Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід з Магілёва адклаў галадоўку. Гарвыканкам паабяцаў даставіць яму вазок


Бязногі інвалід з Магілёва Ўладзімер Вусікаў вырашыў адкласьці галадоўку, бо гарвыканкам паабяцаў замяніць яму інвалідны вазок

Гарвыканкам: Вазок даставяць інваліду на дом

72-гадовы інвалід з Магілёва Ўладзімер Вусікаў заявіў аб намеры распачаць галадоўку пасьля таго, як на працягу чатырох месяцаў, як ён сьцьвярджае, сацыяльныя службы ўхіляліся выдзеліць яму новы электравазок замест зламанага, які не падлягаў рамонту. Прапаноўвалі ўзяць вазок, які, як высьветлілася быў з тэхнічнымі хібамі.

З акцыяй пратэсту інвалід зьбіраўся выйсьці да будынка гарвыканкаму 25 жніўня. Паколькі гэта была пятніца, то адклаў абвяшчэньне галадоўкі на панядзелак 28 жніўня.

26 жніўня ён атрымаў ліст, падпісаны намесьніцай старшыні гарвыканкаму Алай Галушкай з запэўніваньнем, што просьба інваліда на замену вазка задаволеная. У допісе сказана: даставяць вазок да 31 жніўня 2017 году на дом Вусікаву.

«Мяне дакаралі, што я ня ўмею карыстацца вазком… зламаным»

«Мне цяжка сказаць, што паўплывала на чыноўнікаў мая заява пра галадоўку, альбо тое, што вазок, які намагаліся мне даць, трэці раз адправілі ў рамонт», – камэнтуе рашэньне гарвыканкаму Уладзімер Вусікаў.

«Пасьля маёй заявы пра галадоўку да мяне наведалася бала камісія, якая пераконвала ўзяць адрамантаваны вазок, гэта той, які пасьля камісіі зноў рамантавалі, – казаў далей у інтэрвію Свабодзе інвалід. – Спэцыялісты-рамонтнікі мяне дакаралі тым, што я ня ўмею карыстацца вазком. Самі яго тэставалі, але, відаць, ня здолелі і сябе пераканаць, што ён спраўны. Пасьля наведваньня камісіі я напісаў ліст на імя старшыні гарвыканкаму Ўладзімеру Цумараву, каб ён вырашыў праблему з вазком. Неўзабаве прыйшоў ліст, што мне да 31 жніўня даставяць вазок».

Ад галадоўкі не адмаўляюся. Рагляджу, што прывязуць

Вусікаў пакуль не адмаўляецца ад галадоўкі, а толькі адкладае яе: «Паглядзім, які вазок мне прывязуць».

Уладзімер Вусікаў у 2008 годзе ўжо выходзіў зь пікетам да гарвыканкаму, каб чыноўнікі зьвярнулі ўвагу на ягоныя жыльлёвыя праблемы. Тады інвалід дамогся свайго: яму выдзелілі пакой у Доме вэтэранаў. За несанкцыянаваную акцыю пратэсту Вусікава пакаралі штрафам памерам дзьве мінімальныя велічыні.

Вусікаў інвалід першай групы. Праз хваробу сэрца ў 1987 годзе яму ампутавалі ногі. Калі круціць вазок рукамі, пачынаецца задышка. Ён хворы на цукроўніцу. Жыве ў Доме вэтэранаў. У пакоі разам з інвалідам жывуць два сабакі. Вусікаў езьдзіць на вазку, які далі з падменнага фонду. Паводле інваліда, для яго гэты вазок зацесны.

XS
SM
MD
LG