Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўпёрся ў безбарʼернае асяродзьдзе» — вазочнік Яўген Зяневіч тыднямі не выходзіць з кватэры


Дом 38-гадовага менчука Яўгена Зяневіча не адпавядае ўмовам «безбарʼернага асяродзьдзя». Тры гады Яўген змагаецца, каб гарадзкія ўлады ўсталявалі ў ягоным доме пандус для інваліднага вазка. Пакуль безвынікова.

Паехаў купацца на возера — апынуўся ў інвалідным вазку

Жыцьцё ў інвалідным вазку для 38-гадовага Яўгена пачалося дваццаць гадоў таму.

«Нарадзіўся я і вырас у Менску, адвучыўся ў школе, паступіў у Менскі вышэйшы каледж грамадзянскай авіяцыі. Калі быў яшчэ на першым курсе, паехаў зь сябрамі адпачываць на вадаём. Нырнуў, зламаў шыю — так апынуўся ў вазку», — коратка ўзгадвае падзеі Яўген і працягвае:

«Наступствы гэтай траўмы такія, што чалавек становіцца цалкам нерухомы ад грудзей. Я два гады і праляжаў у ложку. Але дзякуючы маім родным амаль аднавіў рухомасьць рук, а вось ногі засталіся бязьдзейнымі».

Кватэра ў Яўгена пабудаваная так, каб ён мог жыць зусім самастойна
Кватэра ў Яўгена пабудаваная так, каб ён мог жыць зусім самастойна

Яўген кажа, што другое жыцьцё ў яго распачалося пасьля таго, як трапіў на зборы актыўнай рэабілітацыі ў Менскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў. Там яго навучылі ня быць залежным ад іншых людзей і весьці ўмоўна-самастойнае жыцьцё.

«Фактычна — гэта навучыцца жыць зь іншым целам: навучыцца, як надзець нагавіцы, шкарпэткі, сесьці ў вазок і легчы ў ложак. Многія траўмаваныя людзі могуць гэта рабіць, але ня ведаюць як, і застаюцца цалкам залежныя ад іншых людзей. А пабытовая рэабілітацыя — яна вельмі важная».

Працаваў «даглядчыкам», а цяпер паўнавартасны супрацоўнік буйнога інтэрнэт-рэсурсу

Сацыяльная і пабытовая адаптацыя — галоўны крок да таго, што інвалід ня толькі ня будзе ўтрыманцам сваіх родных і дзяржавы, але нават зможа прыносіць карысьць, — перакананы Яўген на ўласным прыкладзе.

«Ужо праз чатыры гады пасьля траўмы я пачаў працаваць дыспэтчарам у інтэрнэт-краме: прымаў замовы, даваў кансультацыі. Потым абавязкаў дадавалася — пачаў суправаджаць сайт, і цяпер гэта сталая афіцыйная праца на буйным інтэрнэт-партале».

Яўген на працоўным месцы ад раньня
Яўген на працоўным месцы ад раньня

Яўген кажа, што праца для інваліда — гэта ня толькі пытаньне запатрабаванасьці і заробку, але і магчымасьць павялічыць мізэрную пэнсію па інваліднасьці.

«У мяне была пэнсія па інваліднасьці 180 рублёў на цяперашнія грошы. У нашай краіне трэба, каб заўсёды хтосьці інваліду дапамагаў. І мая мама дапамагла мне сабраць даведкі пра гады маёй працы на інтэрнэт-сайце, бо я нізавошта ня здолеў бы гэтага зрабіць. І цяпер я атрымліваю каля 300 рублёў — працоўную пэнсію. Інакш я ня ведаю, як бы я жыў. Гэта было б не жыцьцё, а падтрымка фізычнага цела ў рэжыме існаваньня».

Яўген перакананы, што бальшыня людзей з інваліднасьцю маглі б працаваць, але ня ведаюць, як гэта зрабіць. «Вельмі важна, каб у краіне разьвівалася дыстанцыйная праца для тых, хто ня можа дабірацца да працы самастойна. Тым больш што разьвіцьцё інтэрнэт-тэхналёгіяў дае такую магчымасьць. Павінна быць дзяржаўная праграма для такіх людзей, многія зь якіх могуць прыносіць карысьць сабе і дзяржаве, але ня ведаюць, як гэта зрабіць. Мне пашанцавала — я працую дома. Інакш, з нашым «безбарʼерным» асяродзьдзем, гэта было б немагчыма.

Яўген жыве ў новым сучасным доме, але пандусаў у ім няма
Яўген жыве ў новым сучасным доме, але пандусаў у ім няма

Я ўпёрся ў «безбарʼернае асяродзьдзе» — гэта для мяне галоўная тэма

Пытаньне безбарʼернага асяродзьдзя Яўген вырашыў для сябе самастойна: цырульнік падстрыгае яго дома, а прадукты дастаўляюць адпаведныя службы буйных гандлёвых цэнтраў.

«Я магу за тыдзень ні разу ня выйсьці з дому, а то і за два — звычайная справа. Гэта трэба цэлую апэрацыю падрыхтоўваць: знаходзіць людзей, каб хтосьці побач быў. На словах у нас усё добра: у нас жа ёсьць і законы, якія закліканыя забясьпечваць безбарʼернае асяродзьдзе для ўсіх катэгорыяў грамадзян краіны.

А насамрэч, нават выходзячы за парог сваёй кватэры, сустракаесься з праблемамі. Нават парожкі паміж дзьвярыма ў агульных калідорах вышэйшыя за пяць сантымэтраў. І гэта небясьпечна тым, што я магу не пераехаць гэты адзіны парожак і нават перакуліцца. Пераадолелі мы гэтыя цяжкасьці, да прыкладу, прыехалі да падʼезду, а там прыступкі і няма пандуса — у новым сучасным доме. Папрасіў я людзей, якія міма праходзілі — мяне спусьцілі. Далей — бардзюр высокі. І ўсюды мне трэба кагосьці прасіць, каб кудысьці мне дабрацца — вось такое ў нас „безбарʼернае“ асяродзьдзе».

Трохгадовая перапіска зь дзяржаўнымі ўладамі пра ўсталяваньне пандуса, якога так і няма
Трохгадовая перапіска зь дзяржаўнымі ўладамі пра ўсталяваньне пандуса, якога так і няма

Тры гады перапіскі зь Менгарвыканкамам

«Вось гэтыя лісты — перапіска з прычыны аднаго пандуса», — Яўген паказвае стос папераў з афіцыйнымі блянкамі Менгарвыканкаму.

«Наш дом абслугоўвае таварыства ўласьнікаў, і калі я зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў, то мне адказалі, што калі б дом абслугоўваў ЖЭС, то яны б зрабілі, а паколькі таварыства ўласьнікаў — няхай таварыства ўласьнікаў і будуе».

Паводле Яўгена, «футбол» доўжыўся больш за тры гады. У выніку гарадзкія ўлады ўключылі-такі дом у праграму 2016 году на будоўлю пандуса. Але год завяршаецца, а будоўля так і не пачалася.

«У нас маразм адбываецца. Ёсьць чалавек — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Ёсьць шэраг законаў, якія бароняць ягоныя правы. Але адносна мяне яны не працуюць. Атрымліваецца, што я нейкі недаграмадзянін? Мне падаецца, што безбарʼернае асяродзьдзе павінна быць безумоўна. І гаворка ня толькі пра пандус, а каб было безбарʼернае перасоўваньне да прыпынкаў грамадзкага транспарту. А тым людзям зь Менгарвыканкаму я параіў бы пагутарыць наўпрост з інвалідамі, даведацца, што ім патрэбна, каб яны маглі дабрацца да крамы ці цырульні, да прыкладу. Бо вы на вашай пасадзе не для сябе, а для людзей, для грамадзян нашага гораду і нашай краіны».

Простую ежу — кашу і суп — Яўген гатуе сабе сам
Простую ежу — кашу і суп — Яўген гатуе сабе сам

Па юрыдычную падтрымку ў змаганьні за безбарʼернае асяродзьдзе Яўген Зяневіч зьвярнуўся ў праваабарончую арганізацыю «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю». Юрыстка гэтай арганізацыі Вольга Ліхачова кажа:

«Калі чалавек апынуўся ў такім становішчы, то ён павінен абаперціся на адпаведныя нарматыўна-прававыя акты. Перадусім гэта Канстытуцыя, а таксама тры законы. „Закон аб абароне інвалідаў“ — артыкулы 26 і 27 наўпрост абавязваюць дзяржаўныя органы кіраваньня, а таксама мясцовыя органы забясьпечыць увесь комплекс безбарʼернага асяродзьдзя для чалавека з інваліднасьцю па месцы ягонага жыхарства. І яшчэ два законы зьвязаныя з пытаньнем безбарʼернага асяродзьдзя: гэта „Закон аб папярэджаньні інваліднасьці і рэабілітацыі інвалідаў“, артыкул 14, і „Закон аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасьці“, артыкул 10, дзе таксама гаворыцца пра абавязак арганізаваць безбарʼернае асяродзьдзе. У прыватнасьці, „Закон аб сацыяльнай абароне“ не разьмяжоўвае, ці гэты дом знаходзіцца на балянсе жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, ці на балянсе дзяржаўнага жыльлёвага фонду, ЖЭСу. Разьдзяленьне дамоў згодна з падведамнасьцю законам не прадугледжана. Мы як юрысты лічым, што гэтая норма закону павінна дзейнічаць незалежна ад віду жылога памяшканьня».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG