Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дапамагала Беларусі грашыма менш, чым Гвінэі, Ярданіі і Кеніі


Уладзімер Пуцін, архіўнае фота

Паводле падлікаў (PDF) Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзыдэнце, Беларусь атрымала ад Расеі за 2011–2015 гады 7,05 млн даляраў фінансавай дапамогі — гэта толькі 13-е месца па аб’ёме расейскай дапамогі сярод краінаў сьвету.

У 2011 годзе Беларусь не атрымала прамой грашовай падтрымкі ад Расеі, у 2012-м — 0,11 млн даляраў, у 2013-м — 1,47 млн, у 2014-м — 2,5 млн, у 2015-м — 2,97 млн.

Праз наўпроставае фінансаваньне, двухбаковыя праграмы і сьпісаньне запазычанасьцей ад Расеі за гэты пэрыяд найбольш атрымаў Кіргізстан — амаль 653 млн даляраў. Сьледам ідуць Куба (звыш 537 млн), Паўночная Карэя (амаль 200 млн), Нікарагуа (каля 144 млн), Сэрбія (86,5 млн), Таджыкістан (79,5 млн), Армэнія (звыш 57 млн), Сырыя (53,5 млн), Гвінэя (амаль 30 млн), Ярданія (16 млн), Афганістан (амаль 13 млн) і Кенія (8,5 млн). Меней за Беларусь ад Расеі атрымалі Танзанія, Туніс, Азэрбайджан, Емэн, Марока, Судан, Намібія і Ўзбэкістан. Украіна ў сьпісе зусім не фігуруе.

Таксама чвэрць ад усёй фінансавай дапамогі Расеі замежжу складаюць унёскі ў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку звыш 311 млн даляраў у Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця, звыш 1 млн даляраў у Міжнародны валютны фонд, звыш 360 млн даляраў у інстытуцыі ААН. Усяго Расея дала замежжу дапамогі на 4,7 млрд даляраў за 2011-2015 гады.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што рэальная дапамога Расеі іншым краінам большая, бо аказваецца і за кошт скасаваньня экспартных мытаў на энэрганосьбіты (у прыватнасьці, для Беларусі і Армэніі). Таксама ня ўлічваюцца крэдыты — іх трэба вяртаць (калі ня сьпішуць).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG