Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Букмэйкеры: «Беларускі ўкраінец» Alekseev амаль ня мае шанцаў на «Эўравізіі». Каму прагназуюць перамогу


©Shutterstock
©Shutterstock

Шэраг агрэгатараў ставак букмэйкерсіх кантораў ставіць прадстаўніка Беларусі — украінца пад псэўданімам Alekseev — у сярэднім на 21-е месца сярод удзельнікаў «Эўравізіі».

Калі Alekseev (сапраўднае імя Мікіта Аляксееў) раптам пераможа, можна добра зарабіць, але шанцы на гэта — 1 з 60, калі не 1 з 165. Невысокія нават шанцы прадстаўніка Беларусі на выхад у фінал: з паўфіналу выходзіць 10 краінаў з 19, а Беларусь ставяць у сярэднім на 14-е месца.

Летась стаўкі на перамогу беларусаў Naviband былі ня лепшымі, а то і горшымі: іх ставілі на 23–26 месцы, у выніку яны занялі 17-е месца ў фінале.

Alekseev выступіць 8-м у першым паўфінале конкурсу 8 траўня з англамоўнай песьняй «Forever» («Назаўжды»).

«Я беларускі сьпявак». Хто такі Alekseev, які прадставіць Беларусь на Эўравізіі

Расейка адмовілася ад фіналу беларускага адбору на «Эўравізію» праз украінца

У адборы на конкурс ён абышоў этна-электронны гурт Šuma, поп-сьпевакоў Napoli і Гюнэш. Ён перамог ня толькі ў галасаваньні журы, але і нібыта перамог у галасаваньні гледачоў — другі факт лічылі сумнеўным праз шырокую падтрымку Šuma ў сацсетках і на найпапулярнейшых парталах навінаў, а таксама праз прызнаньні ранейшых канкурсантаў у выкарыстаньні «накрутак» у галасаваньні.

Да таго ж Аляксеева злавілі на тым, што ён фактычна выконваў старую песьню, хоць правілы адбору патрабавалі новай. Але арганізатары не зьвярнулі на гэта ўвагі.

Хоць Беларусь будзе прадстаўляць украінец, у конкурсе паўдзельнічае і беларус — Аляксандар Рыбак, які ўжо перамагаў у конкурсе ў 2009 годзе, зноў прадставіць Нарвэгію. У другім паўфінале, што пройдзе 10 траўня, ён выканае англамоўную песьню «That’s How You Write А Song» («Вось так пішуцца песьні»). Паводле букмэйкераў, ён мае значна больш шанцаў на перамогу, чым Alekseev: Рыбака ставяць у сярэднім на трэцяе месца.

У суседзяў Беларусі шанцы на конкурсе ня значна лепшыя: Літву ставяць на 17–20 месцы, Украіну на 19–23 месцы, Расею на 25–27 месцы, Латвію на 29–33 месцы, Польшчу на 32–33 месцы.

Расею прадставіць Юлія Самойлава, якая летась не змагла выступіць на конкурсе: «Эўравізія» праходзіла ва Ўкраіне, Самойлаву туды адаслалі, ведаючы, што яна парушыла законы Ўкраіны, наведаўшы ў абыход украінскіх памежнікаў акупаваны Расеяй украінскі Крым.

Найбольш ставяць на перамогу прадстаўніцы Ізраілю Нэты Барзілай, якая сьпяе англамоўную (з двума радкамі на іўрыце) песьню «Toy» («Цацка») у першым паўфінале. Таксама шмат ставяць на прадстаўнікоў Кіпра, Нарвэгіі, Эстоніі, Францыі і Чэхіі.

Ізраіль не адзіная геаграфічна неэўрапейская краіна, якая ўдзельнічае ў намінальна эўрапейскім конкурсе. Сьпявацьме таксама прадстаўніца Аўстраліі Джэсіка Маўбой, якая ўжо выступала на «Эўравізіі» ў 2014 годзе. Букмэйкеры ставяць яе на 13–15 месца.

Большасьць удзельнікаў будзе сьпяваць на ангельскай мове, але сёлета на конкурсе прагучаць таксама альбанская, армянская, (у выкананьні эстонкі), літоўская, славенская, сэрбская і чарнагорская мовы.

Фінал конкурсу пройдзе 12 траўня ў партугальскім Лісабоне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG