Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня кіну яго, таму што моцна кахаю», — жонка інваліда-вазочніка


Стаўшы вазочнікам, 26-гадовы Арцём пабачыў шмат няшчасных сямейных гісторый, у якіх жонка сыходзіць ад мужа інваліда. Кажа, што часам і да яго прыходзяць такія думкі, але жонка-прыгажуня Юля кожны дзень даказвае сваё каханьне.

Напярэдадні Дня сьвятога Валянціна Радыё Свабода пабывала ў гасьцях менскай сям’і: Арцёма, Юлі і іх дачкі Ксені.

Юля, Арцём і іх дачка Ксеня
Юля, Арцём і іх дачка Ксеня

«Гісторыя нашага знаёмства звычайная: пазнаёміліся ў 2005 годзе, тады я яшчэ вучыўся ў школе і хадзіў туды нагамі, а Юля годам старэйшая, — яна ўжо працавала. Я тады сустракаўся зь Юлінай сяброўкай, якая, як гэта часта здараецца, і пазнаёміла мяне з будучай жонкай. Калі пабачыў Юлю, мы адразу абмяняліся незвычайнымі позіркамі. Ну а далей у мяне разладзілася з маёй дзяўчынай. І вось пачалі сустракацца зь Юляй», — распавядае Арцём.

Цяпер Арцёму 26, Юлі — 27. Іх дачушчы Ксеніі — 6 год, яна першакласьніца.

Юля і Ксенія
Юля і Ксенія

Траўму хрыпта Арцём атрымаў амаль чатыры гады таму на будоўлі. Дачцэ ўжо было тры гады, калі здарылася няшчасьце на працы.

«Зламаў хрыбет у тэатры імя Янкі Купалы»

«Пасьля школы я скончыў тэхнікум. Пасьля працаваў сьлесарам на некалькіх заводах — мяне гэта, праўда, ня вельмі натхняла. Паехаў на заробкі ў Расею. Але разам з жонкай вырашылі, што трэба шукаць працу ў Менску. Уладкаваўся па знаёмству ў будаўнічую фірму. Толькі адпрацаваў два месяцы, як здарыўся няшчасны выпадак. Была рэканструкцыя тэатру імя Янкі Купалы. Там у падвале мы выразалі дзьвярны праём у сьцяне. Ну выразалі, а пасьля я сеў у ім, каб папаліць. Будынак стары, пасыпалася цэгла — і проста мне на сьпіну. Атрымаў траўму, тры з паловай месяцы ў бальніцы лекаваўся. Пасьля выпісаўся, але з таго часу перасоўваюся толькі ў вазку».

Ксеня кажа, што ў садку і школе ніхто зь дзяцей не задае пытаньняў пра як тату
Ксеня кажа, што ў садку і школе ніхто зь дзяцей не задае пытаньняў пра як тату

Юля баялася, што траўма зламае Арцёма псыхалягічна — ён заўсёды быў вельмі актыўным чалавекам, любіў езьдзіць за стырном. А да таго, што каханы чалавек стаў інвалідам-вазочнікам, паставілася вельмі спакойна.

Арцём разам з дачкой у гіпермаркеце
Арцём разам з дачкой у гіпермаркеце

«Калі шчыра, нават цяпер няма адчуваньня, што ў мяне непаўнавартасны муж. Але спачатку было цяжка. Таму што Арцём заўсёды быў вельмі актыўны, заўсёды ў руху. А калі адбылася траўма, то стала зразумела, што доўгі час будзе ложкавы рэжым. Але паціху стан Арцёма палепшыўся. Ён хутка сеў, пасьля перасеў у каляску. Дастаткова хутка ўліўся ў жыцьцё. Нават вярнуўся за стырно — мы пераабсталявалі машыну для ручнога кіраваньня, і цяпер Арцём абсалюна самастойна можо дабрацца ў любую кропку Менска. Але спачатку было цяжка. Я ня ведала, што будзе зь ім далей. Думала, ці будзе дэпрэсія. Для мяне ж было самае галоўнае, што Арцём застаўся жыць. І дзякуй Богу, што ён застаўся актыўным. Ёсьць жа вазочнікі, які ляжаць і нічога ня робяць».

Арцём даўно навучыўся пераадольваць большасьць бардзюраў і пандусаў
Арцём даўно навучыўся пераадольваць большасьць бардзюраў і пандусаў

«Беларусі яшчэ год сто даганяць іншыя краіны»

Арцём і Юля лічаць сябе звычайнай сям’ёй — ходзяць разам у краму, водзяць дачушку ў цырк і заапарк, езьдзяць адпачываць, нават сплаўляюцца на байдарках.

Сям’я выбірае марозіва
Сям’я выбірае марозіва

«На сваёй машыне езьдзілі ў Крым, у горад Сакі — тады яшчэ там была Ўкраіна. Два гады таму ляталі ў Турцыю. У прынцыпе, усё вельмі даступна. Калі дзесьці і былі нейкія перашкоды для чалавека на вазку, то дапамагалі Арцёму — і я, і мой брат, які разам са сваёй сям’ёй езьдзіў з намі. Але калі выязджаеш за мяжу, то разумееш, што Беларусі яшчэ гадоў сто трэба, каб дасягнуць той безбар’ернай прасторы, якая створаная ў іншых краінах. Гэта сумна. У мяне ёсьць знаёмыя, якія кватэру пару разоў на год толькі пакідаюць. А ўсё чаму? Таму што няма ліфта і ніхто ня можа дапамагчы спусьціцца».

Арцём заязджае ў ліфт
Арцём заязджае ў ліфт

Разам з жонкай у ліфце
Разам з жонкай у ліфце

Арцёму давялося навучыцца падымацца па прыступках у вазочку
Арцёму давялося навучыцца падымацца па прыступках у вазочку

Выхад з пад’езду
Выхад з пад’езду

«Не працую. Але стан эканомікі такі, што можа і прыціснуць»

Арцём кажа, што працоўныя месцы, якія прапаноўваюць інвалідам-вазочнікам, патрабуюць поўнага працоўнага дня, а заробак складае каля 2 мільёнаў.

Арцём у пакоі, дзе жыве разам з жонкай і дачкой
Арцём у пакоі, дзе жыве разам з жонкай і дачкой

«Звычайна, гэта праца з тэлефонам. Напрыклад, апэратар таксі. Але я ня бачу сэнсу сядзець на працы цэлы дзень і атрымаць за гэта два мільёны. Жыцьцё вазочніка і так вельмі моцна ўшчэмленае, а тут яшчэ такі малы заробак. Пакуль не працую, але магчыма давядзецца, калі ў нашым эканамічна-палітычным жыцьці творыцца невядома што. Але пакуль маем маю пэнсію (каля трох мільёнаў) і юлін заробак — яна працуе касіркай у гіпэрмаркеце. Пакуль што больш менш, але ня ведаю, што будзе далей. Магчыма, што прыцісьне і давядзецца працаваць».

Ксеня часта просіць тату пакатаць яе у вазку
Ксеня часта просіць тату пакатаць яе у вазку

Пакуль жа маючы досыць вольнага часу, Арцём актыўна займаецца сваім здароўем. Для падтрыманьня цягліц у тонусе займаецца баскетболам на вазках, і нават уваходзіць у склад зборнай Беларусі па гэтым відзе спорту. Да траўмы ніякім спортам хлопец усур’ёз не займаўся. А цяпер лічыць, што трэніровак два разы на тыдзень яму мала, таму ходзіць яшчэ і на вялікі тэніс.

«Рамантыка — цалкам рэальная»

Юля кажа, што ў іх пары Арцём больш рамантычны. «Ён ўмее рабіць сюрпрызы і прыгожа іх падаць. Напрыклад, летась на дзень сьвятога Валянціна зрабіў на маім заручальным пярсьцёнку гравіроўку і падарыў мне ружу, на якую надзеў гэты пярсьцёнак. Атрымалася, што пярсьцёнак можна было зьняць толькі тады, калі ружа завяла — інакш давялося б пашкодзіць бутон. Мне здаецца, гэта было вельмі прыгожа і рамантычна».

Фота, на якім Арцём і Юля падчас першых спатканьняў
Фота, на якім Арцём і Юля падчас першых спатканьняў

Адзіным недасягальным месцам, дзе сям’я магла б адпачыць разам, зьяўляецца коўзанка. Арцём вельмі любіў катацца на каньках і цяпер марыць праехаць з жонкай і дачкой.

Адпачынак у Турцыі
Адпачынак у Турцыі

«Рамантыку ніхто не адмяняў. Усё цалкам рэальна. Я — нармальны, актыўны чалавек, я магу купіць падарунак. На дзень сьвятога Валянціна абавязкова віншую Юлю — набываю кветкі і які-небудзь сюрпрыз. Я пастаянна прыдумляю сюрпрызы для жонкі — ходзім і ў кіно, у кавярні. А з дачкой — у басэйн, цырк, трэнажорныя залі, гульнявыя пакоі, заапарк, дыльфінарый. Карацей, актыўны лад жыцьця. Калі кудысьці хочам пайсьці, то загадзя даведваемся, ці ёсьць магчымасьць доступу для вазочніка. І вы ведаеце, пакуль усюды трапляем — нават у аквапарку на горках каталіся. Калі перашкода — прыступкі ці лесьвіца, то заўсёды знойдуцца людзі, згодныя дапамагчы пераадолець такія перашкоды. Адзіная мара, якая пакуль ня можа ажыцьцявіцца, — пакатацца на каньках. Калі ваджу дачку на коўзанку, то сам магу толькі назіраць за тым, як яна катаецца».

«Атрымаўшы траўму, баяўся, што ня сяду за стырно і што жонка сыдзе»

Аўто было ў Арцёма яшчэ да траўмы, ён нават хацеў уладкавацца працаваць кіроўцам. Кажа, што стырно — гэта яго стыхія. Таму і першая думкай пасьля няшчаснага выпадку на будоўлі было тое, якім чыная цяпер кіраваць машынай. А таксама пра тое, ці ня кіне жонка.

«Такія думкі ў мяне ёсьць і зараз. Не пакідаюць яны мяне. Буду верыць, што такога ня здарыцца. Я сам падчас лячэньня бачыў шмат сямей, дзе муж атрымаў траўму і стаў інвалідам. Ну і як бывае. Спачатку ходзіць жонка, клапоціцца, наведвае — усё добра. Праз год сустракаю таго ж чалавека, ужо жонкі няма, кінула. Такая сытуацыя ў чатырох маіх знаёмых. Я разумею, што цяжка з чалавекам, у якога траўма. Але мне здаецца, з гэтым можна жыць, тым больш калі сям’я, дзеці».

За сталом з жонкай
За сталом з жонкай

Юля перакананая — замуж гэта назаўсёды, таму кажа, што ня разу не дапускала думкі пра тое, каб парушыць сям’ю.

«За ўсе гады, якія прайшлі пасьля траўмы Арцёма, у мяне ні разу не было думкі кінуць яго і сысьці. Але я магу зь ім сварыцца, няма сям’і, дзе ўсё ідэальна. Але трэба з чымсьці мірыцца, дзесьці ісьці на кампраміс. Цяжка, калі ў Арцёма кепскі настрой — але тады прасьцей прамаўчаць, сысьці ў іншы пакой. Мне часта раяць знайсьці каго-небудзь іншага, запытваюцца, навошта мне гэта. Ня ведаю. Напэўна, я проста вельмі моцна яго кахаю і мне вельмі дарагая мая сям’я. Калі я выходзіла замуж, то ведала, што гэта адзін раз і на ўсё жыцьцё. А вазок — гэта не перашкода. Я не лічу, што нешта памянялася ў нашым жыцьці. Тым больш, што я веру, што рана ці позна, але Арцём зможа хадзіць».

Арцём перасаджваецца з капаны ў вазок
Арцём перасаджваецца з капаны ў вазок

«Вельмі хочам сына»

Арцём і Юля вельмі спадзяюцца, што з часам у іх дачкі Ксені зьявіцца брацік. Праўда, для інвалідаў-вазочнікаў гэта вельмі дарагі працэс — толькі за адну спробу ЭКА давядзецца заплаціць сем тысяч даляраў.

«Мая першая мара — устаць на ногі. А другая — сын. Вельмі добра, што ёсьць дачка, але яна хутка расьце і рана ці позна вырасьце. Таму трэба яшчэ сына заводзіць. Мы ўжо даведваліся наконт гэтага працэсу — і гэта вельмі нятанна. У мяне ў камандзе адзін хлопец з жонкай зрабілі ЭКА і нарадзілася двойня. Іншая сям’я, дзе муж — вазочнік, цяпер вядзе зачацьце. Першая спроба ЭКА каштуе каля сямі тысяч даляраў. Наступныя спробы — каля пяці тысяч. Атрымліваецца, што гэта вельмі жаданыя дзеці, але вельмі вялікія фінансы трэба, каб іх нарадзіць. Вось так дзеці зьяўляюцца ў інвалідаў-вазочнікаў». Сям’я спадзяецца ня толькі на нараджэньне другога дзяцяці, але і на тое, што аднойчы Арцём пакіне вазок і зможа хадзіць сваімі нагамі. «Усё рэальна. Няма выйсьця толькі з труны. Гэтыя чатыры гады я вельмі актыўна займаюся — кожны дзень вэртыкалізуюся, устаю на ногі, займаюся на вэлатрэнажоры, хаджу ў хадунах. Ёьць верагоднасьць, што змагу перасоўвацца на мыліцах. А апэрацыю на хрыпце, якая мне патрабуецца, трэба рабіць у Ізраілі. Гэта вельмі дорага — 100 тысяч даляраў. Пакуль такіх срокаў няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG