Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНТ выдаліў сюжэт пра затрымкі заробкаў у Лідзе праз «тэхнічныя пашкоджаньні»


Будынак АНТ у Менску

28 лістапада тэлеканал АНТ выпусьціў у эфір рэпартаж пра тое, як на прадпрыемстве «Лідабудканструкцыя» работнікі атрымалі ў верасьні па 30 рублёў заробку. Празь некалькі гадзін матэрыял зьнік з сайту тэлерадыёкампаніі, а відэа — зь яе каналу на YouTube. Там тлумачаць, што гэта здарылася з тэхнічных прычын.

У рэпартажы размова з рабочымі «Лідабудканструкцыі» ішла пра тое, што затрымліваньне зарплаты на прадпрыемстве стала звычайнай справай.

Грошы, як казалі рабочыя, рэгулярна не выплачваюць амаль год. А за верасень ім выплацілі па 30 рублёў, і гэта ўзарвала сытуацыю.

Журналісты далі выказацца рабочым, а таксама зьвярнуліся па камэнтары да выканаўцы абавязкаў дырэктара прадпрыемства Віктара Ўрбановіча, намесьніка старшыні Лідзкага райвыканкаму Яраслава Мікавоза і старшыні Гарадзенскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў Рамуальда Юркоўскага.

Рабочыя казалі, што ў іх няма больш сіл так жыць і працаваць, а начальства запэўнівала, што робіць захады, каб выправіць сытуацыю.

Матэрыял хутка падхапілі іншыя СМІ, але 29 лістапада ён зьнік з сайту АНТ. Выдаленая старонка захавалася ў кэшы пошукавіка Google, а відэа — на YouTube-канале Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Прэсавы сакратар АНТ Сьвятлана Ціханава патлумачыла Свабодзе, што сюжэт зьнялі з «тэхнічных прычын», бо ў ім «маюцца пэўныя пашкоджаньні відэа». Але ўжо ўвечары, паводле прэс-сакратара, сюжэт павінны вярнуць на сайт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG