Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вежливые люди» акупуюць Беларусь. Пакуль цацачныя


Расейскія цацкі «Вежливые люди» ў продажы ў менскім ЦУМе

У аддзеле цацак сталічнага ЦУМу прадаецца зборная мадэль «Сучасная расейская пяхота «Вежливые люди». Пастаўшчык цацак расейскай кампаніі Zvezda ў Беларусь — ААТ «Зорны час» — ніякага палітычнага падтэксту ў гэтым ня бачыць.

На вокладцы набора для мадэляваньня «Сучасная расейская пяхота „Вежливые люди“» — чатыры вайскоўцы ў чорных масках, касках, камуфляжы з аўтаматамі на фоне сучаснага расейскага браневіка «Тыгр», а таксама рыжы кот. Магчыма, той самы, які быццам бы гасьцінна сустрэў расейскіх «зялёных чалавечкаў» у Крыме і нават адліты ў бронзе — у Сымфэропалі паставілі помнік «Вежливым людям» з катом.

У каробцы з канструктарам — самі нефарбаваныя выявы памерам 5 сантымэнтаў, апісаньне цацкі і інструкцыя па зьбіраньні на расейскай і ангельскай мовах.

Апісаньне мадэлі такое: «Загадкавыя падразьдзяленьні зьявіліся ў Крыме ў канцы лютага 2014 году. Пазьней зьявіліся падазрэньні, што „Вежливые люди“ ўяўлялі сабой розныя падразьдзяленьні арміі РФ».

Вырабнік канструктара — расейская кампанія Zvezda, якая выпускае настольныя гульні і зборныя мадэлі.

Цацак гэтага расейскага вытворцы ў ЦУМе шмат — некалькі стэляжоў. Прадаюцца яны і на інтэрнэт-сайтах kapitoshka.by і modelkits.by.

Як сказала Свабодзе намесьніца загадчыка сэкцыі цацак ЦУМу Ірына, расейскія канструктары, машыны, самалёты ды іншыя цацкі, што вырабляе Zvezda, карыстаюцца попытам, добра прадаюцца. Супрацоўнікі сэкцыі, замаўляючы тавар, стараюцца аддаваць перавагу беларускім і расейскім вытворцам, а не кітайскім, бо ў Расеі і Беларусі больш жорсткія санітарныя нормы і патрабаваньні да цацак. На пытаньне, ці чытаюць самі прадаўцы інструкцыі, ці ведаюць, што прадаюць, адказала, што яны давяраюць пастаўшчыкам.

Таваразнаўца сэкцыі цацак ЦУМу Тацяна, прачытаўшы інструкцыю, была вельмі зьдзіўленая, пагадзілася, што набор «Вежливые люди» — з палітычным падтэкстам, забрала каробку з цацкай (на паліцы яна была адна) і паабяцала зьвязацца з пастаўшчыком.

Імпартэр цацак Zvezda ў Беларусі — адкрытае акцыянэрнае таварыства «Зорны час».

Дырэктар кампаніі «Зорны час» Аляксандар Духвалаў на пытаньне Свабоды, якім чынам ідзе адбор цацак для закупу, ці чытаюць пастаўшчыкі інструкцыі да іх, адказаў так:

«Народ мае права свабодна выбіраць. Калі людзей задавальняе тавар, яны яго бяруць, галасуюць гаманцом. А палітычнага падтэксту там ніякага няма, і ніхто не зьбіраецца прапагандаваць нейкую палітыку. Зьяўляюцца новыя падразьдзяленьні, новыя войскі, зьяўляюцца, да прыкладу, маджахеды ў Аўганістане — і выпускаюцца новыя цацкі, канструктары. Людзі, якія захапляюцца калекцыянаваньнем, мадэляваньнем, купляюць такія канструктары для сваіх мэтаў. Гэты чыста захапленьне, хобі. Гэта не нясе ніякай палітычнай афарбоўкі», — перакананы Духвалаў.

На заўвагу, што ў інструкцыі чорным па белым напісана пра «загадкавыя падразьдзяленьні», якія зьявіліся ў Крыме, пра тое, што «ветлівыя людзі» «ўяўлялі сабой розныя падразьдзяленьні арміі РФ», Духвалаў адказаў:

«Давайце не чапаць палітыку і акупацыю Крыму. Мы пастаянна кантактуем з мадэлістамі, і яны просяць вырабіць пэўныя наборы. І фабрыка гэта вырабляе. Я вас нават моцна засмучу, калі скажу, што такія ж самыя наборы прадаюцца ва Ўкраіне. Там ёсьць такое ж падразьдзяленьне Zvezda, як мы ў Беларусі, і прадаюцца свабодна такія ж наборы, калі ідзе грамадзянская вайна на Данбасе.

А вы нас спрабуеце прывязаць да нейкай палітыкі! Дый наагул, была адна пастаўка, каробак 20, гэтыя каробачкі нікому не патрэбныя, ніхто іх не купляе, а фэйсбук і Радыё Свабода спрабуюць прыпісаць нам нейкую палітыку. Мы да палітыкі ніякага дачыненьня ня маем».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG