Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдалося ўладам празь перасьлед грамадзкіх лідэраў зьбіць хвалю пратэстаў?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: На мінулыя выходныя ладзілася спроба арганізаваць акцыі «недармаедаў» у шэрагу гарадоў Беларусі. Аднак толькі у Слоніме ў нядзелю на мітынг сабралася каля 300 чалавек. А ў суботу прыблізна па два дзясяткі чалавек сабраліся на цэнтральных пляцах у Мазыры, Кобрыні і Сьветлагорску. У астатніх гарадах, у якіх прэзэнтаваліся акцыі — Лідзе, Наваполацку, Рэчыцы, Барысаве, Асіповічах, Горках, Жодзіне, Салігорску і Лунінцы, на заклік да пратэстаў ніхто не адгукнуўся. Магчыма, таму, што арганізатарам мерапрыемства выступіла нікому невядомая, ананімная арганізацыя «Рэвалюцыйнае дзеяньне».

Ці гэта азначае гэта, што акцыі пратэсту пайшлі на спад? Дарэчы, «марш недармаедаў» у Менску 15 сакавіка аказаўся не такі масавы, як чакалася. Каб рабіць дакладныя высновы, варта пачакаць. Паглядзім, як пройдзе акцыя на Дзень Волі 25 сакавіка.

Пасьля акцыі 15 сакавіка па ўсёй краіне было затрымана каля 70 чалавек, 54 зь іх прысуджаныя да адміністрацыйнага зьняволеньня на 15 сутак

Але трэба адзначыць, што даволі масавыя рэпрэсіі ўладаў паўплывалі на размах акцый. Паводле ацэнак праваабаронцаў, усяго з пачатку сакавіка за ўдзел у акцыях пратэсту было затрымана 204 грамадзянаў. Пасьля акцыі 15 сакавіка па ўсёй краіне было затрымана каля 70 чалавек, 54 зь іх прысуджаныя да адміністрацыйнага зьняволеньня на 15 сутак. Але арыштоўваюць не звычайных удзельнікаў пратэстаў, а лідэраў і актывістаў апазыцыі, арганізатараў, журналістаў, анархістаў. Працягваецца кампанія дыскрэдытацыі ўдзельнікаў акцыяў. У эфіры перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менску Іван Курбакоў заявіў, што ў затрыманых у менскім тралейбусе былі нажы і кастэты. Аднак падчас судоў над затрыманымі, якія былі адкрытыя, ніякай інфармацыі пра халодную зброю не гучала. То бок гэта фэйк, які не саромецца казаць высокі міліцэйскі чын.

І яшчэ. Ад імя арганізацыі «Белы легіён» распаўсюджваецца заклік да ўзброенага супраціву 25 сакавіка. Але хутка стала вядома, што іх акаўнт быў узламаны невядомымі хакерамі. Але ў той жа перадачы АНТ вядучы згадаў пра гэтыя заклікі, праўда, дадаўшы, што сама апазыцыя іх абвяргае. Але ж асадачак застаўся.

Цыганкоў: Думаю, сапраўды можна канстатаваць, што закончыўся пэрыяд пэўнай разгубленасьці, ці дакладней, проста абыякавасьці ўладаў да першых пратэстаў. І цяпер улада ўключыла напоўніцу свой адміністратыўна-ідэалягічны рэсурс. Варта зьвярнуць увагу на дзеяньні ўлады ў справе фармаваньня новай рэальнасьці ў сувязі з гэтым дэкрэтам.

Па-першае, дзейнасьць дэкрэту была прыпыненая на гэты год. Па-другое, чыноўнікі пайшлі ў народ. Мала таго што яны вядуць там агітацыю-прапаганду, яны яшчэ прымаюць рашэньні па тым, каб некаторых так званых дармаедаў вызваліць ад выплаты гэтага падатку ў сувязі зь цяжкімі ўмовамі жыцьця. Адмыслова ўнесьлі такія папраўкі. Уся гэтая дзейнасьць даволі шырока асьвятляецца дзяржаўнай прэсай. Такім чынам улада ідзе ў двух накірунках — і пугі, і перніка.

улада ідзе ў двух накірунках — і пугі, і перніка

Пернік — тое што я апісаў, пуга — гэта тое, што апісаў Валер, рэпрэсіі. І спалучэньнем гэтых двух мэтадаў улада спадзяецца зьбіць напал пратэсту. Наколькі гэта атрымаецца — варта паглядзець, як пройдзе акцыя 25-га, але ўсё ж такі яна спэцыфічная, гэта Дзень Волі, на які і без усялякіх дармаедзкіх дэкрэтаў кожны ход прыходзіць некалькі соцень ці тысячаў удзельнікаў. Калі дадаць да іх патэнцыйных новых удзельнікаў, абураных дэкрэтам, магчыма, прыедуць людзі з рэгіёнаў, то масавасьць гэтай акцыі будзе большая, чым звычайна.

пэўныя посьпехі ўлада будзе мець у тым выпадку, калі людзі альбо з-за страху, альбо з-за нежаданьня ня выйдуць на вуліцы

Але, зь іншага боку, спадзявацца на нейкія дзясяткі тысячаў таксама напэўна не выпадае на фоне дзеяньняў улады. Усе гэтыя дзеяньні сьведчаць, што ўлада ўспрыняла рух супраць дармаедзкага дэкрэту ўсур’ёз і, відаць, на сёньняшні дзень лічыць гэта галоўнай праблемай. Але пытаньне ў тым, як многія ўдзельнікі акцый кажуць, дармаедзкі дэкрэт — гэта толькі нагода, і большасьць выйшла на вуліцы, абураная сваім агульным эканамічным становішчам, пэрспэктывай і апошнімі дзеяньнямі ўлады ня толькі з нагоды дэкрэту.

Вось гэта нікуды не падзенецца пасьля і рэпрэсіўных, і лагодных дзеяньняў улады. Гэтая сытуацыя пакуль не мае прыкметаў паляпшэньня і ясна, што толькі адным дэкрэтам уладзе не ўдасца зьбіць менавіта само незадавальненьне. Іншая справа, што пэўныя посьпехі ўлада будзе мець у тым выпадку, калі гэтыя людзі альбо з-за страху, альбо з-за нежаданьня ня выйдуць на вуліцы.

Дракахруст: Я згодны, што сапраўды два галоўных фактары паўзьдзейнічалі. Першы — я б яго паставіў на першае месца — гэта прыпыненьне дэкрэту, і другі — рэпрэсіі. Рэпрэсіі ня самыя маштабныя. У нас на сайце зьявіўся матэрыял — хроніка самых буйных рэпрэсіяў. Там адзначаецца, што ў 2011 годзе, падчас «маўклівых пратэстаў» пад іх патрапіла 1200 чалавек. А тут 200 і па ўсёй краіне. Але так выглядае, што рэпрэсіі ўсё ж крышачку зьбілі гэты напал, прынамсі, тэндэнцыю да пашырэньня пратэстаў. Сказаць, што з кожным разам падымаецца людзей больш — гэта ня так.

У Менску 15 сакавіка прыйшло калі ня менш, то прыкладна столькі ж, колькі на самым пачатку «маршаў недармаедаў», а менавіта падчас першага маршу 17 лютага. Прыйшло прыкладна столькі ж. Таму дынаміка не назіралася.

людзі ўсё ж такі гатовыя пратэставаць нават у такіх гарадах і без пэўнай арганізацыі

У пэўным сэнсе працягвае пашырацца геаграфія — у мінулыя выходныя акцыі прайшлі ў Мазыры, Кобрыні, Сьветлагорску, Баранавічах, Слоніме. Усё ж такі прыйшло хаця некалькі дзясяткаў ці некалькі чалавек у гарадах новых, якія не закраналіся гэтай хваляй. І ў гарадах, у якіх ніколі дзесяцігодзьдзямі нічога не адбывалася. А тут усё ж такі прыйшло некалькі чалавек, і прычым на заклік нікому не вядомай суполкі «Рэвалюцыйнае дзеяньне». Экспэрты кажуць, што гэта хутчэй за ўсё анархісцкія структуры.

Цікава, што, з аднаго боку, на заклік увогуле невядома каго ў правінцыйных, адносна малых гарадах прыйшло хоць некалькі чалавек. Гэта значыць, што гэтая хваля, калі нават яна спадае, то не імгненна, не да нуля адразу. Гэта значна, што людзі ўсё ж такі гатовыя пратэставаць нават у такіх гарадах і без пэўнай арганізацыі.

А другі момант, які мне падаўся важным: што ўсе гэтыя размовы пра тое, што пратэст спантанны, што яго падрыхтоўка адбываецца выключна празь абмеркаваньне ў інтэрнэце абвяргаецца падзеямі мінулых выходных. У Слоніме акцыю арганізавала мясцовая апазыцыйная грамадзянская кааліцыя. І вынік усё ж такі быў, прыйшло 300 чалавек, гэта вельмі нямала для Слоніма. А дзе арганізатар невядомы, дзе ён цалкам інтэрнэт-зьява — там атрымалася, як у Мазыры і Кобрыні.

Назіраецца своеасаблівы парадокс: ёсьць апазыцыя, яна вядома да чаго заклікае, і ёсьць просты народ, якому нібыта ўсе гэтыя свабоды, дэмакратыя, Эўропа абыякавыя. А цікавяць народ выключна заробкі, праца і г. д. Вонкава так здаецца.

Але выходзяць на пратэст тыя, каго нібыта цікавяць адно заробкі, на заклік той самай апазыцыі. Людзі прыходзяць на заклік тых, каго яны ўсё ж такі ўспрымаюць як легітымных лідэраў пратэсту. І хоць размовы падчас мітынгу ў Слоніме ішлі пра тыя ж заробкі, пра беспрацоўе, але прагаласавалі за рэзалюцыю, дзе і дэмакратыя, і сумленныя выбары ёсьць. Так што гэта цікавая сытуацыя, калі людзі нібыта змагаюцца за адно, а ідуць за іншымі, прынамсі за тымі, хто не толькі за гэта.

Цыганкоў: Можа быць ня менш паказальная сытуацыя ў Баранавічах, дзе людзі сабраліся, некалькі дзясяткаў прыйшло, але паколькі не знайшлося тых самых лідэраў, ніхто не ўзяў слова, мітынг і не адбыўся. Усе пастаялі і разышліся.

Карбалевіч: Чарнавус у кутузцы сядзеў у гэты час.

Цыганкоў: Лідэры сядзелі, зь Менску не прыехалі, і вось паказальны прыклад, калі без іх проста нічога не адбылося.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG