Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Кастуся Жукоўскага аштрафавалі дзясяты раз за год. Агулам — ужо больш як на 9 тысяч


Кастусь Жукоўскі

Суд Чыгуначнага раёну Гомля 29 лістапада аштрафаваў журналіста-фрылансэра Кастуся Жукоўскага на 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за сюжэт на «Белсаце». Сёлета гэта ўжо дзясяты штраф Жукоўскаму за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі».

Журналіст перадаў судзьдзі даведку, што не працуе ў штаце «Белсату», і спаслаўся на Канстытуцыю, якая дае права кожнаму зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

«Здымкі я выкладваю на сваёй старонцы ў YouTube, Facebook’у — іх скарыстоўваюць розныя СМІ, у тым ліку й „Белсат“, — патлумачыў Кастусь Жукоўскі. — Я не рэдакцыя, а прыватная асоба зь відэакамэрай».

Праваабаронца Леанід Судаленка ўдакладніў, што паводле артыкула 22.9 КаАП адказнасьць за незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ прадугледжаная выключна для рэдакцый, то бок юрыдычных асобаў, а не журналістаў.

Сюжэт зь «Белсату» расказваў пра дрэнныя ўмовы працы на гомельскім прадпрыемстве, дзе вырабляюць плястыкавую ўпакоўку.

Кастусь Жукоўскі прызнаў, што ў ім сапраўды выкарысталі частку ягоных відэаздымкаў.

Гэтага аказалася дастаткова для судзьдзі Яўгена Шаршнёва, каб прызнаць Жукоўскага вінаватым.

«Судзяць за праўду, якую не паказвае афіцыйнае тэлебачаньне», — адрэагаваў на прысуд журналіст.

За год на Кастуся Жукоўскага склалі каля 20 пратаколаў за відэаздымкі, якія скарыстоўваў польскі тэлеканал «Белсат». У розных раёнах адбылося дзесяць судоў. Агульная сума штрафаў перавысіла 9 тысяч рублёў.

Наступны працэс па тым самым артыкуле чакае Жукоўскага ў сьнежні. Пра гэта яму напісалі з Добрускага суду праз паведамленьні «Ўкантакце».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG