Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве бязногі інвалід пагражае галадоўкай. Яму не даюць новага вазка


Уладзімер Вусікаў

72-гадовы бязногі інвалід з Магілёва Ўладзімер Вусікаў пагражае распачаць галадоўку. Ён заяўляе, што сацыяльныя службы падманулі яго, выдаўшы замест новага электравазка стары і няспраўны. Інвалід накіраваў у гарвыканкам ліст, якім паінфармаваў чыноўнікаў пра намер правесьці акцыю пратэсту.

«25 жніўня, — напісаў ён чыноўнікам, — абвяшчаю галадоўку ля гарвыканкаму з патрабаваньнем выдзеліць мне новы вазок».

Далі тры няспраўныя вазкі. Вымусілі падпісаць паперу, што ня мае прэтэнзіяў

Паводле інваліда, 25 красавіка ў яго зламаўся вазок, на якім ён ад’езьдзіў каля сямі гадоў. Супрацоўнікі цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Ленінскага раёну Магілёва сказалі яму, што адрамантуюць вазок за сродкі ўладальніка. Вусікаў пагадзіўся, але пазьней даведаўся, што рамонт транспартнага сродку нямэтазгодны. Інвалід сьцьвярджае, што яму паабяцалі даць новы вазок.

Заява Вусікава пра галадоўку. У ёй апісаная гісторыя пра вазкі
Заява Вусікава пра галадоўку. У ёй апісаная гісторыя пра вазкі

За тры месяцы, кажа Вусікаў, яму прапанавалі некалькі вазкоў, якія былі з хібамі і не адпавядалі габарытам ягонай кватэры і месцам, куды ён пастаянна наведваецца (крамы, аптэкі). Апошні прывезены вазок з выгляду быў новым, і інвалід падпісаў паперу, што болей ня мае прэтэнзіяў да сацыяльных службаў, але, выехаўшы на ім вонкі, вярнуцца змог толькі з дапамогай староньніх людзей.

«Я пачаў настойваць, каб мне далі новы вазок замест майго зламанага, — тлумачыць сваю пазыцыю Вусікаў. — Аднак ні вазка, ні пэўнага адказу мне не даюць. Да таго ж вымагалі ад мяне, каб я падпісаў паперу, што ня маю прэтэнзіяў да вазка, у якога было зламанае кола. Я расцэньваю такую сытуацыю як ашуканства і шкодніцтва. Расказаў быў сваю гісторыю ўчастковаму, дык ён параіў зьвяртацца ў суд, бо ўгледзеў парушэньне маіх правоў. Я наважыўся на галадоўку, каб такіх сытуацыяў больш не было і мне далі новы вазок, а не падсоўвалі старыя з тэхнічнымі хібамі».

Гарвыканкам: вазок у рамонце

Дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што супрацоўнікі сацыяльнай службы абяцалі выдзеліць новы вазок, у Вусікава няма. Ён кажа, што пра новы вазок гаварыў зь імі праз тэлефон.

У адказе з гарвыканкаму, куды зьвярнуўся інвалід, каб даць рады праблеме, яму адпісалі, што зламаны вазок Цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Ленінскага раёну адправіў у філіял Беларускага пратэзна-артапэдычнага аднаўленчага цэнтру для рамонту. Пакуль яго рамантуюць, Вусікаву далі вазок з падменнага фонду.

Трыццаць гадоў бяз ног у вазку
Трыццаць гадоў бяз ног у вазку

«Гэты вазок вузкі для мяне і стварае нямала праблемаў, каб у ім усесьціся, — адзначае інвалід і дадае:

«Тое, што адпісалі з гарвыканкаму, толькі пацьвярджае, што сацыяльная служба мяне падманвала ўсе тры месяцы, абяцаючы новы вазок, а высьвятляецца, што зламаны адправілі ў рамонт толькі 2 жніўня. Тры месяцы мяне проста вадзілі за нос. Таму я і абвяшчу галадоўку».

На галадоўку з хворым сэрцам

Уладзімер Вусікаў у 2008 годзе ўжо выходзіў зь пікетам да гарвыканкаму, каб чыноўнікі зьвярнулі ўвагу на ягоныя жыльлёвыя праблемы. Тады інвалід дамогся свайго: яму выдзеллі пакой у Доме вэтэранаў. За несанкцыянаваную акцыю пратэсту Вусікава пакаралі і штрафам памерам дзьве мінімальныя велічыні.

Адказ з гарвыканкаму пра тое, што вазок Вусікава ў рамонце
Адказ з гарвыканкаму пра тое, што вазок Вусікава ў рамонце

Вусікаў інвалід першай групы. Праз хваробу сэрца ў 1987 годзе яму ампутавалі ногі. Калі круціць вазок рукамі, пачынаецца задышка. Ён хворы на цукроўніцу. Жыве ў Доме вэтэранаў. У пакоі разам з інвалідам жывуць два сабакі.

XS
SM
MD
LG