Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя, Польшча і краіны Балтыі пачалі разглядаць высылку расейскіх дыпляматаў, — The Guardian


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шэраг краінаў Эўразьвязу гатовы да выгнаньня расейскіх дыпляматаў у сувязі з атручваньнем у Вялікай Брытаніі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля, сьцьвярджае The Guardian.

Эўразьвяз ужо абвясьціў аб адкліканьні свайго амбасадара з Расеі ў сувязі са справай Скрыпаля. У заяве Эўразьвязу гаворыцца, што «абсалютна непрымальна» для дзяржавы выкарыстоўваць «атрутныя хімічныя рэчывы ў якасьці зброі пры любых абставінах». Блёк «будзе каардынаваць свае дзеяньні ў сьвятле адказаў, дадзеных расейскімі ўладамі», адзначана ў заяве лідэраў Эўразьвязу.

Вялікая Брытанія раней зьвярталася да эўрапейскіх лідэраў з просьбай выслаць зь іхных краінаў расейскіх дыпляматаў.

Некаторыя кіраўнікі дзяржаваў Эўразьвязу, напрыклад Грэцыі і Славаччыны, кажуць пра патрэбу ў «канструктыўным дыялёгу» з Масквой і сумневы наконт адказнасьці Крамля за атручваньне.

Але, паводле The Guardian, да выгнаньня расейскіх дыпляматаў гатовыя Францыя, Польшча, Літва, Латвія і Эстонія. Захады ў адказ на атручваньне абмяркоўваліся ў Брусэлі на абедзе саміту Эўрапейскай рады.

«Эўрапейская рада асуджае самым рашучым чынам нядаўні напад у Солсбэры, выказвае свае глыбокія спачуваньні ўсім, чыё жыцьцё было пад пагрозай, і аказвае падтрымку ў цяперашнім расьсьледаваньні», — пішуць у заяве па выніках саміту.

Вялікая Брытанія вырашыла выслаць расейскіх дыпляматаў і замарозіць актывы расейскіх алігархаў 14 сакавіка. Расея ў адказ 17 сакавіка выслала 23 брытанскіх дыпляматаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG