Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра самае важнае» — чаму выстава часопіса «Имена» такая незвычайная


10 чалавек, 10 гісторый, 10 мастакоў. Вядомых і ня вельмі. У Менску працуе выстава «Имена», заснаваная на публікацыях аднайменнага часопіса.

«Чаму я пагадзіўся ўдзельнічаць? Тут усё насамрэч проста. Гэты праект расказвае пра самае галоўнае, што ёсьць у нашым жыцьці. Гэта поўная супрацьлегласьць таму, што робіць журналістыка. Журналістыка паказвае тое, што здаецца галоўным. А гэты праект — пра самыя важныя рэчы. Ня тое што я пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым праекце, — гэта нават гонар для мяне», — кажа адзін з мастакоў, Андрэй Лянкевіч.

Інсталяцыя Лянкевіча выглядае так: «пакойчык» з трох сьцен, абклееных фоташпалерамі, лава і вялікі манітор. На маніторы закальцаванае відэа з момантамі жыцьця 62-гадовага Віктара Залаціліна. Ягоны рост — 1 мэтар 32 сантымэтры. Віктар шмат гадоў пражыў у Менску, займаўся бізнэсам. Пасьля зьехаў у родную вёску Купіск у Наваградзкім раёне, дзе жыве са сваім сабакам Вольфам.

«Я калі пачаў чытаць усе гэтыя гісторыі людзей, прапанаваныя куратарамі выставы, то адчуў у Віктару свайго чалавека. Чалавека, зь якім я буду размаўляць на адной мове, зь якім у нас будуць адны каштоўнасьці. У нас зь ім падобная гісторыя жыцьця. Заходняя Беларусь, рэпрэсаваныя бацькі. І я пайшоў за гэтай гісторыяй.

Калі прыехаў да Віктара, мы пачалі размаўляць зь ім, разам есьці, рабіць першыя фота і відэа, я адразу пабачыў перад сабой калясальную асобу. Магутнага чалавека з сурʼёзнымі і радыкальнымі рашэньнямі. Я сябе ўвесь час лічыў здольным на рэзкія рашэньні, а тут пабачыў яшчэ больш радыкальную асобу. У гэты момант я сам зразумеў, чаму абраў менавіта яго.

Віктар нарадзіўся з абмежаваньнямі, але ніколі не зьвяртаў на іх увагі. Наадварот, зьмяняў сьвет пад сябе. Хацеў езьдзіць на ровары — яму перарабілі ровар. Хацеў езьдзіць на машыне — яму перарабілі машыну. Захацеў маляваць — плюнуў на бізнэс, паехаў жыць у вёску. Захацеў атрымаць адукацыю — паступіў ва ўнівэрсытэт. Я ўвесь час ва ўсім, і ў мастацтве, і ў музыцы, шукаю вось такіх людзей. Яны мяне вельмі моцна прыцягваюць», — кажа Андрэй Лянкевіч.

Падчас працы над праектам Андрэй сустракаўся зь Віктарам чатыры разы. Размаўляў, здымаў фота і відэа. Самае моцнае выпрабаваньне здарылася, калі ўсё было амаль гатова.

«Мне не хапала толькі відэа, якое трэба было зрабіць з чоўна. Відэа, на якім Віктар плыве са сваім сабакам па Нёмане. І тут адбыўся сакральны момант маёй працы.

Я пакінуў камэру на штатыве ў чоўне і папрасіў Віктара паплыць. Вядома, здарылася тое, што мусіла здарыцца, каб праект набраў моцы. Усё ўпала ў ваду. Пачалася доўгая гісторыя на некалькі дзён, з вадалазам. Спачатку я сам паплыў, ныраў. Але там тры мэтры, холадна. Людзі зь вёскі прыходзілі дапамагчы. На наступны дзень я прыехаў з вадалазам, які за гадзіну ўсё знайшоў. І здарыўся цуд. Флэш-карта выжыла. Увесь матэрыял можна было выкарыстоўваць для выставы. Гэта таксама для мяне быў моцны досьвед. Сьведчаньне таго, што трэба заўсёды ісьці да канца», — кажа Лянкевіч.

Куратар Антаніна Сьцебур
Куратар Антаніна Сьцебур

Ганна Карпенка і Антаніна Сьцебур — куратаркі выставы. Яны рыхтавалі яе шэсьць месяцаў і кажуць, што для такога праекту гэта зусім невялікі тэрмін. Мастакам паставілі толькі адну ўмову. Трэба было сустракацца з героямі асабіста.

«Мы выбіралі мастакоў, якія працуюць менавіта ў полі сучаснага мастацтва. Не мастацтва, якое ўпрыгожвае сьцены элітных дамоў. А мастакоў, якія перш за ўсё маюць крытычны погляд, працуюць з праблемамі. Таму ў нас ёсьць працы Сяргея Гудзіліна, Андрэя Лянкевіча, Сяргея Шабохіна. Ёсьць таксама працы маладых, менш вядомых мастакоў — Машы Сьвятагор, Вольгі Сасноўскай, альбо маладога віцебскага мастака Кірыла Дзёмчава», — кажа адна з куратараў выставы Ганна Карпенка.

Куратар Ганна Карпенка
Куратар Ганна Карпенка

Кірыл Дзёмчаў у выставе «Имена» ўдзельнічае асабіста ў прамым сэнсе слова. Яго праект называецца «135 гадзін». Кірыл кожны дзень з 12 да 21 гадзіны ляжыць у ложку бяз руху, ня есьць і ня пʼе, не карыстаецца прыбіральняй. Такім чынам мастак перажывае вопыт людзей, якія ня могуць рухацца. Ля ложка Кірыла замацаваны вялікі манітор, у ім трансьлюецца від з вакна кватэры ягонага дзядулі. Дзядуля мастака нядаўна памёр, перад сьмерцю ён быў прыкаваны да ложка. «Для Кірыла гэта вельмі асабістая гісторыя, яны былі блізкія зь дзядулем», — кажуць куратары.

Інсталяцыя Кірыла Дзёмчава
Інсталяцыя Кірыла Дзёмчава

Яшчэ адна гісторыя — пра чалавека, які страціў зрок. Але кожны дзень, калі ён вяртаецца дадому з працы, то ўключае ў кватэры сьвятло. На пытаньне «Навошта?» адказвае, што робіць гэта для іншых людзей. Каб ведалі, што тут жыве чалавек.

«Калі аўтары праекту паехалі дадому да гэтага чалавека, Аляксандра Жыдовіча, то ўбачылі, што ў яго ў кватэры на сьценах вісяць люстэркі, ёсьць карціны. Хоць ён сам нічога гэтага ня бачыць. Гэта ўсё для нас, для тых, хто можа бачыць», — кажуць куратары.

«Пераход». Маша Сьвятагор, мастачка
«Пераход». Маша Сьвятагор, мастачка

Сустрэцца не атрымалася толькі з адным з 10 герояў выставы. Сірата Аляксандар Зімноха, які атрымаў ад дзяржавы кватэру ў Менску, але так і ня змог знайсьці сябе ў жыцьці, у апошні момант адмовіўся сустракацца з фотамастачкай Марыяй Сьвятагор. Нават не адмовіўся, а проста зьнік.

«Ён пагадзіўся сустрэцца і пагаварыць, але ў прызначаны дзень проста зьнік. Перадумаў ці забыў, невядома. І я яго разумею. Раскрываць душу і дзяліцца падрабязнасьцямі свайго жыцьця ён не абавязаны», — кажа Сьвятагор.

«За зачыненымі дзьвярыма». Фатограф Аляксандар Васюковіч і журналіст Дарʼя Царык. Гісторыі хатняга гвалту
«За зачыненымі дзьвярыма». Фатограф Аляксандар Васюковіч і журналіст Дарʼя Царык. Гісторыі хатняга гвалту

«Наша выстава — гэта гісторыя пра грамадзянскую супольнасьць. У тым сэнсе, што часопіс „Имена“ і сама выстава расказваюць пра моцныя сувязі паміж людзьмі... Моцныя сувязі дазваляюць зрушыць праблемы зь мёртвага пункту. Мне падабаецца канцэпцыя часопіса „Имена“. Яна паказвае, што невялікія намаганьні вялікай колькасьці людзей могуць калі і не вырашаць маштабныя праблемы, то зрушыць сытуацыю ў бок іх вырашэньня», — кажа куратарка выставы Антаніна Сьцебур.

Sanktuary. Арт-група Hutkasmachna. Праект пра жыцьцё бяздомных Менску
Sanktuary. Арт-група Hutkasmachna. Праект пра жыцьцё бяздомных Менску

Акрамя выставы, у памяшканьні «Корпуса» штодня праходзяць лекцыі і сустрэчы, прэзэнтацыі праектаў і майстар-клясы. Арганізатары кажуць, што гэта яшчэ больш паспрыяе ўцягваньню людзей у дзейнасьць «Імён».

«Чаму трэба рабіць такія выставы, калі нашмат больш людзей прыцягвае пазытыў? Мы ўсе любім пірожныя. Але есьці іх кожны дзень нельга. Тое самае і з пазытывам. Мне падаецца, людзям часам трэба, нягледзячы на жаданьне хлеба і відовішчаў, не ісьці за сваімі жаданьнямі. Трэба часам спыняцца, думаць. Тут мастацтва выступае не дэкаратыўным элемэнтам, не дадатковым элемэнтам, а пасярэднікам.

Калі Кацярына Сінюк (заснавальніца інтэрнэт-часопіса „Имена“) прапанавала нам рабіць праект, мы адразу зразумелі, што павінна быць вельмі шмат узаемадзеяньня. Паміж мастакамі, героямі. Па кожнай з гэтых праблем можна напісаць дысэртацыю. Але мастацтва дазваляе гледачу прапусьціць праблему празь сябе. Я шмат разоў бачыла, як людзі выходзяць з памяшканьня выставы зь іншым наборам пачуцьцяў», — кажа Антаніна Сьцебур.

Якія прыгожыя яны...» Сяргей Гудзілін, фатограф. Гісторыя мастака з ДЦП Паўла
Якія прыгожыя яны...» Сяргей Гудзілін, фатограф. Гісторыя мастака з ДЦП Паўла

Што можна ўбачыць на выставе «Имена»

  • «Каханьне». Андрэй Лянкевіч, фатограф. Гісторыя Віктара Залаціліна, чалавека ростам 1 мэтар 32 сантымэтры, які зьмяняе сьвет пад сябе.
  • «Якія прыгожыя яны...» Сяргей Гудзілін, фатограф. Гісторыя мастака з ДЦП Паўла Рашчынскага і ягонай маці.
  • «Пераход». Маша Сьвятагор, мастачка. Гісторыя сіраты Аляксандра Зімнохі, які ня змог прыстасавацца да самастойнага жыцьця.
  • «Крыніца сьвятла». Сяргей Шабохін, мастак. Гісторыя Аляксандра Жыдовіча, які страціў зрок, але кожны вечар уключае дома сьвятло, каб сказаць: «Тут жыве чалавек».
  • «135 гадзін». Кірыл Дзёмчаў, мастак. Праект пра жыцьцё людзей, якія ня могуць рухацца.
  • «Рытм 1». Вольга Сасноўская, мастачка. Гісторыя Міхаіла Залатоўскага, які, нягледзячы на глухату, стаў фатографам.
  • «Адрозьненьне і паўтарэньне». Максім Ясінскі, мастак. Гісторыя Галіны Асіповіч, якая дамаглася для свайго хворага на аўтызм сына права вучыцца ў звычайнай школе.
  • Sanktuary. Арт-група Hutkasmachna. Праект пра жыцьцё бяздомных Менску.
  • «За зачыненымі дзьвярыма». Фатограф Аляксандар Васюковіч і журналіст Дарʼя Царык. Гісторыі хатняга гвалту.
  • «Яе голас». Антаніна Слабодчыкава, мастачка. Гісторыя музыкі з аўтызмам Глеба і ягонай маці.

Пабачыць выставу і паўдзельнічаць у ёй можна да 25 траўня, яна працуе ў прасторы «Корпус» (Менск, праспэкт Машэрава, 9, корпус 8).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG