Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкага журналіста аштрафавалі на 805 рублёў за сюжэт пра згушчанку і заробкі яе вытворцаў


Глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач каля суду Глыбоцкага раёну. 9 лістапада 2017 году

Суд Глыбоцкага раёну прызнаў журналіста Зьмітра Лупача вінаватым паводле артыкулу 22.9 КаАП («Незаконны выраб прадукцыі СМІ») за сюжэт «Глыбоцкую згушчанку далучылі да заводу, адкуль усе ўцякаюць».

Матэрыял быў паказаны на тэлеканале «Белсат».

Старшыняваў на працэсе судзьдзя Андрэй Тарасевіч, які пастанавіў пакараць журналіста штрафам памерам 35 базавых велічынь, або 805 рублёў.

У відэасюжэце пра глыбоцкую згушчанку людзі скардзіліся на тое, што прыбытковы малочна-кансэрвавы камбінат далучылі да стратнага камбікормавага заводу. Работнікі МКК непакоіліся, што ў новай інтэграванай структуры ў іх зьнізяцца заробкі — пра гэта і гаварылі на камэру.

Заводзячы адміністрацыйную справу, міліцыя высьветліла асобы тых, хто даваў інтэрвію, і выклікала іх у якасьці сьведак. У суд таксама прыйшоў адзін з работнікаў. Ён засьведчыў, што даваў інтэрвію і дадаў: для «Белсату» гатовы гаварыць яшчэ, бо канал гаворыць праўду.

Зьмітра Лупача сёлета ўжо тройчы судзілі паводле артыкулу 22.9 КаАП і штрафавалі за відэасюжэты, паказаныя на «Белсаце». Але апошні штраф — самы вялікі.

У 2015 годзе незалежнага журналіста пакаралі штрафам памерам 25 базавых велічынь за артыкул, зьмешчаны на сайце «Эўрарадыё».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG