Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіну аштрафуюць праз адмову пусьціць на Эўравізію расейскую сьпявачку


Сьпявачка Юлія Самойлава

Арганізатары конкурсу Эўравізіі аштрафуюць Украіну за адмову пусьціць у краіну расейскую сьпявачку Юлію Самойлаву. У Эўрапейскім радыётэлевізійным зьвязе заявілі, што дзеяньні Кіеву нанесьлі страты рэпутацыі конкурсу.

На Кіеў накладуць штраф праз затрымкі ў арганізацыі конкурсу.

Сума штрафу не называецца.

Юлія Самойлава мела прадстаўляць Расею на «Эўравізіі-2017» у Кіеве зь песьняй пра каханьне Flame Is Burning. Аднак 22 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла Самойлавай уезд ва Ўкраіну на тры гады. Гэта адбылося пасьля таго, як стала вядома, што яна заехала ў анэксаваны Расеяй Крым, парушыўшы ўкраінскі закон.

23 сакавіка EBU прапанаваў удзельнічаць Самойлавай у конкурсе Эўравізіі праз тэлемост. Але «Першы канал» адхіліў прапанову EBU аб дыстанцыйным удзеле Самойлавай, заявіўшы, што арганізатары павінны забясьпечыць выступ сьпявачкі паводле рэглямэнту. 17 красавіка Эўрапейскі радыётэлевізійны зьвяз (EBU), афіцыйна заявіў, што Расея ня зможа прыняць удзел у конкурсе «Эўравізія-2017».

Самойлава зь дзяцінства перасоўваецца на інвалідным вазку. У 13 гадоў ёй паставілі дыягназ «сьпінальная цягліцавая атрафія Вэрдынга-Гофмана». Гэта генэтычнае захворваньне, якое суправаджаецца парушэньнем працы цягліц. Самойлава — інвалід першай групы. Нягледзячы на гэта, яна неаднаразова ўдзельнічала ў розных конкурсах, а таксама выступала на адкрыцьці Паралімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе.

XS
SM
MD
LG