Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вазочнік Сяргей знайшоў сваё шчасьце


Праваабаронцы і грамадзкія актывісты Сяргей Драздоўскі і Настасься Жаўрыд у канцы чэрвеня пабраліся шлюбам. Новая маладая сямʼя асаблівая тым, што Сяргей — інвалід-вазочнік, а Настасься — звычайная дзяўчына безь фізычных абмежаваньняў.

Пра нас ходзіць гэтулькі чутак, што час ужо распавесьці пра сябе ўголас

Сяргей і Настасься сустракаюць на невялічкай кухні ў інтэрнаце непадалёк ад плошчы Якуба Коласа ў Менску. Сямʼя толькі што вярнулася з працы, маладая жонка гатуе каву.

Сяргей Драздоўскі і Настасься Жаўрыд — маладая сямʼя
Сяргей Драздоўскі і Настасься Жаўрыд — маладая сямʼя

Абое ахвотна пагаджаюцца на інтэрвію:

«Пра нас ходзіць гэтулькі чутак, што час ужо распавесьці пра сябе», — сьмяецца Настасься.

Пакуль у мікрахвалёўцы смажацца «ўлюбёныя» канапкі мужа, сужэнцы распавядаюць пра інтэрнацкія «выгоды»: адзін з пакояў прыстасаваны пад «кухню», каб менш выходзіць на агульны калідор. І нават за гэтае жытло маладой сямʼі даводзіцца змагацца з чыноўнікамі.

«Але гэта асобная гісторыя», — махае рукою Сяргей.

Сяргей і Настасься ўзгадваюць, калі і як пазнаёміліся
Сяргей і Настасься ўзгадваюць, калі і як пазнаёміліся

Спартовец і студэнт-выдатнік — у інвалідным вазку

Пра гісторыю сваёй інваліднасьці — адну з характэрных для вазочнікаў — Сяргей апавядае гэтаксама проста і ляканічна: «Лета, сьпёка, купаньне зь сябрамі і хрыбетка, зламаная аб дно плыткай ракі». Гэтак — на апошнім курсе Менскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту — выдатнік вучобы і найлепшы спартовец апынуўся ў інвалідным вазку.

У дзяцінстве Сяргей быў звычайным хлапчуком
У дзяцінстве Сяргей быў звычайным хлапчуком

Пра гэтую частку свайго жыцьця Сяргей амаль не ўспамінае: ані пра цяжкасьці рэабілітацыі, ані пра скасаваныя жыцьцёвыя пляны. Доўгі час малады чалавек працягваў займацца спортам ужо ў інвалідным вазку, але настаў час выбару: альбо спорт, альбо грамадзка-праваабарончая дзейнасьць. Атрымаўшы да таго часу адукацыю юрыста ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце, Сяргей стаў адным з кіраўнікоў «Беларускага таварыства інвалідаў».

Сяргей Драздоўскі на акцыі пратэсту супраць парушэньня правоў інвалідаў
Сяргей Драздоўскі на акцыі пратэсту супраць парушэньня правоў інвалідаў

У гэтай якасьці неаднойчы арганізоўваў вулічныя акцыі вазочнікаў за правы інвалідаў, нават стаў зоркаю сацыяльнае рэклямы. А затым узначаліў «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю». Там і спаткаў свой асабісты лёс — маладую жонку Настасьсю.

З вазочнікамі ўпершыню сутыкнулася толькі на працы

Настасься Жаўрыд маладзейшая за свайго мужа на 15 гадоў. «Гэтая розьніца ўзросту была адным з аргумэнтаў, калі хтосьці спрабаваў адгаварыць ад шлюбу», — сьмяецца яна. 29-гадовая юрыстка апавядае, як да спатканьня зь Сяргеем працавала ў камэрцыйных і дзяржаўных структурах, як змагалася за правы жывёлаў у грамадзкіх арганізацыях, так прыйшоўшы і да праваабарончай дзейнасьці.

Настасься Жаўрыд падтрымлівае раварыстаў
Настасься Жаўрыд падтрымлівае раварыстаў

Час ад часу жонка называе мужа Сяргеем Яўгенавічам — як гэта было і ў «Офісе па правах людзей з інваліднасьцю», дзе Сяргей быў для Настасьсі кіраўніком.

«Перш я „па сьцяне“ ўсё хадзіла — асьцерагалася Сяргея. Прынамсі сваім мужам дакладна яго не ўяўляла», — з усьмешкай прыгадвае Настасься.

«Я ўвогуле ніколі не сутыкалася з вазочнікамі — упершыню непасрэдна сустрэлася толькі на працы. Не ўяўляла, як правільна зь імі паводзіцца, ня ведала ніякага этыкету і думала — няхай усё будзе інтуітыўна».

Дакладна памятаю, калі канчаткова закахалася

Тым часам Настасься ўладкоўваецца на канапе ў суседнім «спальным» пакоі, а Сяргей побач зь ёй — на інвалідным вазку.

У гэтым інтэрнацкім пакоі Сяргей доўгі час жыў адзін. Усё тут уладкавана дзеля ягоных патрэбаў: на прысьценных паліцах парфума, тэлефон, гадзіньнік, іншыя дробныя рэчы — на ўзроўні выцягнутай рукі з вышыні інваліднага вазка. Вышэй — мастацкая літаратура, дзіцячыя фатаздымкі, а далей — працоўнае месца пры стале, дзе кампутар з тэлевізарам.

Усе неабходныя рэчы ўкладзеныя так, каб іх лёгка было дастаць з вышыні інваліднага вазка
Усе неабходныя рэчы ўкладзеныя так, каб іх лёгка было дастаць з вышыні інваліднага вазка

Тут сужэнцы працягваюць аповед пра гісторыю свайго каханьня. Паводле Сяргея, шлюб з Настасьсяй яму таксама «і ў галаву не заходзіў». Але адным з галоўных складнікаў будучых дачыненьняў сталася тое, што абое былі юрыстамі, мяркуе Настасься.

Сяргей Драздоўскі падчас размовы са Скотам Роландам — колішнім павераным ЗША ў Беларусі
Сяргей Драздоўскі падчас размовы са Скотам Роландам — колішнім павераным ЗША ў Беларусі

«Я вельмі люблю разумных мужчын», — прызнаецца яна і працягвае:

«Прычым я дазваляла сабе зь ім спрачацца, а ў яго такі голас.... І дакладна памятаю, калі закахалася: аднойчы мы сядзелі адно насупраць аднаго, і раптам распачалася нейкая спрэчка. Мы размаўлялі хвілін дзесяць, і я зразумела — ну вось яно. І раптам бачу, што ўсе сьціхлі і моўчкі глядзяць на нас. І першае — я тады вельмі спалохалася», — сьмяецца Настасься.

«Я Насту ўспрыняў так: гэтага ня можа быць. Бо разумеў, што не адпавядаю ніводнаму крытэру яе захапленьняў і не ўваходжу ў кола яе інтарэсаў. А пасьля... усё хутка разьвівалася», — пераказвае свае ўражаньні Сяргей.

Абое расказваюць пра спатканьні ў розных кутках гораду, пра доўгія размовы за кубкам кавы, пра супольны адпачынак у Эгіпце гэтай зімой. Сябры і сваякі, калегі ў працы толькі тады і даведаліся пра новую пару, калі Сяргей і Наста выклалі здымкі ў інтэрнэт.

На пытаньне, ці не складана было ехаць да мора інваліду-вазочніку, маладыя толькі ўсьміхаюцца: «Абсалютна ніякіх праблемаў. Я на сваёй машыне адзін да Брусэлю даяжджаў», — кажа Сяргей. «Гэта толькі ў нас праблемы здараюцца, як, да прыкладу, — абсалютна нельга езьдзіць грамадзкім транспартам. І каб ня мой аўтамабіль, я ня здолеў бы трымаць такі актыўны лад жыцьця».

Бацькі хваляваліся, ці праедзе Сяргей на вазку ў кватэру

Маладыя прызнаюцца, што і на працы доўга ўтойвалі праўду, але выключна з прычыны службовых дачыненьняў. Менавіта таму напярэдадні вясельля Настасься пакінула «Офіс па правах чалавека» і цалкам перайшла на прыватную юрыдычную практыку.

Са сваякамі было яшчэ больш складана, прызнаецца Настасься: «Маме я прызналася, што, маўляў, здаецца, мне падабаецца мой начальнік на працы і я яму таксама. І ён у інвалідным вазку, — кажа Наста і працягвае: Першая яе рэакцыя была — і радасьць і спалох: „Як? Наста?!“ Яна нібыта і радая была, і адначасна баялася».

Настасься з бацькамі падчас вясельля
Настасься з бацькамі падчас вясельля

Настасься апавядае, як упершыню паехалі да яе бацькоў у госьці, каб пазнаёміцца. «Мама ўвесь дзень тэлефанавала і перапытвала: якімі павінны быць дзьверы, каб прайшоў Сяргееў вазок, што трэба падкласьці да парога, каб пераехаць вазком, ну і ўсе такія дробязі. Для яе і цяпер самае вялікае дзіва, як Сяргей гэтак хутка перасаджваецца з вазка на канапу ці наадварот».

Вясельле плянавалі сьціплае, але ў выніку было «ўсё як ува ўсіх»

Сяргей і Настасься распавядаюць, як плянавалі сьціплае вясельле для самых блізкіх сваякоў. У выніку гэтых блізкіх назьбіралася больш за сорак чалавек і сьціплыя пляны ператварыліся ў «традыцыйнае вясельле з выняткам выкраданьня нявесты і некаторых іншых атрыбутаў». «Вядома, падрыхтоўка вымагала ў нас сілаў, але гэта такая прыгажосьць была! Гэта было так хораша! Я такіх эмоцыяў не перажывала ніколі ў жыцьці», — дзеліцца ўражаньнямі Настасься.

Сяргей і Настасься падчас вясельля
Сяргей і Настасься падчас вясельля

Ці адгаворвалі сваякі ці сябры шлюбавацца зь Сяргеем, ці не баялася «ня справіцца», Настасься шчыра адказвае, што баялася. І спакойна дадае:

«Вядома, я разумела, што мне самой давядзецца „ўкручваць лямпачкі“, але кожны чалавек мае свае абмежаваньні. У Сяргея яны ня самыя цяжкія. І насамрэч ён усё можа сам: посуд памыць, да машыны даехаць і сесьці ў яе». «Проста Наста дапамагае зрабіць гэта ўдвая хутчэй», — дадае Сяргей.

Хто ў сямʼі галоўны? Няма такіх — «мы пароўну адкусілі каравая», — сьмяюцца сужэнцы. А вось «мядовы месяц» яны адклалі на пазьнейшы тэрмін праз шчыльны графік працы ў абаіх, сямейнае жыцьцё распачалі зь «дзьвюх вялікіх праблемаў»: рамонту ў інтэрнацкіх пакойчыках і змаганьня за жытло.

За пакой у інтэрнаце інвалід-вазочнік будзе змагацца ў судзе

«Калі я быў малым, я хадзіў сюды ў дзіцячы садок. А вось цяпер у ім жыву», — разводзіць рукамі Сяргей, паказваючы на інтэрнацкія пакоі. Некалі колішні дзіцячы садок належаў Менскаму паліграфічнаму камбінату, а калі прадпрыемства пачало занепадаць, садок перайначылі пад інтэрнат, куды і пасялілі Сяргея з бацькамі — тагачаснымі працаўнікамі камбінату.

А сёлета адміністрацыя Савецкага раёну перавяла інтэрнат у статус камэрцыйнага жыльля, выдаліўшы яго жыхароў з чаргі на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. У дадатак насельнікаў вымушаюць выдаткоўваць ўтрая большыя грошы за нібыта арэнду памяшканьняў. Сяргей распавядае пра доўгае і жорсткае супрацьстаяньне зь мясцовымі ўладамі, каб вярнуць свайму жытлу ранейшы статус інтэрнату, пра пагрозы адключыць інваліду сьвятло, выселіць на вуліцу. У выніку — перамога: статус інтэрнату вернуты. Але наперадзе суд: улады так і не аднавілі маладую сямʼю інваліда-вазочніка ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. Але сужэнцы заяўляюць, што жыцьцё ў інтэрнаце яны разглядаюць як часовае і маюць іншыя пляны — збудаваць сабе загарадны дом. На пытаньне, ці ёсьць у іхных плянах дзеці, абое з усьмешкай адказваюць: «А як жа? Сын!».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG