Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фота ў эру пост-праўды. У Менску адкрылася выстава World Press Photo


Конныя спаборніцтвы ў Лівэрпулі. Фота Тома Джэнкінза (The Guardian)

Да 24 траўня ў Менску можна пабачыць найлепшыя прэс-фатагарафіі сьвету за 2016 год.

Беларусь стала першай краінай Усходняй Эўропы, дзе сёлета праходзіць выстава World Press Photo. У прасторы ЦЭХ выстаўленыя працы 45 фатографаў-пераможцаў — першае, другое і трэцяя месца ў васьмі катэгорыях.

Бурхан Эзбіліджы, The Associated Press. Фота забойства расейскага амбасадара ў Турцыі
Бурхан Эзбіліджы, The Associated Press. Фота забойства расейскага амбасадара ў Турцыі

Пераможцы былі адабраныя сярод 80 408 фотаздымкаў, дасланых ад больш як 5 тысячы фатографаў са 126 краінаў. У конкурсе бралі ўдзел 19 фатографаў зь Беларусі. Праўда, у фінал сёлета ніхто зь беларусаў не патрапіў.

«Цягам двух тыдняў журы сядзіць у цёмным пакоі, — распавяла на адкрыцьці выставы І Вэнь Ся (Yi Wen Hsia), куратарка і выставачная мэнэджэрка выставы зь Нідэрляндаў. — Яны бачаць адно фота ў сэкунду. 80 тысяч фота літаральна мільгаюць перад імі».

І Вэнь Ся
І Вэнь Ся

Тытул «Сусьветнае прэс-фота года» атрымала праца Бурхана Эзбіліджы. Турэцкі фатограф зрабіў для агенцтва Associated Press сэрыю здымкаў забойства расейскага амбасадара Андрэя Карлава ў мастацкай галерэі ў Анкары.

Большасьць пераможцаў — гэта прафэсійныя фатографы сусьветных інфармацыйных агенцтваў і выданьняў, якія прыяжджаюць працаваць у іншыя краіны. Аднак І Вэнь Ся адзначае, што з кожным годам усё часьцей выстрэльваюць мясцовыя фатографы. Як напрыклад, фатограф Наэль Сэліс (Noel Celis) зь Філіпінаў, які зьняў гарадзкую турму Манілы, перапоўненую вязьнямі-наркаманамі.

«Гэта адбываецца дзякуючы глябалізацыі, — кажа І Вэнь Ся. — Доступ да лічбавых сродкаў узрастае».

Тамас Муніта, для The New York Times. Пахавальная працэсія Фідэля Кастра мінае горад Санта-Кляра ў цэнтральнай частцы Кубы.
Тамас Муніта, для The New York Times. Пахавальная працэсія Фідэля Кастра мінае горад Санта-Кляра ў цэнтральнай частцы Кубы.

Яшчэ адна новая тэндэнцыя — гэта вядомасьць многіх фотаздымкаў. Тым жа фота забойства расейскага амбасадара шмат хто дзяліўся ў сацыяльных сетках. Гэтаксама як і фотаздымкам Джонатана Бэкмэна, на якім паліцыянты затрымліваюць Аішу Эванз. 27-гадовая жанчына была на дэманстрацыі супраць паліцэйскага гвалту ў амэрыканскім горадзе Бэтан-Руж.

Паліцыянты затрымліваюць Аішу Эванз у амэрыканскім горадзе Бэтан-Руж.
Паліцыянты затрымліваюць Аішу Эванз у амэрыканскім горадзе Бэтан-Руж.

«Гэта паказвае нам, што сацыяльныя сеткі граюць вельмі вялікую ролю, — кажа І Вэнь. — Адначасова, гэта робіць складаным адбор. Мы жывем у эру пост-праўды, здараецца шмат фэйкавых навінаў. Таму яшчэ больш важна, што мы маем фота на выставе. Яны ўсе правераныя і сапраўдныя».

Джавані Капрыёці. Рэгбі-клуб «Брудны Ёрк» (Muddy York), заснаваны ў 2003 годзе — першая ў Таронта прыязная да геяў каманда
Джавані Капрыёці. Рэгбі-клуб «Брудны Ёрк» (Muddy York), заснаваны ў 2003 годзе — першая ў Таронта прыязная да геяў каманда

Выстава адкрылася 3 траўня — у дзень Свабоды прэсы. Гэта не зусім супадзеньне. Па словах Аляксея Талстова, арт-дырэктара прасторы ЦЭХ, арганізатары стараюцца плянаваць выставу менавіта на травень.

«Таму што дата знакавая, — сказаў Талстоў. — А ЦЭХ вельмі шчыльна зьвязаны з журналісцкай супольнасьцю. Свабода прэсы — пытаньне даволі востра ў нас стаіць. Мы мусім адкрываць такія выставы і тэматычныя імпрэзы ў гэты дзень».

Аляксей Талстоў
Аляксей Талстоў

Сёлетняя выстава World Press Photo — чацьвёртая па ліку. Першы раз яе прывёз у Менск Андрэй Лянкевіч у пачатку 2010-х. Другі год запар выстава праходзіць у прасторы ЦЭХ.

«Сапраўды важны праект, які дае нам магчымасьць даведацца пра тое, што адбываецца ў сьвеце, — кажа Талстоў. — Навіны забываюцца, а тут у адным месцы сканцэнтраваныя розныя падзеі і розныя зьявы літаральна з усяго сьвету».

Эмі Вайталі, для National Geographic. Даглядчык апрануўся ў панду, каб мядзьведзі адчулі сябе на волі
Эмі Вайталі, для National Geographic. Даглядчык апрануўся ў панду, каб мядзьведзі адчулі сябе на волі

Выстава праходзіць да 24 траўня. Экспазыцыя адкрытая для наведваньня з 12:00 да 21:00 у прасторы ЦЭХ, Менск, вуліца Кастрычніцкая 16.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG