Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: «Спадзяюся, улады дазволяць шэсьце «Чарнобыльскі шлях»


Штогод ад 1989 году ў Беларусі 26 красавіка ладзіцца «Чарнобыльскі шлях» — шэсьце або мітынг у памяць аб аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Ад Чарнобыльскай катастрофы так ці іначай пацярпеў ці ня кожны беларус — каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі, забруджана ў заўважнай ступені каля 70% тэрыторыі краіны, на моцна забруджаных тэрыторыях жыве каля 12% насельніцтва.

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Cтаршыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў Свабодзе, што цяпер ствараецца арганізацыйны камітэт «Чарнобыльскага шляху», ідуць перамовы. У арганізацыі дакладна возьме ўдзел Партыя БНФ, плянуюць далучыцца БХД, «Зялёныя», рух «За свабоду» і іншыя. Заяўку пастараюцца падаць «як мага хутчэй», запэўнівае ён, каб быў час на перамовы з уладамі і падрыхтоўку.

«Фармат мы яшчэ разам ня вызначылі, таму не хачу загадзя казаць, — тлумачыць Кастусёў. — Ёсьць розныя прапановы і падыходы, але калі прымем узгодненую пазыцыю, агучым яе ў СМІ і пададзім заяўку ў гарвыканкам.

Чарнобыльскі шлях сам па сабе мае на ўвазе шэсьце — спадзяюся, улады яго дазволяць. Але ёсьць розныя варыянты, так прадказваць наперад нельга, казаць за ўлады. Бывала ўсялякае, на маёй памяці розныя варыянты былі».

Звычайна менскія гарадзкія ўлады дазвалялі шэсьце ў гадавіну аварыі на ЧАЭС ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы, што за Паркам дружбы народаў. Нярэдка напярэдадні дазволеных акцый здараліся прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў.

У 2017 годзе арганізатары прасілі зьмяніць маршрут (прапаноўваўся варыянт шэсьця ад Опэрнага тэатру да плошчы Бангалор), але ўлады дазволілі «традыцыйны» варыянт. Раней таксама ўладамі не прымаліся варыянты шэсьцяў ад плошчы Якуба Коласа і Кастрычніцкай плошчы. У 2011 годзе ўлады забаранілі шэсьце і дазволілі толькі мітынг у Парку дружбы народаў — арганізатары пагадзіліся.

Ад 2008 году да тэмы памяці Чарнобыльскай аварыі дадалася тэма небясьпекі будаўніцтва БелАЭС.

Самым масавым быў Чарнобыльскі шлях 1996 году (да 50 тысяч чалавек), які несанкцыянавана прайшоў па праспэкце Скарыны (цяпер Незалежнасьці). У сутыкненьнях зь міліцыяй пацярпелі каля 100 чалавек. Пасьля гэтага ўлады не дазвалялі ніякіх іншых варыянтаў, акрамя шэсьця ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў. Да 2006 году ўключна несанкцыянаваныя акцыі праходзілі ў іншых месцах.

«Чарнобыльскі шлях» у 1996 годзе
«Чарнобыльскі шлях» у 1996 годзе

На нядаўні Дзень Волі — 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — у Менску падавалі і заяўку на мітынг-канцэрт, і некалькі заявак на шэсьці. Ніводную заяўку на шэсьце гарадзкія ўлады не ўхвалілі, але мітынг-канцэрт дазволілі. Тых, хто быў у раёне плошчы Якуба Коласа ў час анансаванага пачатку несанкцыянаванага шэсьця, затрымлівала міліцыя, былі таксама прэвэнтыўныя затрыманьні. Вялікія мітынгі-канцэрты 25 сакавіка дазволілі ў Берасьці, Горадні і Слуцку, але забаранілі мітынгі ў Бабруйску і Магілёве. Агулам у Менску затрымалі каля шасьці дзясяткаў чалавек, па астатняй Беларусі — каля пяці дзясяткаў.

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч заявіў 27 сакавіка, што любая несанкцыянаваная акцыя будзе спыненая «хутка і эфэктыўна». У той жа дзень гэтая тэма ўздымалася падчас дакладу кіраўніка МУС Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які загадаў «імгненна спыняць любыя несанкцыянаваныя мерапрыемствы, якія перашкаджаюць жыць людзям».

«Бардак пачынаецца з гэтага, — казаў Лукашэнка пра несанкцыянаваныя акцыі. — Няхай у нас будзе недасканалы дзяржаўны лад, але мы павінны гарантаваць бясьпеку людзей. Усе павінны разумець і чуць, што гэта ня выдумка міліцыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG