Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрачынная пастка: пакуль чакаў дзяржаўнай дапамогі, адняліся рукі


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Дзень за днём валянтэрам даводзіцца рабіць працу дзяржавы, каб дапамагаць людзям у нядолі.

Калі мне было 14 гадоў, я арганізавала валянтэрскую групу — раз на тыдзень мы прыяжджалі ў сацыяльны прытулак у Берасьці і проста бавілі час разам з тамтэйшымі дзецьмі. Такое валянтэрства, якое патрабуе эмацыйнага кантакту і пэўнай цеплыні, наўрад ці калі-небудзь можа быць заменена дзяржаўнай праграмай. Дзяржава можа хіба што падтрымаць прыватныя ініцыятывы.

Пакуль яны працуюць, дзяржава можа і надалей рабіць выгляд, што праблемы не існуе.

Але сёньня, у Міжнародны дзень дабрачыннасьці я думаю, што шмат якія дабрачынныя арганізацыі ня мусяць існаваць увогуле — праблемамі, якія яны вырашаюць, павінна займацца дзяржава. І валянтэрскія і проста некамэрцыйныя арганізацыі, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасьцю, так ці інакш трапляюць у пастку: пакуль яны працуюць, іншыя людзі атрымліваюць жыцьцёва неабходную дапамогу; але разам з тым, пакуль яны працуюць, дзяржава можа і надалей рабіць выгляд, што праблемы не існуе. Навошта напружвацца, калі людзі ўсё зробяць самі?

Я ні ў якім разе не хачу, каб мой тэкст успрымаўся як папрок у адрас дабрачынных арганізацый. Але мне дужа сумна і злосна ад таго, што дзень за днём людзям даводзіцца рабіць працу дзяржавы. Каб убачыць маштаб праблемы, варта проста зазірнуць у часопіс «Імёны».

Чамусьці фінансуе гэта ўсё не дзяржава, а «простыя людзі».

Аб’яднаньне «Рана» стварылі для дапамогі сем’ям, у якіх нарадзіліся неданошаныя дзеці. Пасьля выпіскі з радзільні бацькі часта не ведаюць, куды і да каго зьвяртацца па далейшую дапамогу, на якую дзяржаўную падтрымку яны маюць права і гэтак далей. «Рана» ладзіць кансультацыі профільных спэцыялістаў і спэцыялістак, аказвае псыхалягічную дапамогу бацькам. Аб’яднаньне робіць так, каб фармальныя магчымасьці сталі рэальнымі, і чамусьці фінансуе гэта ўсё не дзяржава, а «простыя людзі».

Фонд «Геном» быў адкрыты Ганнай Герынай — жанчынай, чыёй дачцэ паставілі дыягназ «сьпінальна-цягліцавая атрафія». Паступова ў такіх дзяцей перастаюць працаваць цягліцы, і, каб запаволіць гэты працэс, трэба ўвесьчасная мэдычная падтрымка — масажы, працэдуры, накіраваныя на падтрымку працы лёгкіх і іншае.

Велізарныя сумы на кожнае дзіця зноўку зьбіраюцца «ўсім сьветам».

Калі дыхаць самастойна ўжо не атрымліваецца, адзіны шанец для дзіцяці правесьці рэшту жыцьця дома — гэта партатыўны апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Такія апараты ёсьць, іх можна набыць, і праблема толькі ў грошах. Дзяржаўная дапамога гэтым сем’ям зводзіцца да сьпісу ільготных мэдыкамэнтаў айчыннай вытворчасьці. І велізарныя сумы на кожнае дзіця зноўку зьбіраюцца «ўсім сьветам».

А яшчэ ёсьць ініцыятыва «Няня замест мамы». Дзеці, якія зь нейкай прычыны засталіся без бацькоў і аказаліся ў лякарні, ня маюць там простай чалавечай падтрымкі дарослых, і ім вельмі патрэбная няня. Асабліва калі гаворка ідзе пра немаўлят. І грошы на аплату працы гэтых няняў чамусьці не выдзяляюцца зь мясцовых бюджэтаў, а зьбіраюцца арганізацыяй Чырвоны Крыж.

Я хацела б шчыра парадавацца таму, якія мы неабыякавыя, як мы ўсіх выцягнем з бяды, і ўвогуле ўсё можам самі. Але я вельмі злуюся, што нам даводзіцца гэта рабіць. Што дзяржаўныя органы працуюць паводле прынцыпу «як ёсьць, так і добра», і што валянтэркі і валянтэры настолькі стамляюцца безвыніковымі перамовамі і перапіскамі з чыноўнікамі, што проста перастаюць да іх зьвяртацца.

Пакуль у Менску пацыент з бакавым аміятрафічным склерозам чакаў абяцаных ад дзяржавы поручняў, у яго адняліся рукі.

Я дужа злуюся, бо пакуль у Менску пацыент з бакавым аміятрафічным склерозам чакаў абяцаных ад дзяржавы поручняў, у яго адняліся рукі. І я ня ведаю, што нам усім трэба зрабіць, каб сыстэма нарэшце запрацавала так, як яна мусіць працаваць. І каб праца дабрачынных арганізацый была дробным дадаткам да дзяржаўных праграм дапамогі, а не адзінай магчымасьцю для шмат каго атрымаць хоць якую падтрымку.

Я хацела скончыць тэкст пажаданьнем усім тых, хто мае дачыненьне да дабрачыннасьці, але насамрэч гэта пажаданьне ўвогуле ўсім: хай дабрачыннасьць будзе толькі радасьцю і ніколі ня будзе для некага апошняй надзеяй!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG