Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінкавічах журналістаў пакаралі буйнымі штрафамі


Андрэй Толчын і Кастусь Жукоўскі

Судзьдзя Калінкавіцкага раёну Людміла Севасьцянава зь перапынкам у адзін дзень пакарала гомельскіх журналістаў-фрылянсэраў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына буйнымі штрафамі — кожнага на 40 базавых велічыняў, альбо на 920 рублёў.

Падставай для пакараньня стаў відэасюжэт, паказаны на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат», у якім апавядалася пра закрыцьцё школы ў вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёну і рэакцыі на такі крок бацькоў навучэнцаў.

Адміністрацыйныя пратаколы склаў капітан міліцыі Аляксандар Палтаран. У іх гаворыцца, што фрылянсэры, ня маючы акрэдытацыі ў якасьці журналістаў замежных СМІ, «незаконна праводзілі інтэрвіяваньне грамадзян», «незаконна вырабілі прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі пад назваю: „Людзі просяць вярнуць школу — чыноўнікі пагражаюць ім псыхушкай“».

«Улада ў краіне не належыць народу, — камэнтуе прысуд Кастусь Жукоўскі, — і законы, якія ёсьць, ня дзейнічаюць. Мяне перасьледуюць менавіта за тое, што я карыстаюся Канстытуцыяй — яна гарантуе грамадзянам збор і распаўсюд інфармацыі. Я імкнуся асьвятляць праблемы людзей, а заадно і парушэньне законаў самімі дзяржслужбоўцамі. Толькі сёлета міліцыянты склалі на мяне каля двух дзясяткаў пратаколаў, адбылося 9 судоў. Сума штрафаў перавысіла восем з паловай тысяч рублёў. Штрафуюць і тых, хто працуе разам са мною».

Праз рэпрэсіі імкнуцца схаваць праўду

Андрэя Толчына каралі сёлета штрафамі пяць разоў — агулам на 3910 рублёў:

«У Мазыры па адной і той жа адміністрацыйнай справе мяне штрафавалі двойчы. Цяпер меншы штраф (460 рублёў) вяртаюць назад. Лічу, што замовы на пакараньне за супрацу зь „Белсатам“ ідуць па лініі „вэртыкальных“ ідэолягаў, а людзі ў міліцэйскіх пагонах і судзейскіх мантыях — звычайныя выканаўцы гэтых замоваў.

Праз рэпрэсіі імкнуцца схаваць праўду, паставіць заслон непадцэнзурнай інфармацыі».

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, за незаконны выраб прадукцыі СМІ і працу без акрэдытацыі толькі ад пачатку году журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве ў эквіваленце блізу 14 тысяч даляраў штрафаў. Шэраг фрылянсэраў адбылі дзясяткі содняў адміністрацыйных арыштаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG