Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе была «народная апазыцыя» 25 сакавіка


Стагодзьдзе БНР, Менск, 25 сакавіка 2018
Стагодзьдзе БНР, Менск, 25 сакавіка 2018

Якія палітычныя вынікі сёлетняга Дня волі? Нагадаю, што за некалькі тыдняў да 25 сакавіка сутыкнуліся два падыходы да адзначэньня, умоўна кажучы, канцэрт супраць шэсьця.

Ня буду паўтараць аргумэнты за адну і іншую пазыцыю, нагадаю толькі, што абодва падыходы грунтаваліся на пэўных гіпотэзах і прагнозах. Абодва бакі казалі не адно — на тым стаю і не магу інакш, але засноўвалі сваю пазыцыю на тым ці іншым бачаньні, як пойдуць ці могуць пайсьці падзеі.

Цяпер мы ведаем, як яны сапраўды пайшлі. Хіба гэта ня стала праверкай тых гіпотэзаў і меркаваньняў? Як казаў Гегель, практыка — крытэр ісьціны. І што паказаў гэты крытэр?

Прыхільнікі шэсьця казалі, што менавіта яны народная апазыцыя, у адрозьненьне ад «канцэртнай апазыцыі».

Прыхільнікі шэсьця казалі, што менавіта яны, прынцыповыя і маральныя, народная апазыцыя, у адрозьненьне ад «канцэртнай апазыцыі». Таксама прыгадвалася, што леташнія «антыдармаедзкія» пратэсты пачаліся з акцыі ў Менску 17 лютага, арганізаванай Міколам Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым.

Летась і сапраўды на тую акцыю прыйшло нечакана шмат — некалькі тысячаў чалавек. Ну а сёлета на Якуба Коласа — некалькі дзесяткаў. Людзі, якія былі сёлета затрыманыя на плошчы — гэта прыкладна былі ўсе, хто наагул на яе прыйшоў.

Дык гэта таму што ўлады забаранілі шэсьце, таму што запалохвалі людзей — скажа чытач. Дык забаранялі заўсёды і запалохвалі таксама. Але летась на 25 сакавіка прыйшло ўсё ж некалькі тысячаў чалавек. А сёлета — вось столькі.

Так, права людзей мірна прайсьці па сваім горадзе бясспрэчнае, так, улады паводзілі сябе на плошчы Якуба Коласа па-зьверску. Але напярэдадні 25 сакавіка арганізатары шэсьця нядвухсэнсоўна выказвалі спадзевы, што на іх заклік прыйдзе шмат людзей, што іх пратэст, дзякуючы вялікай колькасьці, стане важным палітычным чыньнікам. Пры гэтым меркавалася, што народны парыў да волі будзе такім моцным, што пераадолее, зламае супраціў сыстэмы.

Разьлік быў менавіта на гэта. Інакш нашто было памінаць менавіта леташнюю акцыю 17 лютага? Маглі б прыгадаць шэраг іншых, даволі малалікіх. Натуральна, што прыгадвалі пасьпяховую, а не адно маральна бездакорную.

Цуду ня здарылася.

Ну а цяпер памыліліся, недакладна разьлічылі грамадзкія настроі. Цуду ня здарылася. І гэта — факт, гэта аргумэнт у спрэчцы, што і як трэба было рабіць.

Калі б на плошчу Якуба Коласа 25 сакавіка сёлета прыйшло, скажам, 10 тысячаў чалавек (а хоць бы і 3-5 тысячаў), калі б прыйшлі насуперак пагрозам, запалохваньню, рызыцы, відавочна, што мы б сёньня абмяркоўвалі іншы Дзень волі. Але гэтага не адбылося.

Ну а да таго, што «пасьпявалі-патусаваліся» каля Опэрнага і ніякага выніку, то з гэтым можна і паспрачацца. Ацэнкі колькасьці людзей, якія туды прыйшлі, вельмі розныя, але ўсё ж на думку, па адчуваньні, многіх прыйшло вельмі шмат. Беспрэцэдэнтна шмат.

А магло ж яно атрымацца і інакш. Паслухаліся б многія, што гэты дзень — дзень пратэсту і гневу, а не «весялухі», дык і не пайшлі б да Опэрнага. І тады б усім было відавочным, што арганізатары мітынгу-канцэрту памыліліся, недакладна разьлічылі. А яны, як высьветлілася, збольшага правільна разьлічылі. І гэта — таксама факт, гэта аргумэнт у спрэчцы, што і як трэба было рабіць.

Маса народу, якая сабралася на круглую гадавіну незалежнасьці — сама па сабе моцнае пасланьне і грамадзтву, і ўладзе, і Захаду, і Расеі.

Такая маса народу, якая сабралася на круглую гадавіну незалежнасьці — сама па сабе моцнае пасланьне і грамадзтву, і ўладзе, і Захаду, і Расеі. Мяркую, што сёлетняе сьвяткаваньне Дня волі войдзе ў найноўшую гісторыю краіны, як «Менская вясна-96», першы «Чарнобыльскі шлях» і Плошчы. І насамрэч гэтаму будуць спрыяць і тыя, хто былі за шэсьце.

Праз год, праз 5 гадоў, тыя ж Мікола Статкевіч і Ўладзімер Някляеў будуць казаць — беларусы на стагодзьдзе БНР паказалі сябе, маючы на ўвазе менавіта тысячы людзей ля Опэрнага. А як інакш? Няўжо будуць зводзіць рахункі, прыгадваць, хто ў далёкім, тады ўжо паўзабытым, сакавіку 2018 году за што быў і пра што з кім дамаўляўся?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG