Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа «Имена» зноў папрасіла фінансавай падтрымкі. 5 прычынаў даць ім грошы


Выстава часопіса «Имена» ў Менску, травень 2017 году
Выстава часопіса «Имена» ў Менску, травень 2017 году

Беларуская інтэрнэт-плятформа «Имена», прысьвечаная дабрачыннасьці і дапамозе людзям, абвясьціла чарговы збор грошай на сваю дзейнасьць. Для працы плятформы ў 2018 годзе трэба сабраць 420 тысяч рублёў. Таксама «Имена» тэрмінова шукаюць распрацоўшчыкаў для сайту.

Стваральніца часопіса Кацярына Сінюк кажа Свабодзе, што цяперашні год шмат у чым пераломны для «Имён»: пашырылася каманда, зьявіўся праектны аддзел з мэнэджэрамі, бухгальтарам і юрыстам, праходзіць усё больш маштабных і важных праектаў, пачалася супраца з камэрцыйнымі кампаніямі. Але часопіс мае ня толькі дасягненьні, але і праблемы.

На «Именах» сабралі ўжо паўмільёна рублёў на добрыя справы

Дабрачынныя праекты на «Именах» сабралі ад запуску часопіса больш як 550 тысяч рублёў «народных» грошай. У ліку пасьпяховых праектаў — праграма «Нянька замест мамы» для дзяцей-сіротаў у беларускіх шпіталях (сабрана 130 тысяч рублёў), адмысловае харчаваньне для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця (сабрана 68 тысяч), фінансаваньне пошукава-ратавальнага атраду «Анёл» (63 тысячы), дапамога дзецям з рэдкім нэрвова-цяглічным захворваньнем праз фонд «Геном» (45 тысяч), выязная служба Беларускага дзіцячага госьпісу (29 тысяч), патранажная служба для адзінокіх і старых, а таксама інвалідаў, якія ня могуць паклапаціцца пра сябе (25 тысяч).

Інсталяцыя з выставы часопіса «Имена»
Інсталяцыя з выставы часопіса «Имена»

Гэтыя праекты не «аднаразовыя», кожнаму зь іх яшчэ спатрэбіцца фінансавая дапамога. Ёсьць нямала іншых праектаў, на якія яшчэ не сабрана дастатковых сумаў. Так, месяц таму быў запушчаны збор грошай на працу цэнтру «Родныя людзі», які дапамагае прыёмным сем’ям і спрабуе прадухіліць скасаваньні ўсынаўленьняў у цяжкіх умовах, але пакуль сабрана менш як 1% ад неабходных 46,6 тысячы рублёў.

Часопіс ня проста просіць грошы, а расказвае гісторыі людзей

«Имена» дзейнічаюць ня проста як пляцоўка кшталту «Талакі» ці Ulej, дзе аўтары праектаў просяць грошы і самі апісваюць, што хочуць зрабіць. Журналісты часопіса робяць паўнавартасныя рэпартажы пра тых, каму патрэбна дапамога, і тых, хто дапамагае людзям.

Ядзьвіга Паплаўская, Аляксандар Кулінковіч, сузаснавальнік EPAM і іншыя расказваюць, каму і як трэба дапамагаць праз «Имена»

Напрыклад, за вясёлым загалоўкам «Бадаемся! Навукоўцы вывелі пад Жодзіна козаў з „чалавечым“ гаючым малаком, але вы яго не пакаштуеце» хаваецца ня проста забаўляльная гісторыя, а аповед аб праблемах зь фінансаваньнем і нормамі Мытнага саюзу ў навукоўцаў, лекі якіх могуць дапамагчы пацыентам з самымі рознымі хваробамі — ад страўнікавых інфэкцыяў да анкалягічных захворваньняў.

Публікацыя «Имён» пра тое, як дзеці з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцця галадаюць у менскіх інтэрнатах, трапіла на старонкі аднаго з найбуйнейшых брытанскіх часопісаў The Guardian. З часопісам працуюць прафэсійныя фатографы, якія робяць якасныя здымкі да матэрыялаў.

Дабрачыннасьць — асобна, рэдакцыя — асобна

Плятформа — рэдакцыя часопісу і аддзел па працы з праектамі — дзейнічае не за кошт грошай, якія людзі ахвяруюць на дабрачынныя праекты. Збор грошай на самі «Имена» асобны ад астатніх праектаў, на якія зьбірае грошы часопіс. Гэта значыць, рэдакцыя не бярэ сабе частку сумаў, сабраных на дапамогу людзям. А ў праектах дапамогі падрабязна расьпісваецца, на што пойдзе кожны рубель.

Журналістка Кацярына Сінюк, архіўнае фота
Журналістка Кацярына Сінюк, архіўнае фота

Пакуль у плятформы засталося грошай на тры месяцы працы, сьцьвярджае Сінюк, і гэта ўжо нямала, бо за два гады ісанаваньня «Имена» ніколі ня мелі зашмат грошай.

«Нам усім яшчэ трэба вельмі шмат працаваць, — піша Сінюк пра „Имена“. — Каб рак пачалі выяўляць на раньніх стадыях. Каб дзецям было цікава вучыцца ў школе, а настаўнікам цікава хадзіць на працу. Каб людзі ў закрытай сыстэме інтэрнатаў не пачуваліся такімі самотнымі і абдзеленымі ўвагай. Каб законы пачалі ўрэшце мяняцца. Каб разьвівалася ўся сфэра дабрачыннасьці. Каб прыбіраліся ўсе гэтыя вар’яцкія і састарэлыя заканадаўчыя барʼеры, пра якія мы, напэўна, упершыню так падрабязна расказалі».

Можна не плаціць адразу шмат, а «падпісацца» на штомесячную дапамогу хоць па тры рублі на месяц

Сыстэма збору грошай на «Именах» дазваляе пераводзіць сродкі адрасна на кожны з праектаў праз сайт часопіса, а на саму плятформу — таксама праз сыстэму АРІП, праз SMS або праз дабрачынны рахунак у банку. Перавод праз сайт можна зрабіць так, каб імя ахвяравальніка не паказвалася ў ліку спонсараў.

Прычым можна як разава ахвяраваць любую суму адразу, так і зрабіць штомесячныя пераводы грошай, хоць па тры рублі, хоць па трыста на месяц. І грошы пойдуць ня нейкім асобным людзям на лячэньне асобных хваробаў, а менавіта арганізацыям, якія дапамагаюць або могуць дапамагчы шматлікім беларусам.

Іншаземцы хацелі б дапамагчы, але беларускія законы не даюць зрабіць гэтага так проста

Заканадаўчыя бар’еры, сьцьвярджае Сінюк, вымусілі часопіс скасаваць магчымасьць прымаць плату з-за мяжы. А беларускім праектам хацелі дапамагчы людзі і з бліжняга замежжа кшталту Расеі, Польшчы і Ўкраіны, і з Эўропы і Азіі, і з-за акіяну. Ды кожны перавод грошай, нават у адзін даляр, трэба рэгістраваць у адмысловым дзяржаўным Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці, а для гэтага часопісу патрэбен штат рэгістратараў, бо працэдура няпростая. Цяпер у парадку экспэрымэнту «Имена» паспрабуюць зарэгістраваць дапамогу ад работнікаў карпарацыі Google на 8 тысяч даляраў, але ня ўпэўненыя, што грашыма дадуць скарыстацца.

Часопіс ужо зьвяртаўся ў дзяржаўныя органы з прапановамі спрасьціць працэдуры краўдфандынгу. Праект дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі зьмяшчае пэўныя спрашчэньні, а ўрад плянуе да 2020 году захады ў прыцягненьні замежнай дабрачыннай дапамогі. Ды праца ідзе марудна, сьцьвярджаюць у часопісе, а дапамога шмат каму трэба проста цяпер — і пакуль даводзіцца абмежавацца ахвяраваньнямі беларусаў.

Бо пакуль пацыент з бакавым аміятрафічным склерозам дачакаецца ад дзяржавы абяцаных поручняў, ужо адымуцца рукі, якія тымі поручнямі маглі б скарыстацца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG