Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас з тымі, хто пратэстуе, канфліктаў няма», — бізнэсовец Ігар Анішчанка пра будоўлю каля Курапатаў


Дырэктар ЗАТ «Белцяжмаш» Ігар Анішчанка адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды, зьвязаныя з сытуацыяй вакол будоўлі ля Курапацкага ўрочышча.

— Чаму менавіта пляцоўку каля Курапацкага лесу ваша кампанія абрала для будаўніцтва офіснага цэнтру?

— Мы купілі на аўкцыёне ўчастак, кампанія купіла. Уласна кажучы, нейкіх там падводных камянёў, якія былі б зьвязаныя з тым, што гэта можа мець нейкія адносіны да Курапатаў, нават думкі нейкай пра гэта не было. У райвыканкаме і гарвыканкаме сказалі, што з гэтым няма ніякай сувязі. Таму распрацоўвалі праект і рабілі. А цяпер высьвятляецца, з аднаго боку, людзі пратэстуюць, кажуць, што там магла быць дарога тых, каго вялі на расстрэл. Ну, трэба, каб поўнасьцю разабраліся.

— То бок вы нават можаце спыніць будаўніцтва, адмовіцца ад гэтага праекту?

— Цяпер такая сытуацыя. Усе дазволы, працэдуры, якія існуюць у нашай дзяржаве і якія тычацца ўсіх, яны захаваныя. Усе дазволы, усё атрымана. Калі гэта сама працэдура няправільная, значыць трэба пераглядаць гэтую працэдуру.

— А як вы ставіцеся да пратэстаў супраць будаўніцтва? Такі канфлікт узьнік...

— У нас з тымі, хто пратэстуе, канфліктаў няма. То бок калі людзі выказваюць сваю думку, то гэта абсалютна выразна, што гэта іх права. Яны яе выказваюць, і нашы будаўнікі там дружна, разам знаходзяцца. То бок павінна ж быць нейкая яснасьць. Хто зьяўляецца рэгулятарам? Рэгулятарам зьяўляецца горад. Горад даў дазвол. Цяпер пратэсты накіраваныя супраць кампаніі нібыта, чаму яна будуе. Я дзейнічаю ў рамках закону, якія да мяне ў дадзеным выпадку прэтэнзіі? Праходзіла экспэртыза, быў акт выбару зямельнага ўчастку, гэта ж бюракратычная працэдура з 2013 году, калі ўчастак быў прададзены на аўкцыёне.

— Я ж разумею, што вы самі зь Беларусі?

— Канечне.

— То вы ж ведаеце, што такое Курапацкі лес?

— Так.

— Таму вы маглі меркаваць, што гэтае будаўніцтва можа выклікаць пратэсты. Яны ж там не аднойчы ўзьнікалі.

Цяпер, шчыра кажучы, я нават ня ведаю, што мы будзем рабіць

— Калі мы размаўлялі да ўсяго гэтага, нам казалі, што ніякіх праблем быць не павінна, што гэта нават ня зона рэгуляванай забудовы. То бок гэта зона, якая не адносіцца да гэтага. Бо няма ніякага сэнсу трывожыць памяць тых, хто пацярпеў у тыя гады. Гэта наш вельмі выразны падыход. А цяпер, шчыра кажучы, я нават ня ведаю, што мы будзем рабіць. Ня ведаю, якія будуць прынятыя рашэньні ў дадзеным выпадку. Неяк усё неадназначна.

— Вы ўладальнік шэрагу кампаніяў...

— Я прачытаў тое, што ў інтэрнэце пішуць. Ну, так усё перакруціць, тое, што я валодаю кампаніямі, гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Тое, што я прачытаў у інтэрнэце, я гэтага ня ведаў. Прамых адносінаў да праўды яно ня мае, гэта хлусьня. Гэта акцыянэрнае таварыства, там таксама іншыя акцыянэры. На пустым месцы ствараецца канфліктная сытуацыя. Мы ўжо і ў горадзе казалі: калі павінна быць нейкая гістарычная экспэртыза, значыць, яе трэба праводзіць да таго, як даваць дазвол на будаўніцтва. Атрымліваецца, што грамадзяне адной краіны — і іх як бы ўцягваюць у нейкае супрацьстаяньне. Гэтага не павінна быць. Мы ўсе робім адну работу. Тое, што там будаўнікі працуюць, ну, на будаўнікоў як бы... Тыя хлопцы, якія прыяжджаюць і там знаходзяцца ў палатках, ну ясна, пакуль дзень, яны там паасобку. А вечарам яны там усе разам.

— А ці абмяркоўвалася з грамадзкасьцю гэтае рашэньне пра будаўніцтва?

— Гэта ж абавязковая частка. Грамадзкія абмеркаваньні прайшлі. Іх праводзіў Савецкі райвыканкам. То бок усё было. Я на абмеркаваньні ня быў і не магу сказаць, як там было. Але па сутнасьці ніякіх пярэчаньняў не паступала. Ёсьць пратакол, там няма пярэчаньняў. Там няма прапановаў спыніць ці яшчэ што. Таму гэта як нейкая інфармацыйная нагода, каб нейкі нэгатыў выплюхнуць ці яшчэ што. Але ад гэтага грамадзтва не становіцца больш здаровым.

— Ёсьць грамадзкія арганізацыі, якія апякуюцца народным мэмарыялам і Курапацкім лесам. З гэтымі людзьмі вы гутарылі перад тым, як абраць гэты ўчастак?

— Насамрэч я такіх прамых адносін ня маю, але тыя, хто займаўся гэтым, адназначна абмяркоўвалі. Таму вам лепш пагутарыць з дырэктарам «Белрэканструкцыі». Мы дадзім увесь абʼём інфармацыі абсалютна адкрыта. І мы гэтак жа хвалюемся пра гістарычную спадчыну, якая ў нас ёсьць. Тут калі б хоць нейкі сумнеў быў, што там могуць быць парэшткі, то гэта адразу ж было б спынена. Але там, дзе будоўля, пракладзены ўсе сеткі. Там будоўля была ўжо 15 гадоў таму. За 15 мэтраў ад будоўлі жылы дом стаіць. Яго немагчыма пабудаваць, калі не зачапіць катлаванам саму будпляцоўку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG