Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Партнэрства», «Малады Фронт», «Вясна». Каго зачапіў артыкул 193.1, які хочуць лібэралізаваць


Ахова Генпракуратуры правярае дакумэнты ў прадстаўніка незарэгістраванай арганізацыі Дзядоў Марозаў, Менск, 2009 год

Беларускі ўрад прапанаваў скасаваць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя «незарэгістраваных арганізацый», пакінуць толькі штрафы да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) паводле Адміністрацыйнага кодэксу.

За пэрыяд з 2005 па 2012 год 18 сябраў незарэгістраваных арганізацый былі асуджаныя па артыкуле 193.1 КК РБ. Пяцёра зь іх — да пазбаўленьня волі, астатнія — да штрафаў. Пасьля 2012 году былі толькі папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня артыкула, але людзей ня кідалі за краты і не штрафавалі.

Чаму крымінальны артыкул вырашылі скасаваць толькі цяпер, невядома. Яшчэ ў 2009 годзе Міністэрства юстыцыі пісала, што мяркуе гэта зрабіць. Тым ня меней нават адміністрацыйная адказнасьць за гэта, як казаў Свабодзе юрыст Валянцін Стэфановіч, — гэта «недапушчальнае абмежаваньне свабоды асацыяцый».

Справа «небясьпечных назіральнікаў» з «Партнэрства»

Эніру Браніцкую з «Партнэрства» канваююць у суд, жнівень 2006 году
Эніру Браніцкую з «Партнэрства» канваююць у суд, жнівень 2006 году

У жніўні 2006 году па гэтым артыкуле ў турмы пасадзілі Цімафея Дранчука (год у калёніі агульнага рэжыму), Мікалая Астрэйку (два гады ў калёніі агульнага рэжыму), Андрэя Шалейку і Эніру Браніцкую (абаім — 6 месяцаў агульнага рэжыму) за дзейнасьць арганізацыі «Партнэрства», якая займалася назіраньнем на выбарах. Браніцкую і Шалейку амаль адразу вызвалілі, бо скончыўся тэрмін зьняволеньня (з улікам таго, што яны былі за кратамі падчас сьледзтва), Астрэйку вызвалілі праз чатыры месяцы пасьля прысуду, замяніўшы турму папраўчымі працамі, Дранчука адпусьцілі празь пяць месяцаў пасьля прысуду.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Спачатку чацьвярых таксама абвінавачвалі ў дзейнасьці арганізацыі, «дзейнасьць якой спалучаная з гвалтам, прычыненьнем цялесных пашкоджаньняў або іншымі замахамі на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян», але гэтую частку абвінавачваньняў зьнялі. Тым ня меней нават прысуд па «менш жорсткім» артыкуле выклікаў рэакцыю міжнародных праваабаронцаў. Прысуд быў названы палітычна матываваным, а Amnesty International ініцыявала акцыю міжнароднай падтрымкі актывістаў.

Справа «Маладога фронту»

Зьміцер Дашкевіч у судзе, лістапад 2006 году
Зьміцер Дашкевіч у судзе, лістапад 2006 году

У 2006 годзе крымінальную справу супраць актывістаў беларускага «Маладога фронту», зарэгістраванага ў Чэхіі, распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам. У пракуратурах тады дапытвалі дзясяткі маладафронтаўцаў. На закрытым судзе Зьмітру Дашкевічу прысудзілі паўтара года пазбаўленьня волі. Зьмітра Хведарука аштрафавалі на 40 базавых велічыняў, Алега Корбана, Аляксея Янушэўскага і Барыса Гарэцкага — на 30 базавых, Насту Палажанку (цяпер — Дашкевіч) толькі папярэдзілі. За «Малады фронт» штрафавалі таксама Эдварда Зелянкова, Яраслава Грышчэню, Анастасію Азарку і Касю Салаўёву.

«Апошні чыста палітычны артыкул»: Дашкевіч аб прапанове ўраду не саджаць за незарэгістраваныя арганізацыі

Незаконны прытулак для бяздомнікаў

Заснавальнік прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўцы Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў у пакоі зь ляжачымі бяздомнымі
Заснавальнік прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўцы Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў у пакоі зь ляжачымі бяздомнымі

У 2013 годзе жыхара вёскі Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у вёсцы прытулак для бяздомных, вінавацілі ў дзейнасьці ад імя «незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі».

«Я дапамагаю гэтым бедным людзям, але ніхто рэгістрацыі мне не дае: ні дзяржава, ні касьцёл, — казаў тады Шчадроў. — Я неаднойчы размаўляў з уладамі пра гэта, але яны рэагуюць так, што ў нашай краіне бамжоў няма, а толькі маламаёмныя».

Шчадрова ў выніку не пакаралі, але прытулак намагаліся закрыць іншымі шляхамі. Урэшце Шчадрова прызналі «дармаедам».

І Дзяды Марозы не зарэгістраваныя

Акцыя за адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, кастрычнік 2009 году
Акцыя за адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, кастрычнік 2009 году

Паводле артыкула «папярэджвалі» і Саюз палякаў, і рух «Гавары праўду», і праваабаронцаў «Вясны», і нават групоўку Дзядоў Марозаў. Апошнія зладзілі ў канцы 2009 году акцыю супраць артыкула 193.1, перадалі ў пракуратуру пэтыцыю супраць артыкула. Яны самі «здаліся»: прызналіся, што «арганізацыя Дзядоў Марозаў» незарэгістраваная. Генэральная пракуратура цалкам сур’ёзна адказала, што судзіць па крымінальным артыкуле могуць і за гэта.

Праваабаронцы «Вясны»

На пачатку 2011 году генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч папярэдзіў старшыню Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага пра адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Заява ад імя Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» пра намер і надалей дзейнічаць у якасьці незарэгістраванай арганізацыі ПЦ Вясна і пра неканстытуцыйнасьць арт. 193.1 КК.

Калі Алеся Бяляцкага судзілі за нясплату падаткаў з грошай на праваабарончую дзейнасьць, Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы зрабіла заключэньне па гэтым артыкуле.

«Вэнэцыянская камісія» тады прызнала артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі незаконным. Міжнародныя праваабаронцы заявілі, што адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не адпавядае міжнародным пагадненьням, падпісаным краінай.

У прыватнасьці, 193 артыкул парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах, ратыфікаваны Беларусьсю.

Сябры Эўрапейскай камісіі «За дэмакратыю праз права» ў сваім заключэньні падкрэсьлілі, што свабода асацыяцый — неад’емнае права кожнага грамадзяніна.

Не саджаць за незарэгістраваныя арганізацыі, караць за прапаганду самагубства: што хочуць зьмяніць у Крымінальным кодэксе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG