Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зялёныя чалавечкі» па-за кампэтэнцыяй віцебскай міліцыі 


Севярын Квяткоўскі

«Квятковский по зелёным человечкам» — так завецца файл ліста, які мне даслалі за подпісам начальніка віцебскага ўпраўленьня ўнутраных спраў І.В. Кубракова.

Перад тым я зрабіў афіцыйны запыт на сайце Віцебскага аблвыканкаму па здымку, дзе ў віцебскім трамваі едуць маладыя людзі ў камуфляжы, трымаючы на плячы рэчы, падобныя да аўтаматаў Калашнікава.

Фота: facebook.com/DrugSyabarPS, цяпер старонка не існуе
Фота: facebook.com/DrugSyabarPS, цяпер старонка не існуе

Хтосьці напісаў, што, магчыма, на здымку расейскія вайскоўцы, якія прыбылі на вучэньні «Захад-2017». Хтосьці выказаўся што гэта проста страйкбалісты, якія «згубілі страх».

Страйкбол — гульня «у стралялкі», дзе падобная да сапраўднай гульнявая зброя страляе шарыкамі.

«Згубіць страх» — гэта ў публічным месцы дэманстраваць гульнявую зброю

«Згубіць страх» — гэта ў публічным месцы дэманстраваць гульнявую зброю, бо для неспэцыяліста яна на вока нічым не адрозьніваецца ад сапраўднай. А яшчэ быць пры гэтым у камуфляжы без апазнавальных знакаў.

«Саюз» саюзам, а за мяжой, у тым ліку ў Беларусі, расейскія вайскоўцы перасоўваюцца без апазнавальных знакаў.

У кожным разе відавочнае правапарушэньне, а таму я спытаўся ў Віцебскім аблвыканкаме, ці спраўдзілі ўлады, што гэта былі за людзі ў трамваі.

«Ваш электронны зварот... скіраваны вайсковаму камісару Віцебскай вобласьці і камандзіру вайсковай часьці № 52287. ...У зьвязку з тым, што органы ўнутраных спраў не надзеленыя правам кантролю за нашэньнем і абарачэньнем зброі ў дзяржаўных вайсковых фармаваньнях і ваенізаваных арганізацыях».

Нават калі яны рушаць захопліваць будынак той самай міліцыі.

То бок, па лёгіцы віцебскай міліцыі, хай сабе хоць увесь грамадзкі транспарт будзе забіты людзьмі ў камуфляжы і са зброяй (падабенствам да зброі), міліцыя нічога спраўджваць ня будзе: хто такія, куды і зь якой мэтай рушаць. Нават калі яны рушаць захопліваць будынак той самай міліцыі.

Прыведзенае вышэй фота ўскаламуціла на некалькі дзён беларускае сеціва. Адказ на пытаньне, хто гэта быў у трамваі, вісіць у паветры дагэтуль. Чым толькі павялічвае недавер і да міліцыі, і да войска.

Бо калі страйкбалісты — то знайсьці іх лёгка. А калі расейскія вайскоўцы — то палітычны скандал.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG