамоцтвы і гарантаваў беспакаранасьць. Якімі б мэтадамі ні змагаўся Кадыраў з так званымі тэрарыстамі і баевікамі ісьлямісцкага падпольля, яму і ягоным сілавікам гарантавалі, што іх ня будуць прыцягваць да адказнасьці.

Мэтад, якім ён пачаў змагацца, аказаўся вельмі дзейсным. Гэта мэтад калектыўнай адказнасьці — калі за аднаго чалавека адказвае ня проста сям’я, а цэлы род. Ён наклаўся на традыцыйны ўклад чачэнскага грамадзтва, бо калі ідзецца пра жыцьцё самога чачэнца, то ён вельмі сьмелы чалавек. Але калі ідзецца пра жыцьцё ягоных дзяцей, сям’і, сваякоў, то для чачэнца лічыцца вялікай бядой, калі ён накліча на іх нейкія пакараньні.

Рамзан Кадыраў на стадыёне ў Грозным, 2014
Рамзан Кадыраў на стадыёне ў Грозным, 2014

У гэтым сутнасьць калектыўнай адказнасьці. Яна актыўна ўжывалася за Сталінам, калі за так званых ворагаў народу адказвалі іхныя сем’і, дзеці, жонкі. Гэты мэтад быў увасоблены ў Чачэніі ды аказаўся эфэктыўным.

Мы перажылі пік ісьлямісцкага супраціву на Каўказе ў цэлым і ў Чачэніі ў прыватнасьці. Вельмі моцна гэтаму спрыялі дзеяньні сілавых фэдэральных структураў, алімпіяда ў Сочы. І вайна ў Сырыі, калі было прынята рашэньне, што мы ўсяляк спрыяем сыходу баевікоў ісьлямісцкага супраціву ў Сірыю, на «сьвятую» вайну — кшталту «ваюйце дзе заўгодна, толькі не ў Расеі». Былі адкрытыя межы, і велізарная колькасьць удзельнікаў падпольля туды сышла.

Рамзан Кадыраў і Магамед Даўдаў
Рамзан Кадыраў і Магамед Даўдаў

З 2010 году зьніжаецца тэрарыстычная актыўнасьць на Каўказе, ува ўсіх рэгіёнах, што працягваецца дагэтуль. Клясычнага ісьлямісцкага падпольля на Каўказе ўжо няма. Але ў Чачэніі, на жаль, усе гэтыя мэтады кантролю над насельніцтвам і беспакаранасьць працягваюцца. Гэтая мадэль прывяла да таго, што ў Чачэніі ўсталяваўся таталітарны рэжым, які сапраўды кантралюе ўсе нормы і сфэры жыцьця грамадзтва. Пачынаючы ад таго, як людзі мусяць сябе паводзіць, як яны мусяць думаць, апранацца, гаварыць, ці разводзіцца ім, ці жаніцца. Гэта клясычна таталітарны рэжым.

Вясельле 17-гадовай Луізы Гойлябіевай з начальнікам Нажай-Юртаўскага РУУС 57-гадовым Нужыдам Гучыгавым. У Гучыгава ўжо была жонка і сын. Рамзан Кадыраў назваў падзею «вясельлем тысячагодзьдзя» і наведаў асабіста. 2015
Вясельле 17-гадовай Луізы Гойлябіевай з начальнікам Нажай-Юртаўскага РУУС 57-гадовым Нужыдам Гучыгавым. У Гучыгава ўжо была жонка і сын. Рамзан Кадыраў назваў падзею «вясельлем тысячагодзьдзя» і наведаў асабіста. 2015

Гэтаму таталітарнаму рэжыму ўвесь час трэба сілкаваньне ў выглядзе ўнутраных ворагаў. Праява нязгоды з гэтым рэжымам жорстка караецца ізноў жа з выкарыстаньнем прынцыпу калектыўнай адказнасьці, які дагэтуль ужываўся ў барацьбе з ісьлямісцкім тэрарыстычным падпольлем.

Рэжым ня мае абмежаваньняў з боку фэдэральнага цэнтру, і ўсе рэпрэсіі прымаюць масаваы і маштабны характар.

Фэдэральны цэнтар паставіў задачу: кантроль над сэпаратысцкім рэгіёнам. Любой цаной

Рамзан Кадыраў быў прызначаны кіраўніком Чачэніі ў 2007 годзе, пасьля таго, як у 2004 годзе быў забіты ягоны бацька Ахмат Кадыраў, на якога Крэмль рабіў стаўку ў другой ваеннай кампаніі ў Чачэніі. Рамзан Кадыраў абсалютна ляяльны асабіста прэзыдэнту Пуціну , і дзеля ўсталяваньня кантролю ў Чачэніі гатовы рабіць рэчы, якіх, магчыма, ня быў гатовы рабіць нават ягоны бацька. Гэта два асноўныя моманты, якія паўплывалі на выбар Пуцінам Рамзана Кадырава.

Плякат на сьцяне разбуранага дома ў Грозным. 2005
Плякат на сьцяне разбуранага дома ў Грозным. 2005

​Іншая рэч, што ў той момант у Чачэніі прэтэндэнтамі на гэтую пасаду былі таксама іншыя людзі, якія жорсткасьцю мала саступалі Рамзану Кадыраву, а можа і пераўзыходзілі яго. Я кажу пра тых жа Ямадаевых і іншых чачэнцаў, якія мелі ўзброеныя групы (як і Рамзан Кадыраў на той час) і ўплыў. На жаль, выбар у Крамля быў ня вельмі вялікі, бо што да «фэдэральных» чачэнцаў, як Алу Алханаў, прызначаны прэзыдэнтам пасьля гібелі Ахмата Кадырава ў 2004 годзе, то ён ня змог утрымаць уладу. Ён быў яўна слабым. І Крэмль пабачыў, што Чачэнія будзе слухацца вельмі жорсткай рукі — чалавека, гатовага чачэнцаў забіваць.

Быў прызначаны Рамзан Кадыраў. Ён цудоўна даваў рады той задачы, якую фэдэральны цэнтар яму ставіў. Гэта, безумоўна, кантроль за сэпаратысцкім рэгіёнам. А цана? Любой цаной. Рамзана Кадырава добра прымаюць у краінах Блізкага Ўсходу, дзе ў яго цудоўныя дыпляматычныя стасункі, бізнэс. Але ён неўязны ў эўрапейскія краіны. Фінансы ў Чачэнію большай часткай паступаюць з фэдэральнага бюджэту. Але тое, як яны выдаткоўваюцца, зусім ніяк не кантралюе фэдэральны цэнтар.

Цэнтр Грознага, сталіцы Чачэніі, 1995.
Цэнтр Грознага, сталіцы Чачэніі, 1995.

Чачэнія ёсьць адным зь лідэраў так званага рэкетнага ці рэйдэрскага бізнэсу — «наездаў», стварэньня праблемаў бізнэсмэнам рознага ўзроўню, у тым ліку расейскім. За гэта чачэнцы атрымліваюць вялікія адкаты і сродкі. Усё гэта ідзе ў нефармальны бюджэт Чачэніі. Гэта вялізныя грошы, якіх ніхто не кантралюе і якія дазваляюць сям’і Кадырава і яго асяродзьдзю быць вельмі заможнымі людзьмі.

Рэжым у Чачэніі перайшоў усе межы чалавечнасьці

Сёлета мы ўвесь час пішам пра напад групы моладзі на паліцыянта. Паліцыянт быў забіты. Грозьненскую моладзь затрымалі і пераважна забілі падчас спэцапэрацыі. Пасьля гэтага рушыў рэпрэсіўны каток, была затрыманая вялізная колькасьць людзей — паводле нашых зьвестак, больш за 200. І частку зь іх расстралялі. Проста таму, што сілавікі мелі нічым не абгрунтаваныя падазрэньні, што яны належаць да ісьлямісцкага тэрарыстычнага падпольля, якога ў Чачэніі ўжо не існуе. І чачэнскія ўлады ня раз заяўлялі, што тэрарыстаў у Чачэніі няма. У канцы лютага здарылася яшчэ адна рэпрэсіўная кампанія, ужо ня супраць тэрарыстаў ці нязгодных з рэжымам. Быў затрыманы чалавек, у якога была вялікая база чачэнскіх геяў. Кіраўніцтву Чачэніі гэтая сытуацыя страшна не спадабалася. Яны публічна заявілі, што такія людзі ня маюць права на існаваньне.

Рамзан кадыраў на фэстывалі турызму і адпачынку. Грозны. 2017
Рамзан кадыраў на фэстывалі турызму і адпачынку. Грозны. 2017

Да нас інфармацыя прыйшла ў сярэдзіне сакавіка, мы вельмі доўга яе правяралі, гэта было складана праз спэцыфіку тэмы. Тым ня менш мы змаглі гэта зрабіць, апублікавалі матэрыялы пра рэпрэсіўную кампанію. Значны міжнародны рэзананс, які выклікалі гэтыя публікацыі, дазволіў націснуць на расейскі ўрад. І ўпершыню яны санкцыянавалі нейкія дзеяньні па фактах масавых пазасудовых сьмяротных караў, ахвярамі якіх толькі сёлета сталі дзясяткі людзей з абсалютна розных матываў. Хтосьці гей, хтосьці падазраецца ў тэрарызме, хтосьці прымае наркотыкі...

Матыў абсалютна розны, а мэтады барацьбы і са зьявамі, і зь людзьмі аднолькавыя. Гэта затрыманьне, надзвычай жорсткія катаваньні, незаконнае шматмесячнае ўтрыманьне ў так званых сакрэтных турмах. Насамрэч гэта проста асобныя памяшканьні, якія напэўна мае кожны аддзел паліцыі ў Чачэніі. І пазасудовыя сьмяротныя кары. Яны былі і раней, але сёлета неверагодны ўзровень жорсткасьці.

Рамзан Кадыраў у Грозным. 9 траўня 2015
Рамзан Кадыраў у Грозным. 9 траўня 2015

Мы перадалі ў сьледчыя органы імёны людзей, забітых без суду і сьледзтва. Іх затрымалі ў студзені, і яны зьніклі. І нашае сьледзтва спрабуе зрабіць так, каб гэтыя людзі альбо літаральна «ажылі», альбо выдаць іх за тых, што памерлі з натуральных прычынаў. Альбо выдаць іх за сырыйскіх тэрарыстаў: маўляў, яны сышлі ў Сырыю, хаця замежныя пашпарты ў іх ува ўсіх засталіся дома.

Расейскі ўрад ізноў не рэагуе на жалезныя факты, на тое, што рэжым у Чачэніі перайшоў усе межы чалавечнасьці. Хто наступны будзе мішэньню, складана меркаваць. Атрымліваецца, што чалавек валодае абсалютнай уладай, велізарнымі фінансавымі рэсурсамі і вырашае, каму жыць і каму ня жыць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG