Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму згасьлі пратэсты прадпрымальнікаў летась? Зь «недармаедамі» будзе так жа?


Ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Гомелі 19 лютага 2017 году

У пачатку 2016 году ў Беларусі адбылася масавая забастоўка прадпрымальнікаў і мітынгі пратэсту супраць указу № 222, які рабіў працу адных прадпрымальнікаў значна цяжэйшай, іншых жа фактычна пазбавіў працы.

Але пасьля шэрагу мітынгаў, канфэрэнцыяў і паседжаньняў з прадстаўнікамі міністэрстваў пратэсты пайшлі на спад, потым і зусім сьціхлі, хоць указ не скасавалі, а толькі мадыфікавалі. Што сталася з пратэстнымі настроямі?

Шумчанка: «Людзі зразумелі, што справа не ў 222-м указе»

Старшыня аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка кажа Свабодзе пра тое, што пратэст зьмяніўся безнадзейнасьцю, а колькасьць прадпрымальнікаў хоць скарацілася (на 3,1% за 2016 год), але ня стала роўнай нулю:

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Як пратэставаць супраць 222-га ўказу? Людзі сёньня зразумелі, што справа не ў 222-м указе. Тое самае, як пратэставаць супраць дэкрэту № 3: быў 222 — будзе 223, быў № 3 — будзе № 4. Тут сама палітыка дзяржавы, уладаў. Мне здаецца, да людзей прыходзіць разуменьне, што справа не ва ўказах і дэкрэтах, а ў стаўленьні ўладаў да свайго народу.

Калі б былі сур’ёзныя крокі, напрыклад, масавыя канфіскацыі, то пратэст бы мы пабачылі. Але пакуль не назіраем. Вядома, неспакойна, страшна за будучыню прадпрымальнікаў, але іх на вуліцу выводзіць большы страх. Страх, што забяруць, што пазбавяць працы».

Улады ішлі на перамовы з прадпрымальнікамі на канфэрэнцыях, склікалі рабочыя групы з удзелам прадстаўнікоў прадпрымальнікаў. Ці ня гэта суцішыла пратэсты?

«Ай, не-е-е! Мы ж ня можам пастаянна жыць на вуліцы, пратэставаць. Стала зразумела, што ўказ 222 — гэта Лукашэнка. Што там улады прыйшлі, дыялёгаў навялі, то не, людзі ўсё роўна стаяць на пазыцыях, што гэты ўказ антыпрадпрымальніцкі, што яго трэба скасоўваць. Гэта не заслуга ўладаў, што сёньня няма пратэстаў. Яны будуць зноў, калі зноў пачнуцца канфіскацыі ці нейкія брутальныя дзеяньні ўладаў».

Шрайбман: «Склаліся чатыры фактары»

Палітычны аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман згадвае, што калі колькасьць пратэстоўцаў на вуліцах скарацілася з тысячы да пары соцень, Шумчанка вырашыў не працягваць вулічны пратэст. Шрайбман кажа, гэта было слушнае рашэньне, бо «малая колькасьць хутчэй шкодзіць». А ў тым, што пратэсты згасьлі, ён бачыць суму некалькіх фактараў:

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

«Па-першае, улады рабілі выключэньні па шматлікіх групах прадпрымальнікаў, не ўжывалі практычных санкцыяў, дзе-нідзе можна было перамагаць у судах. У людзей быў розны градус незадаволенасьці — камусьці гэтага было дастаткова, каб супакоіцца.

Па-другое, трэба разумець, што да канца засталіся толькі самыя трывалыя. Трэба разумець, што розныя ўказы і нарматывы супраць прадпрымальнікаў прымаліся і адкладаліся некалькі год. І штораз, калі рабіліся новыя выключэньні і саступкі, ад пратэстаў адсякаліся новыя пласты патэнцыйных удзельнікаў.

Па-трэцяе, былі суб’ектыўныя памылкі арганізатараў пратэстаў. У прынцыпе, тактычна слушны крок для апазыцыі — асядлаць гэтую нездаволенасьць. Але тады сытуацыя была скарыстаная не найлепшым чынам. Я быў на тых мітынгах, памятаю, як, акрамя прадпрымальніцкага парадку дня, на іх спрабавалі агітаваць за ідэі, якія не былі блізкія большасьці тых, хто выйшаў тады на плошчу супраць указу: там незалежнасьць Беларусі, барацьба з „рускім мірам“, беларуская мова, вольныя выбары... Людзі прыйшлі пратэставаць супраць канкрэтнага нарматыўнага акту, парадак дня пашыралі, а некаму гэта не спадабалася. На пару мітынгаў прыходзілі людзі з „георгіеўскімі стужкамі“, каб паказаць лідэрам пратэстаў, што яны тут не для таго, каб ваяваць з „русским миром“.

Трэба разумець, што людзі выходзяць на плошчу ня дзеля таго, каб проста выйсьці на плошчу. Яны спрабуюць чагосьці дамагчыся. Калі яны бачаць, што ўлады недзе ўперліся рогам і што далей, колькі разоў ты ні выходзь, гэта не павядзе да вялікіх саступак (а тады ўлады паказалі сябе дастаткова жорсткімі), то спадае матывацыя. Адчуваеш, што б’есься галавой аб лёд, нічога не мяняецца, і проста з часам ты стамляесься ад пратэстаў».

Зь «недармаедамі» будзе так жа? Шрайбман: «Магчыма». Някляеў: «Не»

Пакуль акцыі пратэсту незадаволеных «дэкрэтам пра дармаедаў» не згасаюць. Нават пасьля таго, як дзеяньне дэкрэту прыпынілі, пратэсты працягнуліся, «недармаедаў» заклікаюць на далейшыя пратэсты.

Чым скончыцца гэтае процістаяньне, невядома. Шрайбман лічыць, што могуць згаснуць і пратэсты «недармаедаў», але ўжо зь іншых прычын:

«Тут парадак дня пратэсту вельмі шырокі сам па сабе. Ёсьць неўзаранае поле працы з тым, праз што людзі выходзяць пратэставаць: беспрацоўе, закрыцьцё прадпрыемстваў, малыя заробкі... Дэкрэт, відавочна, стаў трыгерам: ён, канечне, важная, але не адзіная прычына пратэстаў.

Калі пратэст вытхнецца — а мой прагноз, што хутчэй за ўсё так і будзе, — то гэта будзе ня толькі „дзякуючы“ жорсткай рэакцыі ўлады, але і таму, што хоць дэкрэт прыпынілі, астатнія пункты пратэсту не вырашаюцца адным валявым рашэньнем уладаў. Нельга сказаць, што я вось выдаю ўказ, каб усе былі працаўладкаваныя. Усе разумеюць, што гэта нерэалістычна.

Гэта значыць, што пратэст становіцца гэткім „пратэстам эмоцыяў“, крыкам душы, а не пратэстам дзеля канкрэтнай мэты. А ад эмоцыяў людзі схільныя пазбаўляцца, пасьля таго як імі выбухнуць. Я думаю, калі зь цягам часу яны пабачаць, што дыяпазон саступак з боку ўлады скончыўся, а на поўнае скасаваньне дэкрэту, як было з ІП-шнікамі, улады ня хочуць ісьці, гэта можа дэматываваць частку пратэстоўцаў. Можа прывесьці да высновы, што, акрамя нейкага сілавога процістаяньня з уладамі гэта ні да чога прывесьці ня можа. Таму частка пратэстоўцаў можа „адваліцца“. І такое магчыма, а я лічу, нават верагодна».

З гэтымі высновамі не пагаджаецца палітык Уладзімер Някляеў, які адпачатку падтрымліваў пратэсты «недармаедаў». Ён мяркуе, што ўлады цяпер ня ў той эканамічнай сытуацыі, каб задаволіць пратэстоўцаў, а гвалтоўна разганяць дэманстрацыі ня могуць сабе дазволіць, бо чакаюць падтрымкі Захаду, у тым ліку крэдыту МВФ і прэфэрэнцыяў ад сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«Сытуацыя, пры якой сталі пратэставаць прадпрымальнікі, прынцыпова адрозная ад той, што склалася на сёньня. На той момант у рэжыму былі магчымасьці суцішваць незадаволенасьць і пратэсты, бо на тое былі, найперш матэрыяльныя, сродкі. Сёньня гэтых сродкаў няма. Рэжым ня можа тымі мэханізмамі, якімі залагоджваў народ раней, залагодзіць яго цяпер. Ня можа вытрымаць сацыяльную дамову, якая існавала доўгі час, бо аплочвалася грашыма Расеі — прэфэрэнцыямі на нафту, паліва і гэтак далей.

Па-другое, пратэсты „недармаедаў“ перарасьлі ў палітычныя пратэсты, чаго не было ў прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі баяліся, што дачыненьне да палітыкі наўпрост выкліча рэпрэсіі адносна іх: могуць забраць іх маёмасьць, чым яны гандлююць, што маюць за гэты гандаль. Сёньня такога нямашака.

А галоўнае, што сёньня гульні Лукашэнкі, які дзеля ўтрыманьня ўлады надумаў ісьці двума шляхамі, адзін зь якіх выключае другі, далі грамадзтву зразумець, што рэжым недзеяздольны ня толькі эканамічна, але і палітычна. Гэтае разуменьне паглыбляецца, як бы ні спрабавала ўлада зьменшыць хвалю пратэстаў.

Трэба прызнаць, ёй удаецца проста шалёная, глумлівая прапаганда, дзе дыскрэдытуюцца чальцы апазыцыі і тыя, хто гатовыя выйсьці на пратэст. Але як бы ўлада ні старалася, нічога не атрымаецца. Канечне, могуць запалохаць, могуць зьбіць пратэстныя настроі на пэўны час, але ў прынцыпе сытуацыю зьмяніць нельга. Грамадзтва будзе ціснуць на рэжым, каб ён пайшоў на „круглы стол“. А калі пойдзе, ня трэба будзе больш страшыць людзей: свабодныя выбары — і кветкі да рэзыдэнцыі чалавека, які знойдзе сілы на гэта пайсьці».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG