Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бойка ля рэстарацыі ў Курапатах. ФАТАФАКТ


Актывісты спрабуюць затрымаць супрацоўніка рэстарацыі, які назваўся Дзьмітрыем

Каля рэстарацыі «Поедем поедим», дзе працягваецца акцыя пратэсту абаронцаў Курапатаў, удзень 7 чэрвеня паміж супрацоўнікам рэстарацыі, які назваўся Дзьмітрыем, і актывістамі завязалася бойка.

Дзьмітры з жанчынай, якая адмовілася прадставіцца, выйшлі з тэрыторыі рэстарацыі і пачалі здымаць плякаты з партрэтамі забітых, якія сёньня былі наклееныя на плот забаўляльнага цэнтру, але актывісты іх адагналі бяз боек. Праз паўгадзіны Дзьмітры зноў пачаў зрываць плякаты, завязалася бойка з абаронцамі Курапатаў.

Актывісты сьцьвярджаюць, што Дзьмітры напаў на іх у стане алькагольнага ап’яненьня, спрабавалі затрымаць яго, каб перадаць міліцыі, але ўрэшце адпусьцілі.

Рэжысэр Аляксей Туровіч пайшоў пісаць заяву на працаўніка рэстарацыі, але адмовіўся сядаць у міліцэйскую машыну — бяз гэтага міліцыянты адмовіліся прымаць заяву аб нападзе.

Шуневіч пра рэстарацыю ля Курапатаў: «Буфэрам паміж бакамі ня будзем»

Па стане на 14.30 нікога з удзельнікаў бойкі не затрымлівалі — толькі да бойкі перапісалі пашпартныя зьвесткі пратэстоўцаў, склалі пратакол на сустаршыню БХД Паўла Севярынца.

Пра адказнасьць актывістаў папярэдзіў намесьнік начальніка УУС Менаблвыканкаму — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўнік міліцыі​ Віталь Казлоў. Яго, у сваю чаргу, папярэдзіла пра адказнасьць актывістка Натальля Гарачка.

«Бульбаш-хол» быў збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў — межы той зоны пасунулі ўжо пасьля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «карчмы на костках», лічаць будаўніцтва незаконным і амаральным, патрабуюць «музэй, а не шынок».

Курапаты. Асноўнае: хто расстрэльваў, колькі расстралялі, хто ўшаноўвае памяць

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня. 6 чэрвеня міліцыя не дала пікетоўцам паставіць намёт.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да блізкага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарана супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG