Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ходзіць да касьцёла, не балюе. Хто такі Алег Таргонскі — старшыня райвыканкаму, які выйшаў да пратэстоўцаў у Слоніме


Упершыню за месяц «Маршаў недармаедаў» да пратэстоўцаў выйшаў старшыня райвыканкаму. Удзельнікі нядзельнага «Народнага сходу» ў Слоніме адмовіліся ад запрашэньня ўладаў размаўляць у актавай залі, і кіраўнік раёну гадзіну адказваў на пытаньні з прыступак адміністрацыі.

«Маршы недармаедаў» праходзяць па ўсёй Беларусі ўжо больш за месяц. Шмат у якіх гарадах гэта найвялікшыя вулічныя пратэсты за апошнія гады. А ў Рагачове, як пішуць мясцовыя СМІ, «Марш недармаедаў» стаў першай акцыяй пратэсту ў горадзе за часы незалежнасьці.

«Марш недармаедаў» у Слоніме
«Марш недармаедаў» у Слоніме

За больш як 20 акцыяў пратэсту ў ніводным горадзе ўлады не змаглі абярнуць мітынгі на сваю карысьць. Найчасьцей да мітынгоўцаў падыходзіла міліцыя і паўтарала фразу: «Ваш мітынг несанкцыянаваны, мы вас пра гэта папярэдзілі».

У Рагачове дык увогуле ідэолягі мясцовых прадпрыемстваў прыйшлі на марш пад выглядам мінакоў. Яны даводзілі, што ў нізкіх заробках і малых пэнсіях людзі вінаватыя самі. А самым упартым пратэстоўцам цытавалі Леніна: «Жыць у грамадзтве і быць свабодным ад грамадзтва нельга».

Найбольш даступны для журналістаў старшыня

57-гадовы Алег Таргонскі, як і большасьць ранейшых кіраўнікоў раёну, трапіў у Слонім зь меншага гораду. У 2014-м яго перавялі сюды з пасады старшыні Сьвіслацкага райвыканкаму.

Мікола Канановіч
Мікола Канановіч

Незалежныя журналісты адразу адчулі, што новы кіраўнік адрозьніваецца ад папярэдніх. Усе старшыні выканкаму звычайна адмаўлялі незалежнай «Газеце Слонімскай» у камэнтарах. Маўляў, мы маем уласную газэту — дзяржаўны «Слонімскі весьнік» — і ўсю інфармацыю перадаём празь яе.

Таргонскі стаў першым кіраўніком раёну, які рэгулярна праводзіць прэсавыя канфэрэнцыі для мясцовых СМІ. Першую сустрэчу ён прымеркаваў да 100 дзён працы ў Слоніме. Запрасілі туды і журналістаў «Газэты Слонімскай».

«Таргонскі ў гэтым пляне больш дэмакратычны, — сказаў Свабодзе Мікола Канановіч, намесьнік галоўнага рэдактара „Газеты Слонімскай“. — Калі параўноўваць зь іншымі, гэта найбольш даступны для журналістаў старшыня. Цяпер і іншыя чыноўнікі больш ахвотна даюць камэнтары журналістам газэты».

Стаўленьне Таргонскага да газэты ніяк не паўплывала на складаныя ўмовы, у якіх ужо больш за 15 год існуе «Газета Слонімская». Як і пры мінулых кіраўніках, «Газету Слонімскую» і цяпер не прадаюць у шапіках «Белсаюздруку», а «Белпошта» яе не распаўсюджвае праз падпіску.

Адмовіўся пераяжджаць у Менск

На ўчорашняй сустрэчы Таргонскі ня раз паўтараў, каб людзі прыходзілі да яго ў выканкам. Нават у непрыёмныя дні ён гатовы зь імі сустрэцца.

У Слоніме кажуць, што старшыня часта праводзіць прыёмы і ў выканкаме, і сам прыяжджае на прадпрыемствы. Прычым не чытае там падрыхтаваныя лекцыі, а размаўляе зь людзьмі «па-чалавечы».

Кацярына Руткоўская, намесьніца старшыні райвыканкаму, на «Народным сходзе» 19 сакавіка
Кацярына Руткоўская, намесьніца старшыні райвыканкаму, на «Народным сходзе» 19 сакавіка

«Ён вядзе адкрытую палітыку ў параўнаньні з папярэднімі мэрамі, — сказаў Свабодзе Алесь Масюк, актывіст дэмакратычнай кааліцыі Слоніма. — Ён раздае на сустрэчах нумар свайго тэлефону. На чалавечым узроўні зь ім прыемна мець справу».

Для тых, хто знаў Таргонскага, сцэнар учорашняй сустрэчы быў цалкам прадказальны. Алесь Масюк кажа, што плян «Народнага сходу» дэмакратычная кааліцыя абмяркоўвала з уладамі. Чыноўнікі настойвалі, каб на плошчы ніхто не зьбіраўся, а людзі адразу ішлі ў актавую залю выканкаму. Аднак Масюк і Віктар Марчык, яшчэ адзін актывіст дэмакратычнай кааліцыі, сказалі, што зьбяруць людзей на плошчы Леніна. Бо так ужо было абвешчана. А з плошчы яны пойдуць да выканкаму.

Алесь Масюк
Алесь Масюк

«Мы прасілі, каб прадстаўнікі ўлады прыйшлі на плошчу, — кажа Масюк. — І Руткоўская (намесьніца Таргонскага. — РС) сапраўды прыйшла і запрасіла ўсіх у выканкам. Але перад выканкамам людзі сталі казаць, што ня пойдуць. Сустрэча атрымалася на прыступках».

Сваю палітычную карʼеру Алег Таргонскі мог працягнуць у Менску. У 2016 годзе Алег Таргонскі, паводле слоў Івана Шэгі, адмовіўся вылучацца дэпутатам у Палату прадстаўнікоў і пераяжджаць у Менск. Другі раз запар у парлямэнт ад Слоніма трапіла былая дырэктарка школы Ала Сопікава. Акурат яе прыводзяць у антыпрыклад Таргонскаму. Дэпутатка звычайна адмаўляе недзяржаўным журналістам у інтэрвію, а сустрэчы з выбарнікамі праводзіць фармальна.

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі на імшы ў касьцёле Сьвятога Андрэя. Фота catholic.by
Старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі на імшы ў касьцёле Сьвятога Андрэя. Фота catholic.by

Таргонскі «не балюе», як кажуць у Слоніме. Жыве ў арэндным доме на ўскраіне гораду. Хоць ён не нясе адказнасьці перад выбарцамі, як дэпутаты, але рэгулярна сустракаецца зь людзьмі. Часта яго можна пабачыць і на імшы ў касьцёле. І ня толькі на сьвяточных набажэнствах, дзе ён выступае з прамовамі па-беларуску як прадстаўнік улады. Ён прыходзіць у касьцёл і ў звычайныя дні як вернік.

Прадаваў салому замежнікам, езьдзіў на перамовы ў Ізраіль

Найлепш абазнаны Таргонскі ў сельскай гаспадарцы. У сваім родным Івейскім раёне ён працаваў аграномам, старшынём сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву «Лаздунскі», быў намесьнікам начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня Івейскага райвыканкаму. І цяпер у сваіх справаздачах ён звычайна пачынае са сфэры, якую ведае найлепш — з надояў і ўборкі збожжавых.

Алег Таргонскі на «Народным сходзе»
Алег Таргонскі на «Народным сходзе»

Неаднойчы са сваёй ініцыятывы Таргонскі прапаноўваў вельмі нестандартныя бізнэс-праекты ў сельскай гаспадарцы. Калі ўзначальваў Сьвіслацкі райвыканкам, салому, якая гніла на палях раёну, пачалі прадаваць як экалягічнае паліва. Набывалі сьвіслацкую салому замежныя інвэстары.

Потым Таргонскі задумаў прадаваць камяні, што ляжаць уздоўж лясоў.

«Вось салому ператварылі ў грошы — ёсьць задума ператварыць у грошы і камяні, — казаў Таргонскі „Эўрарадыё“ ў 2009 годзе. — Нашая зямелька іх выціскае. Пазьбіраць тыя, якія ёсьць у раёне: лес засьмечаны, на ўскрайках палёў ляжаць тыя бурты камянёў».

Адным з самых балючых пытаньняў у Слоніме застаецца аднаўленьне сынагогі XVII стагодзьдзя — найстарэйшага будынку ў горадзе. Мала хто чакаў, што старшыня райвыканкаму, які лепш за ўсё разьбіраецца ва ўраджаях і тлустасьці малака, адправіцца ў Ізраіль, каб знайсьці там грошы для аднаўленьня гістарычнага будынку.

У 2016 годзе Таргонскі зьезьдзіў у Ізраіль, дзе сустрэўся з кіраўніком слонімскага зямляцтва. Таксама ён правёў перамовы з прадстаўнікамі Слонімскай габрэйскай асацыяцыі ў Ізраілі і дамовіўся наконт іхняга ўдзелу ў рэстаўрацыі сынагогі. Пасьля рэстаўрацыі ў Слонімскай сынагозе мае разьмясьціцца музэй габрэйскай культуры.

«Паверце, усё будзе нармальна»

Пры ўсім пры тым Алег Таргонскі — чалавек вэртыкалі. Мясцовым грамадзкім актывістам, як і раней, адмаўляюць у арганізацыі хоць бы якіх мітынгаў. «Народны сход» у Слоніме адбыўся хутчэй па інэрцыі, зададзенай тымі «Маршамі недармаедаў», што праходзяць сёньня па ўсёй краіне.

Напярэдадні «Народнага сходу» на мясцовых прадпрыемствах і навучальных установах папярэджвалі, каб людзі не хадзілі на пратэст. Адразу пасьля «Народнага сходу» невядомыя людзі затрымалі Віктара Марчыка — аднаго з арганізатараў сходу. І гэта пры тым, што сам Таргонскі запэўніваў: праз удзел у сходзе ніхто ня будзе мець праблемаў.

Спантанны мітынг каля выканкаму 19 сакавіка

Нельга таксама сказаць, што на ўчорашняй сустрэчы слонімцы пачулі ад Алега Таргонскага нейкія нечаканыя рэчы. Ён апэруе звычайнымі чыноўніцкімі фразамі. Сёньня Свабода датэлефанавалася да старшыні выканкаму, але пачула стандартны набор адказаў: «Нармальная канструктыўная размова атрымалася зь людзьмі», «Так, ёсьць пытаньні, якія нам трэба вырашаць», «Кіраўнік дзяржавы, робіць усё, каб у краіне эканамічная сытуацыя вырашалася», «А ці так салодка ў нашых суседзяў?» «Сёньня, калі мы ня будзем шанаваць, што маем, грош нам цана. Паверце, усё будзе нармальна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG