Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскі інвалід-«недармаед» атрымаў магчымасьць набыць якасны пратэз


Пінскі інвалід Мікалай Крычко
Пінскі інвалід Мікалай Крычко

Падчас сустрэчы з чытачамі ў Гомлі нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч паабяцала аказаць фінансавую дапамогу пінскаму інваліду Мікалаю Крычко.

Жыхар Пінску выйшаў на мыліцах 11 сакавіка на «марш недармаедаў», каб выказаць сваю нязгоду з сытуацыяй у краіне. Інвалід даў інтэрвію ў жывым эфіры Свабоды. Тое інтэрвію заўважыў гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка і заклікаў грамадзкасьць сабраць грошы на якасны пратэз для Крычко.

Пінчук ужо ведае, што яго ў складанай сытуацыі вырашыла падтрымаць Сьвятлана Алексіевіч:

Надзвычай прыемна, нават словамі не магу апісаць свае эмоцыі. Вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу ды падтрымку

«Дачка мне патэлефанавала і сказала, што нобэлеўская ляўрэатка пагадзілася мне дапамагчы. Дзякуй ёй вялізны за гэта. Надзвычай прыемна, нават словамі не магу апісаць свае эмоцыі. Вельмі ўдзячны ўсім за дапамогу ды падтрымку. Сёньня да абеду я наведваўся ў банк. Пакуль грошы не паступілі. На рахунку сабрана 1343 рублі, на тэлефоне яшчэ 370 рублёў. Дачка сказала, што неўзабаве паедзе ў Менск ды здыме гэтыя сродкі».

Грошы ад нобэлеўскай ляўрэаткі на рахунак Мікалая Крычко паступяць бліжэйшым часам, сказаў Радыё Свабода гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка:

«Цяпер гэта тэхнічнае пытаньне, якое вырашыцца бліжэйшым часам. Галоўнае, што Сьвятлана Алексіевіч пагадзілася выдзеліць столькі, колькі не хапае інваліду на якасны пратэз».

Імпартны пратэз, які дазволіць Мікалаю Крычко свабодна перамяшчацца, каштуе больш за 6 тысяч рублёў. Сабраць самастойна такую суму пэнсіянэр ня можа. Ад пачатку лета да сёньняшняга дня на рахунак інваліда пералічылі грошы больш за паўсотні неабыякавых грамадзянаў. Але да гэтага часу неабходнай сумы бракавала. Цяпер жа Крычко кажа, што ўзнавіў кантакты зь менскай клінікай, дзе вырабляюць пратэзы:

«Мне неяк тэлефанавалі і пыталіся, калі прыеду ў лякарню. Я ж на пачатку лета быў у Менску, рабіў замеры, замаўляў пратэз. Але на той момант не было грошай. А вось сёньня зьвязваўся з клінікай. Праўда, на месцы не было адказных асобаў, сказалі, каб патэлефанаваў заўтра».

Мікалай Крычко дзякуе кожнаму, хто адгукнуўся на зварот аб зборы сродкаў для яго. А найбольш прыемна атрымаць такі падарунак ад вядомай пісьменьніцы:

«Мне расказваў пра Сьвятлану Алексіевіч унук. Казаў пра яе творчасьць, пра пазыцыю грамадзянскую. Ведаю, што ляўрэатка актыўна цяпер ладзіць сустрэчы. Але сам асабіста не чытаў яе твораў. Шчыра скажу, што ў маім стане, з маім здароўем чытаньне — ня самы лепшы занятак. Фантомныя болі не даюць засяроджвацца і сядзець бяз руху доўгі час. Чытаць, на жаль, немагчыма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG